Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў святкаваў другую перамогу на турніры серыі ATP Challenger Tour у іспанскім Паасабланку з прызавым фондам 37 тысяч даляраў.

У матчы 1/8 фіналу беларус, які займае 265-е месца ў сусветным рэйтынгу, адолеў балгарскага тэнісіста Аляксандра Данскога, у якога 1005-я пазіцыя, – 4:6, 6:3, 6:4. У гульні за трапленне ў паўфінал супернікам беларускага тэнісіста будзе 388-я ракетка планеты іспанец Мігел Дамас.
Зборная Беларусі апусцілася ў рэйтынгу ФІФА
Зборная Беларусі займае 99-е месца. Падначаленыя Карласа Алоса страцілі адну пазіцыю. Адзначым, што зборную Беларусі абагналі такія каманды, як Намібія (98), Палестына (96) ці Уганда (95).
У топ-2 рэйтынгу змен не адбылося – першыя аргенцінцы, другія французы. Пераможца Еўра-2024 Іспанія паднялася на 5 пазіцый і зараз ідзе 3-й. У топ-10 таксама трапіла фіналіст Кубка Амерыкі Калумбія.
Беларускія футбольныя клубы правядуць сустрэчы ў адказ кваліфікацыі Лігі канферэнцый
Два прадстаўнікі Беларусі ў Лізе канферэнцый правядуць сёння сустрэчы ў адказ першага кваліфікацыйнага раунда. Футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” пасля паразы ў намінальна хатняй сустрэчы ў венгерскім Сомбатхеі ад малдаўскага “Мілсамі” з лікам 2:4 паспрабуюць узяць рэванш на полі супернікаў. Сённяшнюю гульню ў Аргееве, якая пачнецца ў 19.00, будзе судзіць венгерская брыгада арбітраў, на чале з Бенцэ Чонкам. Дэбютанты кантынентальных кубкавых турніраў футбалісты “Іслачы” прымуць у венгерскім Мезекевешдзе “Ла-Фіярыту” з Сан-Марына. У гасцях “ваўкі” здабылі перамогу з мінімальнай перавагай – 1:0. Гульня стартуе ў 20.30, яе будзе абслугоўваць судзейская брыгада паўночнамакедонскіх рэферы, якую ўзначаліць Ёван Качэўскі.
«Ягелонія» даведалася магчымых супернікаў у 3-м раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
Беластоцкая «Ягелонія» пачне сваю першую ў гісторыі кваліфікацыю Лігі чэмпіёнаў. Чэмпіён Польшчы ў другім туры сустрэнецца з літоўскім клубам «Панявежыс». Перадапошняя каманда літоўскай лігі не павінна быць непераадольнай перашкодай для беластоцкай «Ягелоніі», таму можна паціху глядзець у бок патэнцыйных супернікаў беластоцкай каманды ў наступным раўндзе кваліфікацыі, а там ужо будзе некалькі прызнаных каманд. Вось патэнцыйныя супернікі беластоцкай каманды ў 3-м раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.
Сярод каманд, з якімі можа сустрэцца польскі чэмпіён, найбольш уражвае грэчаскі ПАОК Салонікі, які ў мінулым сезоне дайшоў да чвэрцьфіналу Лігі канферэнцый. У групу камандаў трапіў і азербайджанскі «Карабах», які ледзь не кожны год палохае польскія клубы. Аднак нядаўна катастрафічную серыю з азербайджанскім супернікам перапыніў «Ракаў» з Чэнстаховы, які разграміў гэтага суперніка ў двух матчах. Таксама «Ягелонія» можа згуляць, між іншым, з румынскім футбольным клубам FCSB (былая «Сцяўа» з Бухарэста), ізраільскім «Макабі» з Тэль-Авіва або венгерскім «Ферэнцварашам». У выпадку няўдачы і паразы ў двухматчавым супрацьстаянні з камандай Літвы чэмпіёны Польшчы згуляюць у 3-м раўндзе кваліфікацыі Лігі Еўропы.
14-гадовы Саліван стаў самым маладым гульцом, які калі-небудзь гуляў у прафесійных лігах Паўночнай Амерыкі
Атакуючы паўабаронца «Філадэльфіі Юніян» Каван Саліван дэбютаваў за каманду ў матчы 24-га тура МЛС супраць «Нью-Інглэнд Рэвалюшн», які завяршыўся з лікам 5:1. Ва ўзросце 14 гадоў і 293 дзён хаўбек выйшаў на змену на 85-й хвіліне гульні. Саліван стаў самым маладым гульцом, які калі-небудзь гуляў у прафесійных лігах Паўночнай Амерыкі. Гаворка пра MLS, MLB, NBA, NFL, NHL, NWSL. Ён на 13 дзён пабіў рэкорд іншага футбаліста – Фрэдзі Аду з «Ды Сі Юнайтэд».
Па дадзеных інсайдара Фабрыцыа Рамана, «Манчэстэр Сіці» ужо дамовіўся пра трансфер Салівана ў будучыні.
Менскае «Дынама» абмяняла Душака на Гуслістава ў «Северсталі»
Менскае «Дынама» і “Северсталь” здзейснілі абмен. Спартовыя правы на нападніка Мікіту Гуслістава цяпер належаць менчукам, чарапавецкі клуб атрымлівае спартовыя правы на абаронцу Джозэфа Душака, які сезон-2022/23 правёў у Менску, а мінулы сезон – у складзе «Спрынгфілд Тандэбердс». 22-гадовы Мікіта Гуслістаў у КХЛ правёў чатыры сезоны ў складзе «Северсталі». Сумарна на рахунку нападніка 163 матчы, 41 (17+24) ачко.
Беларускае Радыё Рацыя






