
Міжнародная федэрацыя футболу сумесна з кампаніяй Adidas прадставіла афіцыйны мяч чэмпіянату свету 2026 году, які пройдзе ў ЗША, Мексіцы і Канадзе. Ён атрымаў назву Trionda, што з гішпанскай мовы перакладаецца як «тры хвалі».
Дызайн мяча выкананы ў чырвона-зялёна-сіняй каляровай гаме. Тры колеры сімвалізуюць той факт, што мундыяль упершыню пройдзе адразу ў трох краінах.
На мячы таксама прысутнічае значная для кожнай краіны сімволіка: зорка для ЗША, кляновы ліст для Канады і арол для Мексікі.
Чэмпіянат свету ў Мексіцы, ЗША і Канадзе пройдзе з 11 чэрвеня па 19 ліпеня 2026 года. Упершыню ў гісторыі ў гэтым турніры прымуць удзел 48 зборных.
У розыгрышы Вышэйшай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе ўчора двума матчамі была распачатая праграма 24 тура.
«Мінск» на сваім полі абыграў берасцейскае «Дынама» з лікам 1:0. Што дазволіла «гараджанам» ушчыльную падабрацца да берасцейцаў на 5 радок.
Нейкі самы сапраўдны футбольны праклён працягвае адбывацца з пакуль яшчэ лідарам чэмпіяната – віцебскім «МЛ». Камандзе, якая ўвесь турнір ішла без паразаў, было дастаткова аднаго разу ў жніўні з’ездзіць у Маскву на таварыскі матч са «Спартаком», прайграць там 0:5 і – адкрылася «скрыня Пандоры». Учора «МЛ» пацярпеў сваю пятую паразу запар і чацьвёртую ў чэмпіянаце Беларусі. Гэтым разам ад «БАТЭ» на «Барысаў Арэне» з лікам 0:1.
Апошні раз “МЛ” перамагаў у жніўні, калі адолеў «Смаргонь» (1:0), далей рушылі ўслед паразы ад «Тарпеда-БелАЗ» (0:1), «Нёмана» (1:3), «Славіі» (2:3) і, зараз, ад БАТЭ (0:1).
Віцебскі клуб займае першы радок у турнірнай табліцы, маючы ў актыве 52 ачкі пасля 24 матчаў, менскае «Дынама», якое ідзе другім, мае ў актыве 45 ачкоў пасля 22 матчаў.
Таксама двума матчамі ўчора стартаваў 11 тур у польскай экстракласе.
«Лехія» Гданьск і «Вісла» Плоцк згулялі ўнічыю 1:1.
А вось у матчы шчэцінскай «Пагоні» ды глівіцкага «Пяста» беларускі форвард гасцей Герман Баркоўскі дэбютаваў голам за гэты клуб у экстракласе. Хоць яго каманда і саступіла «Пагоні» з лікам 1:2, але беларус параўняў лік напрыканцы першага тайма, адгуляў увесь матч і па ацэнцы экспертаў быў самым карысным палявым гульцом сваёй каманды.
На жаль яго каманда ідзе зараз на перадапошнім 17 радку, але ў параўнанні з супернікамі – мае гульню ў запасе. У гэтым сезоне Баркоўскі правёў за «Пяст» 9 матчаў ва ўсіх турнірах і забіў адзін гол.
У чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе учора сустракаліся лідары турнірнай табліцы – менская «Сталіца» ды гомельскі «БЧ». Гараджане былі мацнейшымі за чыгуначнікаў 6:5. Што дазволіла ім ссунуць іх з першага месца ў табелі. На трэцім радку ідзе яшчэ адна гомельская чыгуначная каманда «ВРЗ».
У перадсезонным матчы Нацыянальнай Хакейнай Лігі «Вашынгтон» дома прайграў «Бостану» з лікам 1:3.
У гаспадароў беларускі форвард Ілля Протас правёў паядынак у цэнтры першага звяна з Аляксандрам Авечкіным і Іванам Мірашнічэнкам.
Усяго Протас-малодшы правёў на лёдзе 17.48 хв, ачкоў не набраў, у створ не кідаў, ужыў 1 сілавы прыём, заблакаваў 2 стрэлы, выйграў 5 з 11 укідванняў, меў паказчык карыснасці 0.
Аляксей Протас у заяўку на гульню не патрапіў.
Усяго ў перадсезонцы Протас-малодшы адыграў чатыры матчы і зарабіў 2 (1+1) бамбардзірскія балы.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






