Нацыянальная зборная Беларусі вызначылася са складам на першыя кантрольныя матчы новага сезона. Сярод 24 выкліканых гульцоў ёсць прадстаўнікі Гародні і Берасця — брамнік Максім Бялоў з “Нёмана” і абаронца Максім Касараб з берасцейскага “Дынама”.

Галоўны трэнер Карлас Алос таксама ўключыў у склад вядомых гульцоў: Лісаковіча з “Балтыкі”, Эбонга з “Астаны” і Баркоўскага з польскай “Пушчы”. Першы матч беларусы правядуць 20 сакавіка ў Душанбэ супраць Таджыкістана, а 25 сакавіка сустрэнуцца з Азербайджанам у Баку. Беларусь зараз займае 98-е месца ў рэйтынгу ФІФА, Таджыкістан знаходзіцца на 104-й пазіцыі, а Азербайджан — на 117-й.
Душан Бакіч вяртаецца ў менскае “Дынама”
Чарнагорац Душан Бакіч зноў стане часткай менскага “Дынама”. Інфармацыя з’явілася ў афіцыйным дадатку АБФФ Belarus Football. Бакіч ужо меў паспяховы досвед выступаў за “бела-блакітных” — на яго рахунку 64 афіцыйныя матчы, у якіх ён забіў 24 галы і аддаў 16 выніковых перадач. Вяртанне форварда можа стаць сур’ёзным узмацненнем для менчукоў у новым сезоне.
Вызначыліся пары чвэрцьфіналаў Лігі Канферэнцый
Лёсаванне Лігі Канферэнцый падарыла некалькі цікавых супрацьстаянняў у 1/4 фіналу. “Беціс” сустрэнецца з беластоцкай “Ягелоніяй”, а пераможца гэтай пары выйдзе на мацнейшага ў дуэлі “Цэле” — “Фіярэнціна”. Цікава, што ў “Цэле” працуе беларускі трэнер Іван Маеўскі. У другой частцы сеткі “Чэлсі” згуляе супраць “Легіі”, у складзе якой выступае Ілля Шкурын, але ён не зможа дапамагчы камандзе з-за пазнейшай рэгістрацыі. Пераможца гэтай пары сустрэнецца з лепшым у матчы “Юргордэн” — “Рапід”. Чвэрцьфінальныя гульні адбудуцца 10 і 17 красавіка.
Беларусы на лёдзе: поспех Калячонка, няўдача Леўшунова і заканчэнне серыі Протаса
“Піцбург” працягвае пераможную серыю ў НХЛ — трэцяя запар вікторыя на рахунку “пінгвінаў”. У матчы супраць “Сент-Луіса” (5:3) беларус Уладзіслаў Калячонак выйшаў у першай пары з Крысам Летангам, правёў на лёдзе 16 хвілін і заблакаваў адзін кідок. У гэтым сезоне ён адыграў ужо 28 матчаў, набраў 5 (2+3) балаў, але пакуль мае паказчык карыснасці -10.
У “Чыкага” Арцём Леўшуноў быў блізкі да першага голу ў НХЛ, але шайба трапіла ў штангу. “Чорныя ястрабы” прайгралі “Сан-Хасэ” 2:4. Леўшуноў правёў на лёдзе больш за 20 хвілін, зрабіў кідок і адзін блок, але завяршыў матч з паказчыкам карыснасці -2.
Аляксей Протас не змог працягнуць сваю выніковую серыю. Яго “Вашынгтон” прайграў “Лос-Анджэлесу” з лікам 0:3. Протас гуляў у другім звяне, але не нанёс ніводнага кідка і завяршыў матч з паказчыкам -1. У гэтым сезоне на яго рахунку 58 (28+30) ачкоў у 66 матчах.
Сабаленка блізкая да тытулу на прэстыжным турніры ў Індыян-Уэлсе
Арына Собаленка працягвае сваё пераможнае шэсце на турніры WTA-1000 у Індыян-Уэлсе з прызавым фондам $8,9 млн. У чвэрцьфінале першая ракетка свету перамагла 25-ю ў рэйтынгу Людмілу Самсонаву з Расеі — 6:2, 6:3. У паўфінале беларусцы будзе супрацьстаяць 5-я ракетка свету амерыканка Мэдзісан Кіз.
Беларускія баскетбалісты застануцца без міжнародных турніраў да траўня 2026 года
Беларускім баскетбольным камандам давядзецца пачакаць яшчэ найменьш год, каб вярнуцца на міжнародную арэну. Міжнародная федэрацыя баскетбола (ФІБА) працягнула адхіленне Беларусі і Расеі ад усіх турніраў да траўня 2026 года. Нагадаем, што беларускія і расейскія клубы, а таксама нацыянальныя зборныя, адхіленыя ад спаборніцтваў пад эгідай ФІБА з сакавіка 2022 года.
Стэфэн Кары піша гісторыю НБА – 4000 трохачковых за кар’еру!
Стэфэн Кары працягвае перапісваць кнігу рэкордаў НБА. Лідар «Голдэн Стэйт» стаў першым гульцом у гісторыі лігі, якому ўдалося закінуць 4000 трохачковых. Гістарычная падзея адбылася ў матчы супраць «Сакрамента», дзе «Уорыярс» перамаглі з лікам 130:104. 37-гадовы Кары набраў у сустрэчы 11 ачкоў, зрабіў 2 падборы і аддаў 5 асістаў, закінуўшы 2 з 6 трохачковых спроб. Нагадаем, што яшчэ ў снежні 2021 года Кары пабіў рэкорд Рэя Алена (2973 трохі), і з таго часу яго лічбы працягваюць расці.
Беларускае Радыё Рацыя