У жаночым чэмпіянаце Беларусі па баскетболе прыйшла пара плэй-оф. Сілы каманд вельмі няроўныя, акрамя хіба што адной пары, у якой сыдуцца маладзёжны склад «Мінска» і РГУАР. У астатніх жа прыхільнікаў баскетбола чакаюць разгромныя лікі. Як у супрацьстаянні «Гарызонта» і «Вікторыі», якую падначаленыя Наталлі Трафімавай у рэгулярным сезоне тройчы грамілі, пры гэтым не дазваляючы суперніцам нават і сарака ачкоў здабыць. У сваю ж чаргу дзеючыя чэмпіёнкі набіралі ад 90 і вышэй. Напярэдадні сталічная каманда перамагла 76:31. Другая каманда «Гарызонта» чакана не выстаяла ў спрэчцы з «Мінскам» 105:47. Яшчэ ў адным матчы дня гарадзенская «Алімпія» разграміла «Гомельскія рысі» – 104:37.
Салаўёў згуляў у матчы НХЛ упершыню за чатыры месяцы
Мінулай ноччу чарговыя матчы ў рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай хакейнай лігі правялі трое беларускіх хакеістаў. «Калгары», за які выступае Ягор Шаранговіч, прымаў «Сан-Хасэ». Па ходу матчу «агеньчыкі» саступалі з лікам 0:2, але затым зраўнялі лічбы і ў выніку дамагліся перамогі ў авертайме – 3:2. У другой галявой атацы «Флэймз» паўдзельнічаў Шаранговіч, які асіставаў Назему Кадры. Усяго ў гэтым сезоне ў актыве Ягора 57 (30+27) балаў, каб пабіць беларускі рэкорд Міхаіла Грабоўскага па колькасці ачкоў за чэмпіянат, Шаранговічу засталося набраць два балы ў пяці астатніх гульнях. Перад сустрэчай з «Сан-Хасэ» ў склад «Калгары» з фарм-клуба ў Амерыканскай хакейнай лізе быў выкліканы абаронца Ілля Салаўёў. Гэты паядынак стаў для беларуса сёмым у кар’еры ў НХЛ, папярэдні раз магілёвец выходзіў на лёд галоўнай лігі планеты ў сярэдзіне снежня. Салаўёў правёў на пляцоўцы больш за 18 хвілін, нанёс 3 кідкі, заблакаваў 1 стрэл, ужыў 3 сілавыя прыёмы і завяршыў паядынак з паказчыкам карыснасці «-1». Таксама «Вашынгтон», які прадстаўляе беларускі нападнік Аляксей Протас, нанёс паразу галоўнаму канкурэнту ў барацьбе за месца ў плэй-оф – «Дэтройту» 2:1. За амаль 14 хвілін на лёдзе форвард ачкоў не набраў, на яго рахунку тры кідкі, адзін сілавы прыём і «+1» у графе карыснасці.
Авечкін пабіў чарговы рэкорл НХЛ
Капітан «Вашынгтона» Аляксандр Авечкін стаў уладальнікам чарговага рэкорду ў НХЛ. Ён закінуў пераможную шайбу ў госцевым матчы з «Дэтройтам», якая стала для яго 30-й у бягучым сезоне, і быў прызнаны трэцяй зоркай матчу. Такім чынам, Авечкін – першы гулец у гісторыі НХЛ, якому ўдалося закінуць найменш 30 галоў у 18 сезонах. Аляксандр перасягнуў дасягненне канадца Майка Гартнера, у якога 17 такіх сезонаў. На рахунку расейца 852 галы ў 1422 гульнях за карʼеру ў рэгулярных чэмпіянатах НХЛ. Ён скараціў адставанне ад рэкорду канадца Уэйна Грэцкі да 42 шайбаў.
Гулжыгіт Алыкулаў – лепшы гулец сакавіка ў «Нёмане»
Кыргызстанскі вінгер «Нёмана» Гулжыгіт Алыкулаў стаў найлепшым гульцом сакавіка на думку заўзятараў. У сакавіку 23-гадовы вінгер правёў чатыры матчы ў складзе «жоўта-зялёных», адзначыўшыся трыма забітымі мячамі. Пасля 3-х тураў «Нёман» ідзе на другім месцы ў турнірнай табліцы Вышэйшай лігі, набраўшы дзевяць балаў.
«Ювентус» разглядае вяртанне Мараты, калі Кін і Мілік пакінуць клуб
Нападнік «Атлетыка» Альвара Марата можа ў трэці раз стаць гульцом «Ювентуса», паведаміла Gazzetta dello Sport. Гэта будзе больш залежаць ад таго, ці пакінуць Мойзэ Кін і Аркадзiюш Мілік клуб летам, а таксама ад сумы гэтых трансфераў, як і пераходу Федэрыка Кьезы ў іншую каманду. «Атлетыка» можа папрасіць за Марату каля 15-20 млн еўра. Альвара мае дом у Турыне. Ён ужо гуляў за «Ювентус» з 2014 па 2016 год і з 2020 па 2022 год. У гэтым сезоне ў «Атлетыка» правёў 41 матч, забіў 20 галоў і зрабіў 2 асісты.
Беларускае Радыё Рацыя






