
Фота: Lance!
214-ы нумар сусветнага рэйтынгу беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч пераможна стартавала ў кваліфікацыі US Open. У 1/4 фінале адзіночнага разраду беларуска адолела ў двухсэтавым паядынку 156-ю ракетку планеты японскую тэнісістку Сару Саіту — 6:4, 6:3. Сустрэча працягвалася гадзіну 34 хвіліны. У паўфінале кваліфікацыі суперніцай Шымановіч будзе аўстралійка Майя Джойнт, якая абыграла польку Маю Хаваньску.
Беларус Валеўскі выйшаў у фінал юнацкага чэмпіянату свету па барацьбе
Беларускі барэц Кірыл Валеўскі гарантаваў медаль першынства планеты сярод спартоўцаў не старэйшых за 17 гадоў, якое прымае сталіца Іарданіі Аман. Прадстаўнік грэка-рымскага стылю Валеўскі выступае ў вагавай катэгорыі да 71 кг. У першым раўндзе беларус перамог Самвэла Тэрцярана з Арменіі, у чвэрцьфінале быў мацней за кітайца Дзіньхаа Ву, а ў паўфінале разабраўся з Бехрузбекам Валіевым з Узбекістана 7:4. У паядынку за золата супрацьстаяць беларусу будзе расіянін Уладзіслаў Бырля. Два месяцы таму Кірыл Валеўскі заваяваў золата юнацкага чэмпіянату Еўропы ў Сербіі, годам раней беларус таксама быў мацней на кантыненце ў сваёй узроставай групе.
Менскае “Дынама” расталася з беларускім абаронцам
Менскае «Дынама» расталася з беларускім абаронцам Мікітам Парфенюком. З 20-гадовым гульцом скасаваны кантракт па дамове бакоў, аднак клуб захаваў за сабой правы, паведамляе прэс-служба сталічных «зуброў». У мінулым сезоне КХЛ гулец абароны правёў за кітайскі клуб “Куньлунь” 62 гульні, дзе зарабіў 8 хвілін штрафу з паказчыкам карыснасці “-9”. У пачатку жніўня ўраджэнец Кобрына быў камандзіраваны ў менскае “Юнацтва”, дзе правёў 4 гульні і закінуў 1 шайбу, пры паказчыку карыснасці “+3” і 2 хвілінах штрафу.
Стартаваў продаж квіткаў на матчы “Фінала чатырох” Кубка Салея
Стартаваў продаж квіткоў на матчы “фіналу чатырох” Кубка Салея. Галоўныя гульні першага афіцыйнага хакейнага турніру ў сезоне прыме Віцебск. Кошт квіткоў на ўсе матчы фіналу чатырох – ад 6 да 7 беларускіх рублёў. Нагадаю, прамыя пуцёўкі ў фінал чатырох заваявалі пераможцы ў сваіх групах — менскае “Юнацтва” і “Віцебск”. За астатнія два месцы паспрачаюцца “Хімік” (Наваполацк) і “Нёман” (Гародня), “Шахцёр” (Салігорск) — “Гомель”. Матч за трэцяе месца і фінал Кубка Салея пройдуць 1 верасня.
Ян Вертонген прапусціць першы матч менскага “Дынама” і “Андэрлехта”
Абаронца “Андэрлехта” Ян Вертонген прапусціць першую сустрэчу паміж менскім “Дынама” і “Андэрлехтам” у плэй-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы. Паведамляецца, што 37-гадовы экс-гулец “Аякса”, “Тотэнхэма” і “Бенфікі” аднаўляецца пасля траўмы ахілавага сухажылля. Таксама ў спісе траўмаваных бельгійскага калектыву на дадзены момант значыцца апорнік Марка Кана, і вінгеры Фрэнсіс Ампанзу і Торган Азар, які аднаўляецца пасля траўмы крыжападобных звязкаў.
“Барселона” паказала як будзе выглядаць новы “Камп Ноу”
“Барселона” апублікавала новы вобраз абноўленага стадыёна “Камп Ноу” пасля маштабнай рэканструкцыі. Ацэначны кошт рэканструкцыі складае каля 1,5 млрд еўра. Умяшчальнасць абноўленага стадыёна павінна павысіцца з 99 354 да 106 000 гледачоў. На арэне таксама з’явіцца дах, які высоўваецца і абараняе ўсе трыбуны. Іспанскі клуб збіраецца вярнуцца на родную арэну ў снежні пасля больш як года рэканструкцыі.
Беларускае Радыё Рацыя