У 2-м туры Лігі чэмпіёнаў мадрыдскі “Рэал” сустрэўся з французскім “Лілем” і пацярпеў паразу з лікам 0:1. Браму каралеўскага клуба абараняў украінец Андрэй Лунін, які прапусціў адзіны ў матчы гол з пенальці ў кампенсаваны час першага тайма. У апошні раз да гэтага “сметанковыя” прайгравалі 18 студзеня – “Атлетыка” ў 1/8 фіналу Кубка Іспаніі 2:4 у дадатковы час. З тых часоў у “Рэала” была серыя з 36 матчаў без паразаў. Сярод іншых вынікаў гульнявога дня адзначу наступныя. Партугальская “Бенфіка” на хатняй арэне разграміла мадрыдскі “Атлетыка” 4:0, “Ліверпуль” дзякуючы галам Макалістара і Салаха узяў верх над італьянскай “Балоняй” 2:0. Мюнхенская “Баварыя” на выездзе сенсацыйна саступіла англійскай “Астан Віле” 0:1. Адзіны мяч на 79-й хвіліне забіў Джон Дуран. У першым туры мюнхенцы, нагадаю, разграмілі заграбскае «Дынама» 9:2. Данецкі “Шахцёр” быў абыграны “Аталантай” 3:0.
Шчэнсны падпісаў кантракт з “Барселонай” і стаў аднаклубнікам Левандоўскага
Былы брамнік англійскага “Арсенала” і італьянскага “Ювентуса” Войцэх Шчэнсны аднавіў кар’еру і падпісаў кантракт з іспанскай “Барселонай”. Пра гэта паведамляе прэс – служба іспанскага клуба. Асноўны брамнік “Барселоны” немец Марк-Андрэ тэр Штэген траўмаваўся 23 верасня ў гасцявым матчы шостага тура чэмпіянату Іспаніі супраць “Вільярэала”. Шчэнснаму 34 гады, аб завяршэнні прафесійнай кар’еры польскі футбаліст абвясціў 27 жніўня. Апошнім клубам у яго кар’еры быў “Ювентус”. Ён выступаў за турынскі клуб з 2017 года, згуляў у 252 матчах і прапусціў 233 мячы. У складзе «старой сіньёры» галкіпер тройчы станавіўся чэмпіёнам Італіі і ўладальнікам кубка краіны, а таксама двойчы перамагаў у Суперкубку. За “Арсенал” правёў 181 матч, у складзе “кананіраў” Шчэнсны двойчы стаў уладальнікам Кубка Англіі і адзін раз — Суперкубка краіны. У складзе зборнай Польшчы згуляў 84 матчы, прапусціўшы 83 галы.
Менскае “Дынама” — лідар па гульні ў меншасці
Пасля дзевяці матчаў сезона менскае “Дынама” з’яўляецца найлепшай камандай па гульні ў меншасці ў КХЛ. “Зубры” 34 разы гулялі ў меншасці і прапусцілі дзве шайбы — 94.1%. На другім месцы па гэтым паказчыку знаходзіцца “Ак Барс”, нейтралізацыя большасці суперніка – 92%. На трэцім радку ЦСКА – 89.2%. Па гульні ў большасці “Дынама” ідзе на сёмым месцы. 36 разоў падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава мелі колькасную перавагу і змаглі закінуць 8 шайбаў – 22%. Лідыруе па гэтым паказчыку ЦСКА – 35%, – перадае сайт ФХБ.
Герасімаў прайграў у стартавым матчы асноўнай сеткі турніру ў Шанхаі
Ягор Герасімаў не змог пераадолець першы бар’ер у асноўнай сетцы на турніры АТР-1000 у кітайскім Шанхаі. Беларускі тэнісіст прайграў 267-ай ракетцы планеты японцу Тара Даніэлю – 7:6 (7:5), 3:6, 4:6 Паядынак доўжыўся 2 гадзіны 17 хвілін.
Беларускае Радыё Рацыя






