
Завяршаецца футбольны чэмпіянат Беларусі. Чэмпіён і прызёры вызначыліся загадзя, таму матчы апошняга тура сталі пераважна фармальнасцю.
Сярэбраны прызёр менскае «Дынама» прымала новаспечанага чэмпіёна – віцебскі МЛ – каманды разышліся мірам – 1:1. Бронзавы лаўрэат – мазырская «Славія» завяршыла турнір на мажорнай ноце, у гасцях адолеўшы «Віцебск» – 3:0.
Гарадзенскі «Нёман» першым з беларускіх клубаў праводзіў гістарычны 1000-ы матч у вышэйшай лізе. Але завяршыў яго абсалютна няздарна, прайграўшы 0:2 прысталічнай «Іслачы». У выніку каманда Ігара Кавалевіча заняла толькі 8-е месца ў чэмпіянаце.
Вызначыўся і няўдачнік, які правядзе стыкавыя матчы за права застацца ў мацнейшым дывізіёне. Гэта ФК «Смаргонь», які прайграў на выездзе «Гомелю» 1:3. За права застацца ў вышэйшай лізе “Смаргонь” пазмагаецца з бабруйскай “Белшынай”.
Лепшым бамбардзірам чэмпіянату стаў Аляксандр Шасцюк з «Іслачы» – 17 галоў. Толькі на мяч адстаў ад яго форвард мазырцаў Андрэй Салавей.
Беларускае Радыё Рацыя





