У польскай Экстракласе ўчора адбыўся заключны матч 27 тура. «Пушча» ў Непаломіцах прымала лідара чэмпіяната «Ракуў» з Чэнстаховы. Беларускі форвард «Пушчы» Герман Баркоўскі выйшаў на поле на 46 хвіліне, пры ліку 0:1 на карысць «Ракува». На 68 хвіліне Герман зарабіў жоўтую картку, а ўжо на апошняй 94 хвіліне забіў гол і тым самым здабыў нічыю для сваёй каманды. Адметна, што тым самым ён дапамог і беластоцкай «Ягелоніі», не даўшы «Ракуву» адарвацца ў чэмпіёнскай гонцы. Зараз на іх рахунку 56 ачкоў, а ў «Ягелоніі», якая ідзе трэцяй, адпаведна, 52 пункты. Сама ж «Пушча» Германа Баркоўскага зараз на 15 месцы, што дазваляе ёй захаваць права на выступленне ў Экстракласе. Што ж тычыцца самаго Баркоўскага, то ў яго актыве – два галы і адна галявая перадача ў 11 матчах ў складзе «Пушчы».
Сёння на футбольных палях Старога свету двума матчамі распачнецца этап галоўнага еўрапейскага футбольнага турніру – Лігі чэмпіёнаў. Лонданскі «Арсенал» прыме на сваім полі мадрыдскі «Рэал», а «Баварыя» ў Мюнхене прыме міланскі «Інтэр». Пачатак абодвух матчаў у 21-у гадзіну па польскім часе і ў 22-е гадзіны па часе беларускім.
Хакейнае менскае «Дынама» даведалася суперніка на стадыі 1/4 фіналу плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі – ім стаў пераможца Усходняй канферэнцыі чэлябінскі «Трактар».
Першыя два матчы чвэрцьфінальнага супрацьстаяння пройдуць у Чэлябінску – 12 і 14 красавіка. Адпаведна 16 і 18 красавіка менчукі згуляюць дома.
Учора таварыскі матч паміж сабою згулялі хакейныя дружыны Польшчы ды Літвы. Сустрэча скончылася з лікам 2:1 на карысць польскіх хакеістаў.
7 красавіка быў абноўлены сусветны рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі. Беларуска Арына Сабаленка працягвае ўзначальваць яго з вялікім адрывам. На другім месцы ідзе полька Іга Свёнтэк. Трэця – амерыканка Джэсіка Пегула. Вікторыя Азаранка спусцілася з 47 пазіцыі на 50, Аляксандра Сасновіч узнялася на 109 радок, а Ірына Шымановчі на 190 радок сусветнага рэйтынгу WTA.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






