BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гол Протаса прынёс «Вашынгтону» перамогу над «Калгары»

Беларускі форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас адзначыўся важным голам у чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ. «Кэпіталз» гулялі ў гасцях супраць «Калгары», дзе выступае яшчэ адзін беларускі хакеіст – Ягор Шаранговіч. За 2,5 хвіліны да фінальнай сірэны Протас здзейсніў дакладны кідок, які ўсталяваў канчатковы лік – 3:1 на карысць «Вашынгтона». Форвард правёў на лёдзе 18 хвілін, зрабіў тры кідкі і скончыў матч з паказчыкам карыснасці +2. Гэтае ачко стала шостым запар у апошніх пяці матчах для беларуса. «Кэпіталз» выйгралі сёмы матч з апошніх васьмі і ўмацаваліся ў якасці лідара Усходняй канферэнцыі. «Флэймз» застаецца на восьмым радку на Захадзе.

«Дынама-Менск» не здолела спыніць «Металург»

Менскія хакеісты пасля двухтыднёвай паўзы вярнуліся ў КХЛ і адразу атрымалі няпростага суперніка – дзейнага чэмпіёна «Металург». Першы перыяд прайшоў на роўных, але без закінутых шайбаў. У другім менчукі адкрылі лік дзякуючы дакладнаму кідку Іллі Усава, якому асіставаў Джош Брук. Але ўжо праз тры хвіліны «Металург» аднавіў парытэт. У заключным перыядзе гаспадары два разы засмуцілі «зуброў» і павялі ў ліку 3:1. Менчукі не змаглі вярнуцца ў гульню, а незадоўга да фінальнай сірэны прапусцілі яшчэ адну шайбу. Вынік сустрэчы: 4:1 на карысць «Металурга». Наступны матч «Дынама» правядзе заўтра супраць «Нафтахіміка».

«Алімпія» ўмацавала пазіцыі ў чэмпіянаце Беларусі па баскетболе

Гарадзенская «Алімпія» працягвае ўдалую серыю ў нацыянальным першынстве. У гасцях яна без праблем разабралася з дублёркамі «Гарызонта» – 70:49. Пасля 20 тураў гарадзенкі набралі 34 ачкі і зраўняліся з дзеючым чэмпіёнам – «Мінскам». Аднак менавіта мянчанкі застаюцца галоўнымі прэтэндэнткамі на першае месца – яны згуляюць з лідарам турніру «Гарызонтам».

Сасновіч паспяхова стартуе на WTA-500 у Лінцы

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў другі раўнд турніру WTA-500 у аўстрыйскім Лінцы. У матчы 1/16 фіналу яна абыграла расейку Анастасію Захараву – 6:3, 7:6 (7:3). Наступнай суперніцай беларускі стане яшчэ адна прадстаўніца Расеі – 30-я ракетка свету Кацярына Аляксандрава.

Ягор Карцоў працягне кар’еру ў берасцейскім «Дынама»

Расейскі паўабаронца Ягор Карцоў застаецца ў «Дынама-Брэст». Гулец афіцыйна заключыў двухгадовы кантракт з беларускім клубам. У мінулым сезоне Карцоў правёў 24 матчы ў чэмпіянаце Беларусі, забіў 16 галоў і зрабіў 6 галявых перадач.

Беларусы – у ліку найлепшых гульцоў пляжнага футбола

Міжнародная арганізацыя пляжнага футбола (BSWW) ўключыла беларускіх гульцоў у шорт-ліст найлепшых футбалістаў года. Сярод намінантаў: брамнік – Міхаіл Аўгустоў
Палявыя гульцы – Ігар Брышцель, Алег Гапон і Яўген Новікаў
Трэнер – іспанец Нікалас Альварада. Нагадаю, беларуская зборная заняла 4-е месца на чэмпіянаце свету і стала бронзавым прызёрам Еўралігі.

Харваты і французы сталі першымі паўфіналістамі ЧС па гандболе

У чвэрцьфінале харвацкая зборная перамагла Венгрыю – 31:30. Хоць па ходу другога тайма харваты некалькі разоў адставалі на 4 мячы, ім удалося вырваць перамогу за секунду да канца матча. Яшчэ ў адным чвэрцьфінале Францыя абыграла Егіпет 34:33, таксама забіўшы вырашальны мяч за імгненне да фінальнай сірэны. Сёння Данія згуляе супраць Бразіліі, а Партугалія супраць Германіі.

Беларускае Радыё Рацыя