Італія будзе дамагацца перамір’я на час Алімпійскіх гульняў «Мілан-Карціна 2026». Гэта павінна распаўсюджвацца на ўсе войны, уключна з Украінай і Блізкім Усходам, заявіў міністр замежных спраў гэтай краіны Антоніа Таяні.

«Мы павінны быць чэмпіёнамі міру», — сказаў міністр. «Мы падтрымліваем план ЗША [для Газы], і, як казаў Папа Леў, мы ніколі не павінны адмаўляцца ад надзеі на мір. Рым і Італія ўсё больш становяцца скрыжаваннем міру, развіцця і росту. Напярэдадні Алімпійскіх гульняў «Мілан-Карціна 2026» мы прадстаўляем у ААН прапанову аб Алімпійскім перамір’і для ўсіх войнаў, уключна з Украінай і Блізкім Усходам», — сказаў ён.
XXV зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць з 6 па 22 лютага 2026 года ў Мілане і Карціна-д’Ампеца (Італія).
У працяг алімпійскай тэмы – шматразовы чэмпіён Беларусі Ігар Бокі больш не зможа ўдзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях.
Прычынай сталі змены ў міжнародных правілах спартовай класіфікацыі. Бокі выступаў у класе S13 – для спартсменаў з парушэннямі зроку – і за сваю кар’еру заваяваў 21 залаты медаль на Паралімпіядах, стаўшы адным з самых тытулаваных паралімпійцаў у гісторыі. Згодна з новымі патрабаваннямі класіфікацыйнага кодэкса, дыягназ, з якім раней дапускаліся спартсмены – у прыватнасці, высокая ступень міяпіі – больш не ўваходзіць у пералік захворванняў, якія даюць магчымасць удзельнічаць у спаборніцтвах гэтага класа.
Беларус Іван Літвіновіч выйграў агульны залік у Кубку свету па скачках на батуце.
У сезоне 2025 года адбыліся 6 этапаў. У залік ішлі 4 лепшыя вынікі. Літвіновіч заваяваў залатыя медалі на этапах у Баку, італьянскай Рыччоне і партугальскай Каімбры. За тры перамогі Іван набраў 180 балаў і заняў першае месца ў агульнай табліцы.
Генеральную класіфікацыю двухразовы алімпійскі чэмпіён таксама выйграў у мінулым годзе.
У жанчын найлепшай з беларусак стала Кацярына Яршова, якая размясцілася на 7-м месцы.
Чэмпіянат свету па гэтым відзе спорту адбудзецца з 5 па 10 лістапада ў гішпанскай Памплоне.
Беларускі футбольны спецыяліст Міхаіл Марціновіч стаў галоўным трэнерам «МЛ» Віцебск. Раней 46-гадовы спецыяліст працаваў у трэнерскім штабе грозненскага «Ахмата». Да гэтага абавязкі галоўнага трэнера «МЛ» Віцебск выконваў Віктар Петрашка. Кантракт Міхаіла Марціновіча разлічаны да канца бягучага сезона, але прадугледжвае опцыю падаўжэння на больш працяглы тэрмін.
У гэтым сезоне чэмпіянату Беларусі ў Вышэйшай лізе «МЛ» засталося правесці 6 матчаў – супраць «Мінска», «Віцебска», «Іслачы», «Маладзечна-2018», «Гомеля» і менскага «Дынама».
У працяг трэнерскай тэмы. Новым галоўным трэнерам зборнай Казахстана стане паляк Міхал Пробеж, паведаміў Kanał Sportowy са спасылкай на словы журналіста Матэвуша Барэка ў праграме «Moca Futbolu».
На дадзены момант выконваючым абавязкі галоўнага трэнера нацыянальнай каманды з’яўляецца Талгат Байсуфінаў, да яго таксама в. а. быў Алі Аліеў, які прыняў каманду пасля адстаўкі расейца Станіслава Чарчэсава.
Летам 2025 года Пробеж пакінуў пасаду галоўнага трэнера зборнай Польшчы. Ён пазбавіў капітанскай павязкі Роберта Левандоўскага, пасля чаго той адмовіўся гуляць за каманду.
Без Роберта Польшча прайграла Фінляндыі з лікам 1:2 у кваліфікацыі ЧС-2026. Праз два дні пасля гэтага Прбежа звольнілі.
У кітайскім Ухані працягваюцца матчы першага раўнда асноўнай сеткі турніру WTA-1000. Там вызначылася суперніца першай ракеткі сусветнага рэйтынгу беларускі Арыны Сабаленкі ў 1/16 фіналу.
Ёю стала прадстаўніца Славакіі Рэбека Шрамкова – 68-я ракетка.
У 1/32 фіналу яна перайграла 34 ракетку расейку Ганну Калінскую з лікам 2:1 (6:2, 3:6, 6:3).
Матч Сабаленкі і Шрамковай праходзіць акурат у гэтыя хвіліны.
У беларускай хакейнай Экстралізе прайшлі матчы 11 і 12 тураў рэгулярнага чэмпіянату. І вось іх вынікі.
«Ліда» перамагла аршанскі «Лакаматыў» з лікам 2:0.
Гарадзенскі «Нёман» толькі ў овертайме здолеў даць рады «Брэсту» з лікам 1:0.
«Віцебск» саступіў салігорскаму «Шахцёру» з лікам 2:3.
Менскае «Юнацтва» досыць нечакана на сваёй пляцоўцы прайграла смаленскаму «Славуцічу» – 3:5.
«Гомель» з лікам 3:2 адолеў наваполацкі «Хімік».
Жлобінскі «Металург» абыграў з лікам 6:3 баранавіцкі «Авіятар».
«Дынама-Маладэчна» разграміла «Магілёў» з лікам 8:1.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






