BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

IIХФ працягвае забарону на ўдзел зборных Беларусі і Расеі

Міжнародная федэрацыя хакея (IIХФ) пацвердзіла, што беларускія і расейскія каманды не змогуць вярнуцца ў міжнародныя спаборніцтвы найменьш да сезона 2026/2027.

Фота: IIHF

Такое рашэнне прынята з-за “немагчымасці гарантаваць бяспеку” падчас турніраў. Гэта азначае, што Беларусь не згуляе на чэмпіянаце свету-2026, а клубы не прымуць удзел у еўрапейскіх турнірах.

Менскае “Дынама” страціла пазіцыі ў рэйтынгу КХЛ

Пасля няўдалай серыі матчаў “Дынама” Менск апусцілася з 4-га на 12-е месца ў “індэксе сілы” КХЛ – рэйтынгу, які аналізуе форму каманд па выніках апошніх тыдняў. Лідыруе ў спісе “Аўтамабіліст”. “Дынама” ж працягвае барацьбу за плэй-оф, але патрабуе паляпшэння вынікаў, каб умацаваць пазіцыі. Хакеісты менскага “Дынама” сёння завершаць хатнюю серыю матчаў у КХЛ гульнёй супраць “Сочы”. У апошніх пяці гульнях менчукі перамаглі толькі аднойчы. Матч пройдзе на “Менск-Арэне” сёння ў 19:10.

Дзмітрый Лапцеў вяртаецца ў берасцейскае “Дынама”

Нападнік Дзмітрый Лапцеў афіцыйна зноў стаў гульцом берасцейскага “Дынама”. Клуб абвясціў аб падпісанні кантракту з форвардам, які раней ужо выступаў за гэтую каманду. У мінулым сезоне Лапцеў правёў 18 матчаў за “Тарпеда-БелАЗ”, у якіх забіў адзін гол і аддаў адну галявую перадачу. Цяпер ён вяртаецца ў склад “Дынама”, дзе спадзяецца аднавіць сваю лепшую форму і дапамагчы камандзе ў барацьбе за высокія месцы ў чэмпіянаце Беларусі.

Алімардон Шукураў вярнуўся ў “Тарпеда-БелАЗ”

Беларускі клуб “Тарпеда-БелАЗ” аднавіў супрацоўніцтва з паўабаронцам Алімардонам Шукуравым. Футбаліст вярнуўся ў каманду пасля няўдалага пераходу ў чэмпіянат Чэхіі. У мінулым сезоне Шукураў адыграў за жодзінцаў 27 матчаў, у якіх забіў 3 галы і аддаў столькі ж галявых перадач.

Максім Плотнікаў спрабуе свае сілы ў польскім футболе

Беларускі брамнік Максім Плотнікаў знаходзіцца на праглядзе ў польскай “Варце” з Познані, якая выступае ў другім дывізіёне. Раней 27-гадовы галкіпер гуляў за “Арсенал” Дзяржынск, “Тарпеда-БелАЗ”, “Дынама” Менск і “Шахцёр” Салігорск, а таксама меў вопыт выступаў у Казахстане. “Варта” зараз займае 13-е месца ў чэмпіянаце Польшчы.

Ніка Гансалес стаў гульцом “Манчэсцер Сіці”

Англійскі гранд “Манчэсцер Сіці” афіцыйна аформіў трансфер паўабаронцы “Порту” Ніка Гансалеса. 23-гадовы футбаліст падпісаў кантракт з клубам да 2029 года. Сума трансферу склала 60 мільёнаў еўра, а “Барселона”, якая прадавала Гансалеса раней, атрымае 40% ад прыбытку “Порту” за перапродаж. У гэтым сезоне Гансалес правёў 29 матчаў, забіў 7 галоў і аддаў 6 галявых перадач. “Ман Сіці” пакуль займае 5-е месца ў АПЛ і адстае ад лідара “Ліверпуля” на 15 ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя