BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ірына Шымановіч выбыла ў чвэрцьфінале турніру ў Мексіцы

214-ы нумар рэйтынгу ВТА беларуска Ірына Шымановіч выбыла ў 1/4 фіналу турніру ў мексіканскім Ірапуата. Наша суайчынніца саступіла прадстаўніцы Канады 165-й ракетцы планеты Рэбецы Марыне – 7:5, 1:6, 4:6. Прызавы фонд спаборніцтваў складае 100 000 даляраў.

Гол Шкурына дапамог «Сталі» абыграць «Пушчу» ў матчы польскай экстракласы

Клуб «Сталь» з Мелеца абыграў «Пушчу» ў матчы 20-га тура чэмпіянату Польшчы па футболе ў экстракласе. Футбалісты «Сталі» святкавалі валявую перамогу над «Пушчай» з Непаломіцы, у хатняй сустрэчы рэгулярнага чэмпіянату Польшчы ў наймацнейшым дывізіёне краіны. Матч, які адбыўся ў Мелецы на Гарадскім стадыёне, завяршыўся перамогай «Сталі» з лікам 2:1. Лік у матчы адкрыў паўабаронца «Пушчы» Матэвуш Халевяк на 23-й хвіліне паядынку. У другой палове сустрэчы беларускі нападнік мелецкай «Сталі» Ілля Шкурын, зраўняў лічбы на табло на 83-й хвіліне. Пераможную кропку ў супрацьстаянні дзвюх каманд паставіў паўабаронца «сталеўцаў» Пётр Улаза, які засмуціў брамніка «Пушчы» Оліверы Зыха на 93-й хвіліне.
Такім чынам, футбалісты мелецкай «Сталі» святкуюць сёмую перамогу ў бягучым сезоне, чатыры разы згуляўшы ўнічыю і восем разоў прайграўшы. «Сталёўцы» на восьмым радку ў турнірнай табліцы польскага чэмпіянату з 25 набранымі ачкамі ў актыве.

Берасцейскае «Дынама» разграміла «Нафтан» на турніры Winter Cup

Футбалісты берасцейскага «Дынама» святкавалі буйную перамогу на старце перадсезоннага турніру Winter Cup. У гульні на полі берасцейскага манежа гаспадары разграмілі наваполацкі «Нафтан» з сухім лікам 8:0. Галявы дубль аформіў кенійскі нападнік Джосфат Лапага. У другім паядынку срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі гарадзенскі «Нёман» не здолеў адолець прадстаўніка першай лігі нацыянальнага першынства віцебскі «Макслайн» – нічыя 0:0. Сёння «Нёман» пазмагаецца з «Нафтанам», а берасцейскае «Дынама» – з «Макслайнам». Летась пераможцам Winter Cup стаў гарадзенскі «Нёман».

Матч зборных Аргенціны і Нігерыі быў адменены з-за скандалу з Месі

Спартовы камітэт Ханчжоў аб’явіў аб адмене таварыскага матчу паміж зборнымі Аргенціны і Нігерыі. «З вядомых прычынаў кампетэнтныя органы прыйшлі да высноваў, што ўмоў для правядзення матчу з удзелам аргенцінскай каманды няма. Прынята рашэнне адмяніць гэтае мерапрыемства», – як перадае «Чэмпіянат», гаворыцца ў афіцыйнай заяве. Варта адзначыць, што пад словамі «вядомыя прычыны» арганізатары мелі на ўвазе канфліктную сітуацыю з удзелам нападніка «Інтэр Маямі» Ліянэля Месі ў Ганконгу. Там аргенцінец не ўдзельнічаў у матчы з-за траўмы, але праз некалькі дзён усё ж згуляў у Японіі, што выклікала абурэнне фанатаў. Сустрэча Аргенціны і Нігерыі павінна была адбыцца ў другой палове сакавіка ў Кітаі.

Прадстаўніца Францыі перамагла ў спрынце на чэмпіянаце свету ўпершыню з 2015 года

У чэшскім Нове-Места ў рамках чэмпіянату свету па біятлоне-2024 прайшоў жаночы спрынт. У ім перамагла дзейная ўладальніца Кубка свету ў агульным заліку францужанка Жулі Сімон. Апошні раз французская біятланістка перамагала ў спрынце на чэмпіянаце свету ў фінскім Контыялахці ў 2015 годзе. Тады гонку выйграла Мары Дарэн-Абер, якая на фінішы на 9,6 секунды апярэдзіла прадстаўніцу Польшчы Вераніку Навакоўскую-Жамняк.

Беларускае Радыё Рацыя