
Ilja Szkurin fot. GKSKatowice.eu
«ГКС Катавіцы» на выездзе перамог «ЛКС Лодзь» з лікам 2:1 у матчы 1/16 фіналу Кубка Польшчы.
Беларускі форвард шлёнскай каманды Ілья Шкурын выйшаў у асноўным складзе, адгуляў увесь матч і адзначыўся голам на 61-й хвіліне, зрабіўшы лік 2:0. Агулам Ілля правёў вельмі добры матч, на апошніх хвілінах гульні меў магчымасць забіць яшчэ, а на апошніх секундах сустрэчы кінуўся пад мяч і заблакаваў магчыма голавы ўдар «бел-чырвона-белых» па браме «гарнякоў».
У бягучым сезоне 26-гадовы Шкурын правёў шэсць матчаў за каманду і вызначыўся двума галамі.
Раней нападнік выступаў за варшаўскую «Легію», дзе правёў дзевяць матчаў ва ўсіх турнірах гэтага сезона, у якіх забіў адзін мяч.
Таксама ў 1/8 фінала ўчора прабіўся «Пяст» з Глівіц, які ў Аполе з лікам 2:0 перайграў «Одру». Што праўда беларускі форвард «каралеўскага» клуба Герман Баркоўскі прапусціў гульню з-за невялікага пашкоджання.
Беластоцкая «Ягелонія» сваю гульню з легніцкай «Медзьдзю» беларускага паўабаронцы Глеба Кучко правядзе заўтра.
Жаночая зборная Беларусі па футболе ў таварыскім паядынку згуляла ўчора з камандай Мальты і перайграла тую з лікам 1:0. Голам адзначылася нападаючая турэцкага «Фенербахчэ» – Карына Альховік.
У першым матчы падапечныя Вячаслава Грыгарава былі мацнейшымі за мальтыек з лікам 2:0.
Беларуская тэнісітка – 111 ракетка сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч прабілася ў 1/4 фіналу парнага турніру WTA 250 у Ганконгу.
У 1/8 фіналу Аляксандра разам са 106-й ракеткай расейкай Камілай Рахімавай адолела ў трохсэтавым матчы кітайска-філіпінскі дуэт Хаа-Чын Чань з 51-й ракеткай Аляксандрай Эалай – 2:1 (3:6, 6:1, 10:7).
У чвэрцьфінале ім сёння будзе супрацьстаяць амерыкана-японскі дуэт Сабрыны Сантамарыі і 92-й ракеткі сусветнага рэйтынгу Маюкі Уцідзіма.
А вось у матчы першага раўнда адзіночнага разраду Аляксандра Сасновіч саступіла 11-й ракетцы свету Беліндзе Бенчыч са Швайцарыі з лікам 3:6, 4:6.
Прызавы фонд турніра ў Ганконгу складае – $275 094 даляры ЗША.
У працяг тэніснай тэмы – адбылося лёсаванне Выніковага чэмпіянату WTA-2025 у адзіночным разрадзе, які пройдзе з 1 па 8 лістапада ў Эр-Рыядзе ў Саудаўскай Аравіі.
Па яго выніках першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка трапіла ў групу Штэфі Граф. Яе суперніцамі стануць Коры Гаўф, Джэсіка Пегула і Жасмін Пааліні.
У групе Серэны Уільямс апынуліся Іга Свёнтак, Аманда Анісімава, Алена Рыбакіна і Мэдысан Кіз.
Таксама 27-гадовая беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ўзначальвае і рэйтынг па колькасці заробленых прызавых у сезоне 2025 года.
Мінчанка прыняла ўдзел у 15 турнірах, на якіх выйграла сумарна 12 313 519 даляраў ЗША.
Гэта амаль на 4 мільёны больш, чым у полькі Ігі Свёнтак (9 417 532 даляры), якая займае другое месца па прызавых.
Адзначу, што прызавы фонд выніковага турніру складае 15 500 000 даляраў.
Чэмпіён заробіць яшчэ каля 5 мільёнаў даляраў.
Сумы, якія нам нават і не сніліся.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






