Пачынаем з футбола. Сёння, 1 жніўня, завершыцца другі кваліфікацыйны раўнд ў еўрапейскіх кубках. Галоўная нашая ўвага будзе прыкаваная да гульні гарадзенскага «Нёмана» супраць румынскага «ЧФР» з Клужа. Намінальная хатняя гульня падапечных Ігара Кавалевіча адбудзецца на нейтральным полі ў венгерскім Дз’ёры а 20-й гадзіне па агульнаеўрапейскім часе, па беларускім на гадзіну пазней. Нагадаем, што тыдзень таму каманды разышліся безгалявою нічыёю.
Таксама сёння ў ізраільскім горадзе Петах-Ціква пройдзе гульня ў адказ у Лізе Еўропы паміж мясцовым «Макабі» і партугальскай «Брагай». У гэтай сустрэчы вызначыцца патэнцыйны супернік «Нёмана» ў наступным раўндзе, у выпадку іх праходу. Першая гульня ў Партугаліі была 2:0 на карысць гаспадароў.
У рамках гэтага ж турніра сёння ў Вене чакаецца сустрэча мясцовага «Рапіда» і кракаўскай «Віслы», браму якой абараняе беларус Антон Чычкан. Першая гульня ў Кракаве была на карысць аўстрыякаў 2:1.
Агулам сёння чакаецца 9 сустрэч у Лізе Еўропы і 37 у Лізе канферэнцый. Яшчэ ў адной украінскаму «Дняпро-1», з-за зняцця з турніра ў выніку эканамічных праблемаў, залічаная тэхнічная параза на карысць венгерскай «Акадэміі Пушкаша».
Пераносімся ў алімпійскі Парыж. Напярэдадні ў напружаным матчы 1/4 фінала жаночага тэніснага турніра ў адзіночным разрадзе ўкраінка Марта Касцюк саступіла ў сустрэчы, якія доўжыліся 3 гадзіны, харватцы Донне Векіч (4:6, 6:2, 6:7). Сёння ўвечары тая згуляе за выхад у фінал са славачкай Аннай-Каралінай Шмідлавай. Першы ж паўфінал з удзелам полькі Ігі Свёнтэк і кітаянкі Сінвень Жэнь ужо закончыўся з лікам 2:0 не на карысць першай ракеткі сусветнага рэйтынгу. Тая змагла навязаць барацьбу Сінвэнь толькі ў другім сэце (2:6, 5:7).
Акурат у гэтыя хвіліны пачынаюць свой чвэрцьфінальны паядынак у парным разрадзе сёстры-ўкраінкі Людміла і Надзея Кічэнок супраць гішпанак Сары Сарыбес-Торма і Крысціна Букшы.
Пра выступленне на алімпіядзе беларускіх спартоўцаў. 17-гадовая беларуска Дар’я Чупрыс завяршыла выступленне на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. У кваліфікацыі стральбы з малакалібернай вінтоўкі на дыстанцыі 50 м з трох палажэнняў Чупрыс паказала 24-ы вынік. Выбітыя 579 ачкоў не дазволілі ёй выйсці ў фінал, куды з 32 спартсменак патрапілі толькі 8.
Плаўчыха Анастасія Шкурдай прабілася ў паўфінал алімпійскай 200-метроўкі на спіне. У сваім заплыве Анастасія фінішавала трэцяй. Гэтага хапіла для пападання ў топ-16. Паўфінальныя заплывы пройдуць сёння ўвечары.
Тым часам сёння прайшлі паўфіналы ў заездах адзіночак у акадэмічным веславанні. Там Таццяна Клімовіч развіталася з шанцамі на медаль, а Яўген Залаты прабіўся ў фінал. У паўфінале ў адзіночцы на 2000 метраў Таццяна паказала 5-ы вынік з 6. Барацьбу ў фінале працягвае толькі тройка найлепшых. А вось Яўген Залаты фінішаваў другім у сваім паўфінале і паказаў час — 6 хвілін 39,01 секунды. Розыгрыш медалёў у мужчын у гэтым відзе адбудзецца 3 жніўня.
На дадзены момант у медальным заліку лідзіруе Кітай з 11 залатымі медалямі, на другім і трэцім месцы размясціліся гаспадары гульняў і Японія, кожныя з 8 медалямі вышэйшага гатунку. У Польшчы па-ранейшаму тры медалі. У беларускай капілцы пакуль пуста.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя