BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ілля Шкурын адкрыў лік сваім галам у новым сезоне

Фота: twitter.com/_Ekstraklasa

Матчам «Сталь» (Мелец) – «Відзэў» (Лодзь) у панядзелак завяршыўся першы тур польскай футбольнай экстракласы. Беларускі форвард «Сталі» Ілля Шкурын адкрыў лік у даданы да першага тайма час. Але дамагчыся вікторыі гаспадарам поля не ўдалося. На 73-й хвіліне Якуб Лукоўскі параўняў лічбы на табло. У выніку 1:1.

Пасля стартавых матчаў на чале табліцы практычна ўсе лідары мінулага сезону: па 3 ачкі набралі «Погань» (Шчэцін), «Ягелонія» (Беласток), «Ракув» (Чэнстахова), «Лех» (Познань), «Легія» (Варшава), «Радомяк».

Джэймс Леброн панясе сцяг ЗША на адкрыцці Алімпіяды

Стаў вядомы сцяганосец зборнай ЗША на парыжскай алімпіядзе. На цырымоніі адкрыцця ў сталіцы Францыі зорна-паласаты амерыканскі сцяг панясе знакаміты баскетбаліст клуба «Лос-Анджэлес Лейкерс» Леброн Джэймс. 39-гадовы Джэймс стане першым баскетбалістам-мужчынам, якому даверылі несці сцяг краіны на адкрыцці алімпіяды. Як гулец каманды ЗША Леброн Джэймс заваяваў два залатыя медалі на алімпіядах (2008-ы і 2012-ы год) і адзін бронзавы (у 2004-ым).

На юнацкім футбольным Еўра вызначыліся паўфіналісты

Працягваецца футбольны чэмпіянат Еўропы сярод юнакоў да 19 гадоў. Позна ўвечары ў панядзелак вызначыліся ўсе паўфіналісты. Гэта стала вядома пасля заключных матчаў у групе В. Францыя ўжо забяспечыла сабе месца ў плэй-оф датэрмінова і ў сустрэчы з Іспаніяй, каб заняць першае месца, яе задавальняла нічыя. Трохкаляровыя першымі вызначаліся голам, але ў другім тайме пірэнейцы гралі проста натхнёна на ўзор сваіх старэйшых сяброў па галоўнай камандзе краіны. Іспанцы забілі два мячы, былі наперадзе 2:1, але ў канцоўцы Францыя забіла – 2:2 – і заняла выніковае лідарскае месца ў групе.

Паралельны матч паміж Турцыяй і Даніяй быў адзначаны фаерверкам галоў. Цягам сустрэчы туркі былі наперадзе, пакуль мелі шанцы на выхал у плэй-оф. Але ўрэшце былі зафіксаваныя 3:3.

Такім чынам у паўфіналах юнацкага Еўра сустрэнуцца Францыя – Украіна, Італія – Іспанія. 5-6-е месцы разыграюць Нарвегія і Турцыя.

Арцём Доўбік пераходзіць у «Атлетыка»?

Украінскі форвард клуба «Жырона» Арцём Доўбік блізкі да таго, каб пакінуць каталонскую каманду. Паводле звестак інсайдара Ніколы Скіры, 27-гадовы нападнік знаходзіцца за крок ад пераходу ў мадрыдскі «Атлетыка», з якім ужо ўзгадніў умовы кантракту ажно да чэрвеня 2029 году. Цяпер мадрыдскі клуб працуе над дасягненнем пагаднення па суме трансфера з «Жыронай», якая хоча атрымаць за свайго форварда 40 мільёнаў еўра.

Прыпомнім, што «Жырона» у мінулым сезоне заняла 3-е месца ў турнірнай табліцы Ла Лігі, а «Атлетыка» – толькі 4-е. Абодва клубы выступяць у чарговым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў. Што датычыць Доўбіка, то ён стаў найлепшым бамбардзірам мінулага чэмпіянату – забіў 25 мячоў і аддаў 10 голавых перадачаў за 41 матч.

Хуберт Хуркач змушаны прапусціць алімпіяду

Польскі тэнісіст Хуберт Хуркач (№7 ATP) паведаміў, што змушаны прапусціць алімпійскія гульні ў Парыжы. Прычынай таму – траўма калена. Тэнісны майстар пашкодзіў яго ў матчы другога раўнду Уімблдонскага турніру, пасля чаго зняўся з таго спабору. Раней Хуркач планаваў выступіць на алімпіядзе і ў змешаным разрадзе – разам з суайчынніцай Ігай Свёнтэк.

Беларускае Радыё Рацыя