Беластоцкая «Ягелонія» забяспечыла сабе месца ў 1/8 фіналу Лігі Канферэнцый, перамогшы сербскі ТСЦ з лікам 3:1. Галоўнай фігурай матчу стаў іспанец Хесус Імаз, які не толькі забіў, але і асіставаў Крыстаферу Хансэну, які адкрыў лік. Яшчэ адзін гол сербы забілі ў сваю браму. Гэта ўжо другая перамога “Ягелоніі”, ў першай сустрэчы беластачане таксама выйгралі 3:1.

«Нёман» рыхтуецца да фіналу Суперкубка
Галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч заявіў, што клуб настроены на перамогу ў Betera-Суперкубку Беларусі, але не будзе рызыкаваць любой цаной. Сустрэча з «Дынама» Менск адбудзецца 22 лютага на стадыёне ФК «Мінск» у 14:00. Трэнер адзначыў, што клуб не ігнаруе змены ў складзе суперніка і ўважліва сачыў за яго таварыскімі матчамі.
Сабаленка працягвае ўтрымліваць лідарства ў рэйтынгу WTA
Нягледзячы на паразу ў 1/8 фіналу турніру ў Дубаі, беларуская тэнісістка Арына Сабаленка павялічыла свой адрыў ад полькі Ігі Швёнтэк у сусветным рэйтынгу. З 24 лютага яна працягне ўзначальваць табліцу WTA маючы 9076 ачкоў, у той час як Швёнтэк застанецца другой – у яе 7985 балаў.
Францыя – чэмпіён свету ў біятлонным сінгл-мікстэ
Жулія Сімон і Кантэн Фійон-Майе прынеслі Францыі золата ў сінгл-мікстэ на ЧС-2025 у Ленцерхайдэ. Яны выкарысталі сем дадатковых патронаў. Другімі сталі нарвежцы Рагнхільд Фемстэйнэвік і Ёханэс Бё, трэцімі – немцы Францыска Пройс і Юстус Штрэлоў.
«Веспрем» першым выйшаў у чвэрцьфінал ЛЧ па гандболе
Венгерскі «Веспрем» перамог «Спортынг» 33:32 і датэрмінова гарантаваў сабе месца ў 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Беларускі крайні Мікiта Вайлупаў забіў 33 мячы ў сезоне. «Вісла» з беларускім гандбалістам Кірылам Самойлам перамагла «Берлін» 32:27.
Юнацкі ЧЕ па цяжкай атлетыцы перанесены ў Іспанію
З-за адмовы польскіх уладаў выдаваць візы беларусам і расіянам, юнацкі і U-15 чэмпіянаты Еўропы па цяжкай атлетыцы перанесены з Польшчы ў Іспанію. EWF зацвердзіла Мадрыд як новае месца правядзення спаборніцтваў, якія адбудуцца з 23 па 30 ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя






