BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гетманава стала бронзавай прызёркай чэмпіянату Еўропы


У сталіцы Румыніі Бухарэсце працягваецца чэмпіянат Еўропы па барацьбе, удзел у якім у нейтральным статусе бяруць беларускія спартоўцы. 

У жаночай барацьбе, з беларускай каманды да  медальнай сутычкі напярэдадні дайшла толькі Алеся Гетманава. У вазе да 59 кг у медальнай спрэчцы беларусцы павінна была супрацьстаяць Анастасія Нічыта, але малдаванка атрымала траўму і з паядынку знялася.

Азаранка прайграла Свёнтак у чвэрцьфінале турніру ў Катары

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка выбыла з турніру WTA, які праходзіць у Катары. У чвэрцьфінале спаборніцтва нашая суайчынніца прайграла польскай тэнісістцы Ізе Свёнтак, першай ракетцы свету — 4:6, 0:6. У адрозненне ад прадстаўніцы Латвіі Алены Астапенка польская тэнісістка пасля гульні паціснула руку беларусцы.

Змушко прабілася ў фінал чэмпіянату свету на дыстанцыі 200 метраў брасам

У сталіцы Катара горадзе Доха працягваецца чэмпіянат свету па водных відах спорту, на якім у нейтральным статусе выступаюць беларускія спартоўцы. У вячэрняй сесіі чацвярга адбыліся пяць фіналаў, а таксама паўфінальныя заплывы ў чатырох відах праграмы. У адным з такіх – на дыстанцыі 200 м брасам – прыняла ўдзел Аліна Змушко. Свой паўфінал беларуска скончыла на другой пазіцыі, паказаўшы вынік 2 хвіліны 24,14 секунды. У агульнай табліцы час Змушко апынуўся чацвёртым сярод 16 удзельніц, што прынесла ёй пуцёўку ў фінал.

“Веспрэм” без Вайлупава разграміў гандбалістаў “Порту” ў Лізе

Пасля перапынку аднавіліся матчы групавога этапу гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Венгерскі “Веспрэм” у гасцявым паядынку 11-га тура групы В разграміў партугальскі “Порту” 40:26. Беларускі правы крайні венгерскага клуба Мікіта Вайлупаў у гэтай сустрэчы не ўдзельнічаў, у гэтым сезоне Лігі чэмпіёнаў у яго актыве 20 закінутых мячоў. Польская “Вісла” з Плоцка ў гасцях аказала ўпарты супраціў дзейнаму пераможцу галоўнага кантынентальнага турніру нямецкаму “Магдэбургу”, але ўсё ж саступіла – 22:28. Беларускі левы крайні “Віслы” Кірыл Самойлаў не гуляў, у папярэдніх матчах ён закінуў 5 мячоў. У папярэдняй групе А польскі “Кельцэ” на сваёй арэне згуляў унічыю з нямецкім “Кілем” – 36:36. Беларускі лінейны гаспадароў Арцём Каралёк на пляцоўку не выходзіў, а раней ён закінуў 18 мячоў у гэтым сезоне чэмпіёнскай Лігі.

Менскія дынамаўцы прайгралі маскоўскім

Хакеісты менскага “Дынама” ў матчы чэмпіянату КХЛ прайгралі ў гасцях маскоўскім аднаклубнікам. Гульня скончылася перамогай гаспадароў — 2:1. Аўтарам адзінай шайбы “зуброў” стаў Раман Гарбуноў. Наступны матч чакае мінчукоў 17 лютага. Іх супернікам будзе кітайскі клуб “Куньлунь”.

Хакеісты “Металурга” абгулялі “Віцебск” у беларускай экстралізе

Матчамі ў Віцебску, Магілёве і Оршы працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У цэнтральным матчы вечара  дзейныя чэмпіёны з “Металурга” абыгралі “Віцебск” 2:1. “Сталёвыя ваўкі” вельмі блізкія да прамога выхаду ў плэй-оф экстралігі: падначаленыя Дзмітрыя Краўчанкі не сыходзяць без ачкоў з лёду ўжо на працягу васьмі матчаў запар. Паралельна ў Магілёве мясцовы клуб разабраўся з “Гомелем” – 4:2. Для “рысяў” гэтая няўдача стала пятай запар. Таксама наваполацкі “Хімік” нанёс паразу аршанскаму “Лакаматыву” – 4:3.

Зборная Беларусі згуляе з Сенегалам на чэмпіянаце свету па пляжным футболе

Зборная Беларусі па пляжным футболе трэці раз прыме старт у фінальнай стадыі чэмпіянату планеты. Сёння ў Дубаі падначаленыя Нікаласа Альварада ў сваім першым паядынку папярэдняй групы С сустрэнуцца з камандай Сенегала. У сусветным рэйтынгу Беларусь зараз займае 19-е месца, Сенегал знаходзіцца на 10 пазіцый вышэй.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: НАК