
17 лістапада былі згуляныя апошнія матчы ў некаторых групах еўраадбору на чэмпіянат свету па футболе.
Зборная Харватыі дамаглася супервалявой перамогі ў Чарнагорыі.
Гаспадары вялі ў ліку 2:0 ужо на 17 хвіліне, але харваты пераламілі ход гульні і забілі ў адказ тры галы. Пераможную кропку на 87 хвіліне паставіў паўабаронца італьянскага «Тарына» Нікола Ўлашыч – 2:3.
Чэхія разграміла Гібралтар з лікам 6:0. Пры тым, што лік 5:0 на табло быў ужо да свістка на перапынак.
З такім самым лікам на табло 6:0 Германія разграміла Славакію. Пры гэтым здзейсніўшы бліц-крыг у першым тайме – 4:0.
Нідэрланды таксама разграмілі каманду Літвы з лікам 4:0. Пры гэтым, што 2, 3 і 4 галы былі забітыя ў другім тайме цягам 4 хвілінаў – з 58-ю па 62-ю.
Каманда Паўночнай Ірландыі з мінімальным лікам 1:0 перайграла княства Люксембург.
Зборная Польшчы ў самым доўгім матчы ўчорашняга гульнявога дня, які доўжыўся больш 100 хвілінаў, дамаглася нялёгкай перамогі над зборнай Мальты на яе выспе з лікам 3:2.
Галамі адзначыліся – Роберт Левандоўскі, Павел Вшолэк і Пётр Зеліньскі.
Чэмпіянат свету па футболе пройдзе з 12 чэрвеня да 19 ліпеня 2026 года адразу ў трох краінах: ЗША, Мексіцы і Канадзе. Упершыню ў ім возьмуць удзел 48 зборных.
Пуцёўкі ўжо атрымалі: ЗША, Мексіка і Канада (як арганізатары).
І заваявалі:
Ад Паўднёвай Амерыкі — Аргентына, Уругвай, Бразілія, Парагвай, Калумбія, Эквадор.
Ад Афрыкі — Каба-Вердэ, Алжыр, Туніс, Егіпет, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Марока, Гана, Сенегал, Кот-д’Івуар.
Ад Азіі — Японія, Паўднёвая Карэя, Аўстралія, Катар, Узбекістан, Іярданія, Саудаўская Аравія.
Ад Акіяніі — Новая Зеландыя.
Ад Еўропы пакуль дакладна — Англія, Францыя, Харватыя, Партугалія, Нарвегія, Германія і Нідэрланды. І амаль са 100% імавернасцю Гішпанія ды Швайцарыя.
12 каманд, што зоймуць другія месцы ў групе (+чатыры зборныя з Лігі нацый), згуляюць у сакавіку ў стыкавых матчах, каб вызначыць чатырох шчасліўчыкаў. Гэта дакладна Чэхія, Албанія, Ірландыя, Славакія, Італія, Украіна, Польшча, і з верагоднасцю 100% – Турцыя і Косава (калі не стануць першымі).
Адборавы турнір завяршаецца сёння. Акурат калі зборная Беларусі правядзе свой апошні матч. Яна згуляе з Грэцыяй. Незалежна ад выніку, беларусы застануцца на апошнім месцы ў сваёй групе С.
У Першай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе ўчора былі згуляныя заключныя матчы перадапошняга 33 тура.
Дубль менскага «Дынама» згуляў унічыю 1:1 з «Нівай» з Камянецкага раёна.
І нематываваны магілёўскі «Дняпро» на сваім полі прайграў суперзараджанай «Воршы» з лікам 0:2. Дзякуючы чаму аршанцы захавалі прапіску ў другім дэвізіёне.
Чаго не скажаш пра «Слонім», які пазбавіўся апошніх шанцаў на захаванне прапіскі ў лізе.
За тур да фінішу адставанне слонімцаў ад «Асіповічаў», якія ідуць на 17-м месцы, складае чатыры ачкі.
Апошні раз папярэднік «Слоніма» выступаў у другой лізе ў 2012 годзе, калі «Белтрансгаз» і «Камунальнік» занялі другое і восьмае месцы ў табліцы адпаведна.
У міжсезонне 2012/2013, пасля зліцця двух клубаў, новаўтвораны «Слонім» атрымаў пуцёўку ў Першую лігу, якую дагэтуль не пакідаў.
Нагадаю, што 4 снежня «Слонім» згуляе ў 1/8 фінала Кубка Беларусі з імаверным чэмпіёнам краіны – віцебскім «МЛ».
У рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі былі згуляныя матчы 25 тура.
«Ліда» з лікам 4:2 перайграла наваполацкі «Хімік».
Баранавіцкі «Авіятар» на сваёй пляцоўцы прайграў салігорскаму «Шахцёру» з лікам 0:2.
«Брэст» у Смаленску быў мацнейшым па булітах за «Славуціч» – 3:2.
«Дынама-Маладэчна» прайграла хатнюю гульню «Віцебску» з лікам 1:2.
Аршанскі «Лакаматыў» быў мацнейшым за гарадзенскі «Нёман» – 4:2.
З лікам 4:1 менскае «Юнацтва» перамагло «Магілёў».
Жлобінскі «Металург» з лікам 3:2 перайграў «Гомель».
Такім чынам на першым месцы па-ранейшаму застаецца «Юнацтва», у якога 44 ачкі. А на другім, трэцім і чацвёртым радку ідуць «Дынама-Маладэчна», «Ліда» ды «Шахцёр», у якіх па 37 балаў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя





