BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гнедчык заваявала бронзу чэмпіянату Еўропы па сучасным пяцібор’і

Беларуская спартоўка Марыя Гнедчык стала прызёрам чэмпіянату Еўропы па сучасным пяцібор’і, які праходзіць у Будапешце. У суботнім фінале ў жанчын прынялі ўдзел 18 спартовак, у тым ліку дзве прадстаўніцы Беларусі – Марыя Гнедчык і Анастасія Малашэнка. Лідар нацыянальнай каманды Марыя Гнедчык заняла 8-е месца па выніках фехтавання, паказала 15-ы вынік у канкуры і 11-ы час у заплыве на 200 м. На старт заключнага віду праграмы лазер-рана наша спартоўка выходзіла дванаццатай з адставаннем ад тройкі ў 29 секунд. У сваёй кароннай дысцыпліне, якая спалучае бег і стральбу, Марыя выступіла лепш за ўсіх суперніц, дзякуючы чаму адыграла дэфіцыт у паўхвіліны. Фінішную рысу Гнедчык перасекла трэцяй, на імгненне апярэдзіўшы англічанку Эму Уітакер. Чэмпіёнкай Еўропы 2024 года стала Керанца Брайсан з Вялікабрытаніі, срэбра заваявала швейцарка Ганна Юрт. Анастасія Малашэнка размясцілася на выніковым 15-м радку.

Гарноська выйшла ў фінал у практыкаванні з абручом на этапе Кубка выкліку ў Румыніі

У румынскай Клуж-Напацы стартаваў другі і заключны этап сусветнага Кубка выкліку 2024 года па мастацкай гімнастыцы. Гэты старт з’яўляецца апошняй праверкай перад Алімпійскімі гульнямі, якія стартуюць праз два тыдні, таму турнір у Румыніі сабраў практычна ўсіх наймацнейшых гімнастак планеты. Беларускую каманду прадстаўляюць лідары Аліна Гарноська і Анастасія Салос. У пятніцу дзяўчыны пачалі спаборніцтвы ў шматбор’і, вызначыўшы фіналістак у практыкаваннях з мячом і абручом. У кампазіцыі з мячом Гарноська паказала 10-ы вынік, а з абручом стала трэцяй, што дазваляе ёй працягнуць барацьбу за ўзнагароды. Анастасія Салос заняла 12-е месца ў праграме з абручом і 19-е – з мячом, у фіналы прайшлі па восем найлепшых гімнастак. Пасля двух відаў у заліку шматбор’я Гарноська размяшчаецца на чацвёртым радку.

Шымановіч і Калашнікава выйшлі ў фінал тэніснага турніру ў Францыі

Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч і прадстаўніца Грузіі Аксана Калашнікава прабіліся ў фінал парнага разраду турніру катэгорыі WTA-125 у французскім Кантрэксевіле з прызавым фондам 115 тысяч даляраў. У паўфінале беларуска-грузінскі тандэм абыграў у дзвюх партыях французскі дуэт Караль Манэ / Марго Руўруа – 6:2, 6:3. У вырашальным матчы яны сустрэнуцца з кітаянкамі Фан-сянь У і Шуан Чжан.

Хал усталявала сусветны рэкорд у бегу на 2000 метраў

Аўстралійская бягуха Джэсіка Хал усталявала сусветны рэкорд на дыстанцыі 2000 метраў. На этапе “Дыяментавай лігі” ў Манака яна пераадолела дыстанцыю за 5 хвілін і 19,70 секунды.
Ранейшае дасягненне належала прадстаўніцы Бурундзі Франсіне Ніёнсабэ (5 хвілін 21,56 секунды) і было ўсталявана ў верасні 2021 года. Нагадаем, што дыстанцыя 2000 метраў не ўваходзіць у алімпійскую праграму ў лёгкай атлетыцы.

Стаў вядомы нумар Ляўшуна ў «Чыкага»

Беларускі абаронца «Чыкага» Арцём Ляўшуноў вызначыўся з гульнявым нумарам на спіне. Гулец вырашыў абраць нумар 55. Аб гэтым паведамляе клубная прэс-служба. Нагадаем, Ляўшуноў стаў другім нумарам драфта НХЛ.

Хаві Сімонс можа стаць гульцом “Манчэстар Юнайтэд”

Паўабаронца «ПСЖ» Хаві Сіманс можа далучыцца да «Манчэстэр Юнайтэд» на правах арэнды. 21-гадовы гулец у мінулым сезоне выступаў за “Лейпцыг” таксама на правах арэнды. На цяперашнім чэмпіянаце Еўропы Сіманс разам са зборнай Нідэрландаў дайшоў да паўфіналу розыгрышу, дзе саступіў Англіі з лікам 1:2. У тым матчы хаўбек вызначыўся забітым мячом.

Беларускае Радыё Рацыя