Дысцыплінарная камісія Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) адхіліла апеляцыю беларускага хакеіста Івана Аношкі на чатырохмесячную дыскваліфікацыю, паведамілі ў ФХБ.

Нападнік, які выступаў за ХК “Дынама-Шыннік”, у парушэнне кантракта з клубам у жніўні мінулага года пакінуў яго размяшчэнне, каб гуляць за адну з каманд у ЗША. Па запыце беларускай федэрацыі хакея IIHF адхіліла заяўку на трансфер спартоўца ў Штаты. “Было прынята рашэнне адхіліць хакеіста ад удзелу ў нацыянальных і міжнародных гульнях на чатыры месяцы”, – гаворыцца ў паведамленні.
Пры гэтым Аношка далі два тыдні, каб вярнуцца ў Бабруйск і гуляць за “Шыннік”, аднак ён гэтага не зрабіў. Зараз ён выступае ў адной з ліг ЗША, якія не ўваходзяць у юрысдыкцыю IIHF, таму дыскваліфікацыя да яго не можа быць прыменена.
Ягор Шаранговіч паўтарыў дасягненне Андрэя Касціцына
У пераможным матчы супраць “Лос-Анджэлеса” 4:2 у рамках рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі беларускі нападнік “Калгары” Ягор Шаранговіч стаў аўтарам дзвюх галявых перадач. Дзякуючы асістэнцкаму дублю ў актыве Шаранговіча стала 53 (28+25) балы, якія ён зарабіў у 73 матчах. Такім чынам, 25-гадовы нападнік па колькасці набраных у сезоне балаў перасягнуў дасягненне беларускага нхлаўца Уладзіміра Цыплакова, які ў чэмпіянаце 1997/98 быў гульцом «Лос-Анджэлеса» і зарабіў 52 (26+27) ачкі. Акрамя таго, Ягор дагнаў яшчэ аднаго суайчынніка Андрэя Касціцына. У яго ў сезоне-2007/08 было 53 (26+27) ачкі ў 78 паядынках, праведзеных у форме «Манрэаля». Лідарам па колькасці набраных за сезон ачкоў сярод беларускіх хакеістаў, якія выступалі ў наймацнейшай лізе планеты, з’яўляецца Міхаіл Грабоўскі. У сезоне-2010/11 ён набраў 58 (29+29) балаў у 81 гульні.
Эксперымент галоўнага трэнера „Заглембе” Сасновец Аляксандра Хацкевіча з трэскам праваліўся
Легенда кіеўскага „Дынама” замкнуў футбалістаў у распранальні, і сказаў ім выбіраць тактыку і стыль гульні на матч супраць Катавіцы ў 25-м туры другога дывізіёна Польшчы, паведамляе Пётр Сланка. У выніку эксперыменту „Заглембе” прайграў 0:4.
Таксама Аляксандр Хацкевіч на прэс-канферэнцыі пасля матча папрасіў журналістаў падказаць план на гульню наступнага тура супраць «Тэрмалікі». Спецыяльна для гэтай мэты спецыяліст пакінуў адрас сваёй электроннай пошты. «Заглембе» займае апошняе месца ў чэмпіянаце Польшчы сярод каманд другога дывізіёна. Нагадаем, што Хацкевіч узначаліў польскі клуб у студзені. На чале „Заглембе” беларус правёў шэсць матчаў, у якіх каманда набрала ўсяго два ачкі і ідзе на апошнім месцы ў чэмпіянаце.
Экс-форвард алімпійскай зборнай Беларусі Варанкоў пяройдзе ў DMedia
Экс-нападнік зборнай Беларусі і кіеўскага «Дынама» Андрэй Варанкоў стане гульцом DMedia, якая плануе выступаць у расейскай аматарскай медыялізе. Пра гэта паведамляе «Ухо». Апошнім клубам 35-гадовага форварда быў брунэйскі ДПММ, у складзе якога ў 2019 годзе ён стаў чэмпіёнам Сінгапура і найлепшым бамбардзірам турніру. Усяго за ДПММ Варанкоў правёў 51 матч у розных турнірах, у якіх запісаў на свой рахунак 36 галоў. Раней футбаліст станавіўся бронзавым прызёрам моладзевага чэмпіянату Еўропы (2011) і ўдзельнічаў у Алімпійскіх гульнях у Лондане (2012). За зборную Беларусі правёў 9 матчаў.
БАТЭ займае лідыруючую пазіцыю сярод беларускіх каманд у рэйтынгу УЕФА
У новай версіі каманда з Барысава размясцілася на 152-й пазіцыі. БАТЭ адзіны, які ўваходзіць у топ-200 ад беларускіх клубаў. Салігорскі “Шахцёр” займае 219-е месца. “Тарпеда-БелАЗ” пакуль толькі 339-е. Усяго ў рэйтынгу восем айчынных каманд. Характэрна, што дзейны чэмпіён краіны менскае «Дынама» усяго толькі 283-е. Гарадзенскі «Нёман» 384-ы.
Наймацнейшым клубам Еўропы застаўся англійскі “Манчэстэр Сіці”, за якім ідуць нямецкая “Баварыя” і мадрыдскі “Рэал”.
Будзейка падоўжыў кантракт з «Мяшкоў Брэст»
Выхаванец берасцейскага гандбола правы паўсярэдні Ягор Будзейка падоўжыў кантракт з клубам «Мяшкоў Брэст». Ён з’яўляецца шасціразовым чэмпіёнам Беларусі.
Будзейка дэбютаваў за асноўную каманду «мяшкоўцаў» у красавіку 2017-га года ў гасцявым матчы з «Кронанам». За сем гадоў у клубе правёў 147 гульняў і закінуў 270 галоў. За выключэннем сезона-2021/22, які Ягор прапусціў з-за траўмы, кожны год ён заваёўваў залатыя медалі нацыянальнага першынства. Таксама выйграваў Кубак і Суперкубак, станавіўся трыўмфатарам SEHA-лігі. Браў удзел у матчах Лігі чэмпіёнаў.
У Беларусі забаранілі наведваць спартовыя мерапрыемствы з жывёламі
Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». У прыватнасці, згодна з ім, уведзена забарона на наведванне спартовых аб’ектаў з жывёламі. Абмежаванні не распаўсюджваюцца на сабак-павадыроў. Так званы закон уступіць у сілу 1 студзеня 2025 года.
Баскетбаліст Леброн Джэймс заявіў аб хуткім завяршэнні кар’еры
Баскетбаліст клуба Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі “Лос-Анджэлес Лэйкерз” Леброн Джэймс паведаміў, што блізкі да завяршэння кар’еры ў спорце. У панядзелак “Лэйкерз” абыгралі “Бруклін Нэц” у матчы рэгулярнага чэмпіянату НБА. 39-гадовы форвард стаў самым выніковым гульцом матчу, набраўшы 40 ачкоў. “Яшчэ 21 сезон я не адыграю – гэта ўжо дакладна. Засталося не так шмат. Не ведаю, калі дзверы зачыняцца, калі завяршу кар’еру. Але часу засталося няшмат”, – сказаў ён пасля сустрэчы. Джэймс у НБА дэбютаваў у 2003 годзе – у складзе каманды “Кліўленд Кавальерс”. Ён таксама выступаў за “Маямі Хіт”. Джэймс – чатырохразовы чэмпіён лігі, баскетбаліст чатыры разы прызнаваўся самым каштоўным гульцом чэмпіянату. У складзе амерыканскай зборнай спартовец двойчы выйграў Алімпійскія гульні.
Джэймс у лютым мінулага года стаў самым выніковым гульцом у гісторыі НБА: цяпер на яго рахунку 40 304 ачкі (у мінулага рэкардсмена Карыма Абдул-Джаббара – 38387).
Беларускае Радыё Рацыя