
У польскай футбольнай Экстракласе ўчора быў згуляны заключны матч 23 тура.
«Заглембе» ў Любіне перайграў з лікам 2:0 плоцкую «Віслу».
Таксама адзначым добрую гульню ў гэтым туры беларускага форварда катовіцкага «ГКС» Іллі Шкурына ў матчы супраць забжанскага «Гурніка». Ілля выйшаў на поле на 79 хвіліне, калі лік на табло быў 1:1. Беларус непасрэдна спрычніўся да далейшых двух узяццяў варот, чым дапамог сваёй камандзе перамагчы з лікам 3:1.
Па выніках 23 тураў беластоцкая «Ягелонія» з 38 ачкамі працягвае ўзначальваць турнірную табліцу. Столькі ж маюць «Заглембе» і пазнаньскі «Лех», але «Яга» пры гэтым мае ў запасе двойчы перанесены з-за снегу матч з «ГКС», які з трэцяй спробы будзе згуляны ў Беластоку 17 сакавіка. Клуб жа Іллі Шкурына ідзе з гульнёй у запасе і 30 ачкамі на 10-м радку. І глівіцкі «Пяст» іншага беларускага форварда Германа Баркоўскага зараз мае 29 пунктаў і знаходзіцца на 13 месцы Экстракласы.
У гасцявым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Чыкага» здабыў упэўненую перамогу над «Ютай» з лікам 4:0.
Беларускі гулец абароны «Чыкага» Арцём Леўшуноў перапыніў серыю без набраных балаў, якая доўжылася 11 сустрэч запар. У Солт-Лэйк-Сіці абаронца прыняў удзел у трэцім узяцці брамы гаспадароў, запісаўшы на свой рахунак галявую перадачу на Лэндана Слэгерта.
Гульнявы час Леўшунова ў гэтым паядынку склаў 17 хвілін 4 секунды. Матч ён завяршыў з паказчыкам карыснасці «+1».
У цяперашнім рэгулярным сезоне на рахунку Арцёма 22 (2+20) ачкі ў 55 праведзеных гульнях. На дадзены момант «Чыкага» знаходзіцца на 14-м радку ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі, адстаючы ад «Сіэтла», які замыкае кубкавую васьмёрку, на 10 балаў.
А вось «Калгары» саступіў «Анахайму» ў серыі пасляматчавых булітаў з лікам 2:3.
Беларускі нападнік «Калгары» Ягор Шаранговіч вызначыўся закінутай шайбай і таксама перапыніў серыю з васьмі матчаў без набраных ачкоў.
Агулам Шаранговіч правёў на пляцоўцы 17 хвілін 24 секунды і зарабіў нулявы паказчык карыснасці.
У бягучым сезоне НХЛ Шаранговіч прыняў удзел у 54 матчах, у якіх набраў 21 (12+9) ачко па сістэме «гол+пас». Яго паказчык карыснасці складае «-19», таксама ён зарабіў 8 хвілін штрафнога часу.
На дадзены момант «Калгары» займае 13-е месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. Каманда адстае на 10 балаў ад зоны плэй-оф.
А таксама «Пітсбург» Іллі Салаўёва буйна абыграў «Вегас» з лікам 5:0. Што праўда беларус не патрапіў у заяўку.
«Ліхай Вэлі» на хатнім лёдзе абыграў «Хартфард» у матчы АХЛ з лікам 6:3.
Беларускі брамнік гаспадароў Аляксей Коласаў правёў на лёдзе ўсю гульню.
Ён адбіў 23 з 26 кідкоў суперніка.
Агулам у бягучым сезоне АХЛ Коласаў правёў 26 матчаў, дасягнуўшы 11 перамог.
Таксама ў АХЛ «Абатсфард» на выездзе абыграў у авертайме «Калгары Хітмэн» з лікам 3:2.
Беларускі нападнік «Абатсфарда» Даніла Клімовіч закінуў шайбу, адкрыўшы лік у гэтым паядынку і зарабіў паказчык карыснасці «+1».
Па выніках сустрэчы ён быў прызнаны другой зоркай матча.
У гэтым сезоне ў АХЛ Клімовіч правёў 46 матчаў, у якіх вызначыўся 19 (9+10) баламі.
У беларускай хакейнай Экстралізе прайшлі гульні 52 тура рэгулярнага чэмпіяната.
«Магілёў» прайграў менскаму «Юнацтву» з лікам 2:5.
«Ліда» гарантавала сабе ўдзел у плей-оф чэмпіянату Беларусі, упершыню за 7 гадоў, дзякуючы перамозе над наваполацкім «Хімікам» з лікам 2:1.
Раней у плэй-оф выйшлі «Юнацтва», салігорскі «Шахцёр» і «Віцебск».
Вышэйзгаданы «Шахцёр» з лікам 4:0 разграміў «Авіятар» з Баранавіч.
З лікам 4:3 «Брэст» перамог смаленскі «Славуціч».
«Гомель» з лікам 1:3 саступіў «Металургу» са Жлобіна.
Гарадзенскі «Нёман» перамог аршанскі «Лакаматыў» з лікам 2:1.
І з лікам 3:1 «Віцебск» быў мацнейшым за «Дынама-Маладэчна».
Сёння адбудзецца паядынак 1-га тура групы E кваліфікацыі жаночага чэмпіянату свету 2027 года па футболе паміж зборнымі Чэхіі і Уэльса.
На гэты матч прызначаная судзейская брыгада на чале з беларускай Вольгай Блоцкай. Дапамагаць ёй на лініі будзе суайчынніца Ганна Налівайка. Чацвёртым арбітрам сустрэчы стане Валянціна Сакаловіч.
Таксама ў судзейскую брыгаду як асістэнт увайшла Лаўра Сабо з Венгрыі.
Сустрэча пройдзе ў чэшскім горадзе Угерску-Градышце.
25-гадовая беларуская тэнісістка Юлія Гатоўка (№796 рэйтынгу WTA) стала пераможцай турніру ITF-15 на хардавым пакрыцці ў егіпецкім Шарм-эль-Шэйху.
У фінале беларуска сустракалася з 20-гадовай славенкай Эла-Налай Міліч (№1013).
Гульня завяршылася з лікам 2:0 – 6:2, 6:3.
На шляху да фіналу Гатоўка не прайграла суперніцам ніводнага сэту і выбіла з барацьбы сваю суайчынніцу Ганну Кубараву.
Паводле рэгламенту спаборніцтваў такой катэгорыі, пераможца можа разлічваць на грашовую ўзнагароду ў дыяпазоне ад 2300 да 3900 даляраў.
28-гадовая беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч (№159) выйграла парны турнір серыі WTA-125 у турэцкай Анталіі.
Беларуска ў дуэце з расейкай Марыяй Козыравай абгуляла Пеангтарн Пліпуек (Тайланд) і Мамако Кобары (Японія) з лікам 2:0 – 7:5, 6:1.
За ўвесь турнір Шымановіч і Козырава таксама не прайгралі ніводнага сэта.
Шымановіч брала ўдзел і ў адзіночным разрадзе гэтага турніра, аднак не здолела выйсці ў чвэрцьфінал.
Тым не менш гэты поспех прынёс пераможцам 125 рэйтынгавых балаў і чэк на суму каля 6 тысяч даляраў на каманду (агульны прызавы фонд турніру складаў 115 тысяч даляраў).
Прэзідэнт Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Украіны Валерый Сушкевіч паведаміў, што ўкраінскай зборнай не дазволілі выступаць на Паралімпіядзе-2026 у форме з выявай мапы краіны.
Паводле словаў Валерыя Сушкевіча, Міжнародны паралімпійскі камітэт палічыў такі дызайн «палітызаваным» і папярэдзіў, што ў разе выкарыстання гэтай экіпіроўкі спартоўцаў могуць не дапусціць да афіцыйных цырымоній.
Гаворка ідзе пра форму з буйной выявай мапы Украіны, у тым ліку з адлюстраваннем часова акупаваных Расеяй тэрыторый.
У выніку забароны камандзе давялося тэрмінова вырабіць новы камплект формы і накіраваць яго ў Італію, дзе ўжо знаходзіцца нацыянальная зборная.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






