BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Іспанскі форвард наблізіў “Ягелонію” да 1/8 фіналу Лігі Канферэнцый

Беластоцкая “Ягелонія” зрабіла сур’ёзную заяўку на выхад у наступны раўнд Лігі Канферэнцый, перамогшы на выездзе сербскі “ТСЦ” з лікам 3:1.

Асноўную ролю ў перамозе адыграў іспанскі форвард Хесус Імаз, які аформіў дубль. Спачатку ён скарыстаўся памылкай абаронцаў і параўняў лік на 31-й хвіліне, а пад канец сустрэчы паставіў кропку, забіўшы трэці гол сваёй каманды. Яшчэ адзін мяч забіў ангольскі нападнік Афіміку Пулулу на 81-й хвіліне.

Ліга Еўропы: “Порту” і “Рома” разышліся мірам

Першы матч 1/16 фіналу Лігі Еўропы паміж “Порту” і “Ромай” завяршыўся нічыёй 1:1. Італьянцы змаглі адкрыць лік у дададзены час першага тайма дзякуючы дакладнаму ўдару Чэліка, але партугальцы адказалі на 67-й хвіліне, калі Моўра вярнуў надзеі “Порту” перад матчам у адказ. У іншых матчах “АЗ Алкмар” зладзіў сапраўднае разгромнае шоу супраць “Галатасарая” – 4:1, ПАОК нечакана саступіў “Сцяуа” 1:2, а “Твентэ” ў напружанай барацьбе абыграў “Будэ-Глімт” 2:1. Турэцкі “Фенербахчэ” без праблем справіўся з “Андэрлехтам”, разграміўшы суперніка 3:0. Тадзіч адкрыў лік ужо на 11-й хвіліне, а пасля Джэка і Эн-Нэсіры замацавалі перавагу гаспадароў. “Рэал Сасьедад” дамогся валявой перамогі над “Мідцьюландам” 2:1, “Ференцвараш” у роўнай барацьбе перамог “Вікторыю Плзень” 1:0, а “Аякс” здолеў упэўнена абыграць “Юніон” 2:0, зрабіўшы добры зачын перад матчам у адказ.

Зборныя Беларусі і Расеі правядуць таварыскі матч у Менску

10 чэрвеня ў Менску адбудзецца таварыскі матч паміж зборнымі Беларусі і Расеі. Гэта стане трэцім спарынгам для беларусаў у гэтым годзе – раней яны згуляюць з Таджыкістанам (20 сакавіка) і Азербайджанам (25 сакавіка). Гэтыя матчы дапамогуць падрыхтавацца да адборавага турніру чэмпіянату свету-2026, які пачнецца ў верасні.

Лапавухаў атрымаў сур’ёзную траўму ў Балгарыі

Фёдар Лапавухаў, які выступае за сафійскі ЦСКА, атрымаў  траўму – падчас трэніроўкі ён сутыкнуўся з партнёрам па камандзе і зламаў палец. Беларускі галкіпер цяпер вымушаны прапусціць некалькі тыдняў і не дапаможа сваёй камандзе ў найбліжэйшых матчах.

Хакеісты менскага “Дынама” не здолелі дабіцца поспеху супраць “Віцязя”

Менскае “Дынама” не змагло працягнуць пераможную серыю, прайграўшы “Віцязю” 0:3. Нягледзячы на актыўны старт, “зубры” прапусцілі першымі на 18-й хвіліне і не здолелі рэалізаваць свае моманты. У трэцім перыядзе іх спроба адыграцца не ўдалася, а замест гэтага мінчане двойчы прапусцілі ў пустую брамку. Гэта параза стала для “Дынама” ўжо другой без забітых галоў у трох матчах, аднак каманда захоўвае шанцы на плэй-оф, знаходзячыся на 7-м месцы ў заходняй канферэнцыі.

“Гомель” адыграўся 0:2 і вырваў перамогу ў “Юнацтва”

У драматычным матчы экстралігі “Гомель” здолеў выратавацца пасля няўдалага першага перыяду, у якім “Юнацтва” павяло 2:0. У другой частцы гульні “рысі” зраўнялі лік, а ў трэцім перыядзе здолелі двойчы закінуць у канцоўцы, перамогшы 5:3. У іншых матчах “Нёман” вырваў перамогу 3:2 над “Авіатарам”, “Брэст” быў мацней за “Хімік” з такім жа лікам, а “Шахцёр” нечакана буйна саступіў “Лідзе” 1:4.

За чатыры туры да канца рэгулярнага чэмпіянату тройка лідараў выглядае так:

1. “Юнацтва” – 72 ачкі

2. “Нёман” – 68

3. “Віцебск” – 68

У зоне плэй-ін знаходзяцца “Лакаматыў” і “Шахцёр” (па 51 ачку), а “Брэст”, “Хімік” і “Славуціч” вядуць барацьбу за апошнія месцы ў плэй-оф.

“Веспрэм” працягвае дамінаваць у гандбольнай Лізе чэмпіёнаў

Гандбалісты венгерскага “Веспрэма” святкавалі дзясятую перамогу ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў, абыграўшы “Дынама” Бухарэст 33:26. Польская “Вісла” нечакана абыграла “ПСЖ” 31:28, а “Барселона” саступіла “Ольбаргу” 35:36.

Беларускае Радыё Рацыя