«Віцебск» з 18 ачкамі ідзе шостым у табліцы, у «рысяў» 17 балаў і сёмая пазіцыя. У наступным туры «Гомель» адправіцца ў госці да «Іслачы», а віцябляне прымуць лідара чэмпіянату «Тарпеда»-БелАЗ.
«Зеніт» абыграў «Балтыку», у складзе якой выйшлі два беларусы, і стаў пераможцам Кубка Расеі
«Зеніт» выйграў Кубак Расеі. У суперфінале турніру каманда з Санкт-Пецярбурга абыграла «Балтыку» – 2:1. У «Балтыкі» беларус Віталь Лісаковіч выйшаў у старце і быў заменены на 64-й хвіліне, Юры Кавалёў таксама пачаў з першых хвілін і быў заменены на 46-й. Кірыл Капленка трапіў у заяўку, аднак на полі не з’явіўся. Пасля фіналу галоўны трэнер «Балтыкі» Сяргей Ігнашэвіч абʼявіў аб сыходзе з клуба. Ігнашэвіч трэніраваў калінінградскі клуб з 2021 года, вывеў яго ў РПЛ. Па выніках чэмпіянату Расеі «Балтыка» вылецела з вышэйшай лігі.
Гол Стасевіча прынёс «Атырау» перамогу над «Жэнісам»
«Атырау» Віталя Жукоўскага ў выязной гульні 10-га тура чэмпіянату Казахстана абыграў «Жэніс» 1:0. Аўтарам адзінага гола ў матчы стаў беларускі паўабаронца і капітан гасцей Ігар Стасевіч, які выйшаў у стартавым складзе і быў заменены на 78-й хвіліне. Ягор Хаткевіч, Мікіта Сцяпанаў і Мікалай Сігневіч – правялі ўвесь паядынак. У гаспадароў Сяргей Волкаў правёў на полі ўсе 90 хвілін, а Дзяніс Грачыха выйшаў на замену на 73-й хвіліне. «Атырау» з 13 баламі ідзе на 7-м радку ў турнірнай табліцы, «Жэніс» яе замыкае.
Марэска ўзначаліў «Чэлсі»
Паводле інфармацыі The Athletic, «Чэлсі» падпісаў кантракт з галоўным трэнерам
«Лестэра» 44-гадовым Энца Марэскай. Пагадненне разлічана на 5 гадоў і мае опцыю падаўжэння яшчэ на сезон – да лета 2030 года. «Чэлсі» заплаціць «Лестэру» кампенсацыю ў памеры 10 мільёнаў фунтаў. Афіцыйна абʼявіць аб прызначэнні Марэскі павінны ўжо сёння. Разам з італьянскім спецыялістам у лонданскі клуб пяройдуць і яго памочнікі. Марэска ўзначаліў «Лестэр» у мінулым годзе і выйграў з камандай чэмпіёншып. Да гэтага працаваў у штабе «Севільі» і ў «Парме». Раней «Чэлсі» абвясціў пра сыход Маўрысіа Пачэціна. У гэтым сезоне каманда фінішавала на 6-м месцы ў турнірнай табліцы АПЛ і выйшла ў Лігу канферэнцый.
Хакеісты «Эдмантана» згуляюць з «Фларыдай» у фінале Кубка Стэнлі
Хакеісты «Эдмантан Ойлерз» сталі другімі фіналістамі плэй-оф Нацыянальнай хакейнай лігі. У фінале Заходняй канферэнцыі «нафтавікі» сустракаліся з «Далас Старз». Пасля трох матчаў серыі да чатырох перамог «Эдмантан» саступаў суперніку з лікам 1:2, але затым пераламиў ход супрацьстаяння і да шостай гульні падышоў ужо лідарам у пары. Ноччу на хатняй пляцоўцы канадскі клуб за 15 хвілін захапіў лідарства ў дзве шайбы дзякуючы галам Конара Макдэвіда і Зака Хаймана. За астатнія два перыяды тэхасцы спадобіліся ўсяго на адзін дакладны кідок у выкананні Мэйсана Марчмента. У выніку 2:1 у матчы і 4:2 у серыі на карысць «Ойлерз». Аспрэчваць трафей сёлета «Эдмантан» будзе з найлепшай камандай Усходняй канферэнцыі «Фларыдай», якая яшчэ ні разу не станавілася чэмпіёнам НХЛ. Вырашальная серыя сезона стартуе 9 чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя