BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ГКС (Катавіцэ) Ільі Шкурына зноў перамог

польска экстракласа

Беларускі форвард катовіцкага «ГКС» Ілья Шкурын зрабіў голавую перадачу ў польскай экстракласе.
Яго каманда ўпэўнена абыграла ў гасцях «Тэрмаліку» з лікам 3:0 у 14-м туры чэмпіянату Польшчы па футболе.
Ілля пачынаў гульню на лаве запасных і выйшаў на поле на 62-й хвіліне, калі яго каманда ўжо вяла з мінімальным лікам. Праз 2 хвіліны пасля выхаду атрымаў папярэджанне.
Пры ўдзеле Шкурына быў забіты апошні гол гасцей на 89 хвіліне. Ён асіставаў Эману Маркавічу, які аформіў дубль.
Клуб дзякуючы серыі з трох перамог узняўся на 10-ы радок у табліцы польскай Экстракласы.
Цяпер у Шкурына 3 галы і 1 асіст у апошніх 4 матчах. А ў наступным туры клуб чакае сустрэча з глівіцкім «Пястам» Германа Баркоўскага. Які ўчора згуляў унічыю 0:0 з «Каронай» з Кельцаў. Герман выйшаў, які і Ілья у сваім матчы на той самай 62 хвіліне гульні. Што праўда карыснымі дзеяннямі не адзначыўся.

У Вышэйшай лізе беларускага чэмпіяната па футболе ўчора быў згуляны стартавы матч 27 тура.
Берасцейскае «Дынама» мінімальна перайграла «Маладэчна» з лікам 1:0. Нагадаю, што «Маладэчна» ўжо дакладна па выніках сезона апускаецца ў другі дывізіён, а «Дынама» страціла нават тэарэтычныя шансы пазмагацца за чэмпіёнства.

У розыгрышы Першай лігі беларускага чэмпіяната ўчора былі згуляныя першыя матчы 31 тура.
З цікавых вынікаў адзначым буйную гасцявую перамогу «Ліды» ў Менску над «Uni X Labs» з лікам 3:0. Дзякуючы чаму, «Ліда» ўзнялася на 4 радок турнірнай табліцы і застаецца ў барацьбе за падвышэнне ў Вышэйшую лігу.

«Дынама-БДУФК» стала шасціразовым чэмпіёнам Беларусі сярод жанчын, абыграўшы ў 30-м туры першынства краіны бабруйскую «Белшыну» з лікам 1:0.
Для «Дынама-БДУФК» гэта ўжо шосты чэмпіёнскі тытул. Сталічная каманда нязменна выйграе залатыя медалі з моманту свайго заснавання ў 2020 годзе.

У рэйтынгу нацыянальных асацыяцый УЕФА Беларусь да моманту фарміравання складу ўдзельніц жаночых клубных турніраў сезона-2026/27 размясцілася на 20-й пазіцыі.
Гэта азначае, што ў наступным годзе Беларусь у Лізе чэмпіёнаў будзе прадстаўляць толькі чэмпіён краіны, які пачынае выступленне з 2-га адборавага раунда. Каманда, якая заняла другое месца, згуляе ў Кубку Еўропы, стартуючы з 1-га адборавага раунда.
Раней, знаходзячыся на 14-м радку рэйтынгу, Беларусь магла дэлегаваць у Лігу чэмпіёнаў адразу дзве найлепшыя каманды нацыянальнага чэмпіянату.
У актуальным рэйтынгу нацыянальных асацыяцый УЕФА Беларусь займае 35-е месца.

А тым часам форвард мадрыдскага «Рэала» Кіліян Мбапэ атрымаў «Залатую буцу» як лепшы бамбардзір сезона 2024/25 у Еўропе.
У мінулым сезоне Мбапе забіў 42 мячы ў 55 матчах за «Рэал».
На цырымоніі ўручэння прысутнічала ўся каманда мадрыдскага «Рэала».

Учора былі згуляныя першыя матчы 20 тура рэгулярнага чэмпіяната ў беларускай хакейнай Экстралізе.
«Брэст» разграміў наваполацкі «Хімік» з лікам 8:1.
«Дынама-Маладэчна» і другі раз з нулём выграла ў «Ліды» – гэтым разам 3:0.
«Віцебск» таксама «усухую» 2:0 перамог баранавіцкі «Авіятар».
«Металург» у Жлобіне саступіў смаленскаму «Славуцічу» па булітах 3:4.

У рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай Хакейнай Лігі прайшлі матчы з удзелам беларускіх гульцоў.
«Чыкага» ў гасцях саступіў «Вініпегу» з лікам 3:6. Беларускі абаронца «Чыкага» Арцём Леўшуноў адзначыўся асістам на 56-й хвіліне, калі Андрэ Буракоўскі скараціў адставанне сваёй каманды да 3:5.
Беларус правёў на лёдзе 15:36 (19 змен), з іх 02:07 – у большасці, 00:56 – у меншасці, набраў 1 (0+1) ачко, выканаў 1 кідок у створ брамы, 1 – міма, яшчэ 1 заблакавалі супернікі, дапусціў 1 страту, здзейсніў 1 блок-шот і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1».
У 10 матчах цяперашняга сезону на рахунку Арцёма Леўшунова 4 (0+4) ачкі, 10 хвілін штрафу, паказчык карыснасці «+4» пры сярэднім часе гульні 14:48.

«Калгары» ў гасцях саступіў авертайме «Атаве» з лікам 3:4. Беларускі форвард «Калгары» Ягор Шаранговіч на 6-й хвіліне рэалізаваў большасць і адкрыў лік у гэтым матчы. Такім чынам на яго рахунку стала 200 (103 + 97) выніковых ачкоў у рэгулярных чэмпіянатах НХЛ. Больш набіралі толькі тры беларускія хакеісты:
Міхаіл Грабоўскі – 296 (125+171)
Андрэй Касціцын – 222 (103 + 119)
Руслан Салей – 204 (45+159)
Каб дабрацца да юбілейнай адзнакі, Шаранговічу спатрэбілася 370 матчаў.
Па колькасці закінутых шайбаў (103) у рэгулярных чэмпіянатах Ягор дагнаў Андрэя Касціцына. Больш толькі ў Міхаіла Грабоўскага (125).
У 10 матчах цяперашняга сезону на рахунку Ягора Шаранговіча 3 (2+1) балы і паказчык карыснасці «-6» пры сярэднім часе знаходжання на пляцоўцы 14:56.

Беларускі тэнісіст Мікалай Галяк выйшаў у паўфінал турніру ITF у кітайскім Цяньдааху.
У чвэрцьфінальным матчы ён перайграў аўстралійца Акіру Сантыльяну (449-ы нумар сусветнага рэйтынгу) з лікам 2:0 – 6:2, 6:2. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 8 хвілін.
На гэты момант Галяк займае 863-е месца ў сусветным рэйтынгу.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя