BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Італія і свет чакаюць адкрыцця зімовай алімпіяды

зімовая алімпіяда

Ужо ў гэтую пятніцу ў італьянскіх Мілане і Карціне-д’Ампеца адкрыюцца Зімовыя алімпійскія гульні. Італія прыме Зімовую Алімпіяду трэці раз. Да гэтага былі 1956 і 2006 гады. Першыя спаборніцтвы пачнуцца ўжо сёння, але першыя медалі будуць разыграныя ў суботу.

Беларусь на Алімпіядзе будзе прадстаўленая мінімальнай колькасцю спартоўцаў, усяго сем чалавек.

Беларускі біятлон і хакей, як і расейскі, знаходзяцца пад банам, а ў перспектыўны медальны фрыстайл адабраліся толькі дзяўчаты.

Склад беларускай дэлегацыі выключна жаночы: у Італіі выступяць сямёра дзяўчат. Гэта Ганна Гуськова, Ганна Дзяруга, Анастасія Андрыянава ў фрыстайле, Марына Зуева ў каньках, Ганна Каралёва ў лыжах, Марыя Шканава ў горных лыжах і Вікторыя Сафонава ў фігурным катанні.

Першымі выступяць у суботу, 7 лютага, Ганна Каралёва ў лыжным скіятлоне на 20 км (10+10 км). Марына Зуева будзе ўдзельнічаць у забегу на 3000 м. Лыжныя гонкі (спрынт у класічным стылі) з Ганнай Каралёвай адбудуцца 10 лютага. Праз дзень, 12 лютага, — лыжныя гонкі Ганны Каралёвай у раздзельнай гонцы на 10 км. А таксама у канькабежным спорце забег Марыны Зуевай на 5000 м.

Спаборніцтвы па лыжнай акрабатыцы ў фрыстайле пачнуцца 17 лютага. А фінал (дзеля гэтага трэба трапіць у топ-12) пройдзе 18 лютага. Нагадаем, што менавіта ў фрыстайле Ганна Гуськова заваявала золата на Алімпіядзе-2018 і срэбра на Алімпіядзе-2022.

У той жа дзень 18 лютага пройдзе кароткая праграма ў фігурным катанні, дзе Беларусь прадставіць Вікторыя Сафонава. Таксама 18 лютага ў гарналыжным слаламе на старт выйдзе Марыя Шканава.
Увечары 19 лютага, у чацвер, — адвольная праграма ў фігурным катанні.

Прыгадаем, што на мінулай Зімовай Алімпіядзе ў 2022 годзе беларусы заваявалі два медалі: срэбра Ганны Гуськовай у фрыстайле і Антона Смольскага ў біятлоне. Але там удзельнічалі 29 спартоўцаў, а не 7, як зараз.

Цалкам магчыма, што Гульні-2026 будуць першай Зімовай Алімпіядай з 1994 года, з якой беларусы вернуцца без медалёў.

Міжнародныя тэнісныя асацыяцыі абнавілі свае рэйтынг-лісты. Нягледзячы на прайграны фінал Australian Open беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ўмацавала пазіцыі ў сусветным рэйтынгу. Першая ракетка свету мае зараз 10 990 балаў, у Ігі Свёнтак з Польшчы 7 978 балаў. На трэцяе месца ўзнялася пераможца Australian Open Алена Рыбакіна з Казахстана, у яе 7 610 балаў.

У беларусак Аляксандры Сасновіч — 109-е месца (710 балаў), у Вікторыі Азаранкі — 149-е (485 балаў).

У мужчынскім рэйтынгу на вяршыні пераможца Australian Open, 22-гадовы гішпанец Карлас Алькарас, у яго 12 050 балаў, у Яніка Сінера з Італіі другое месца і 11 500 балаў. На трэцім месцы Аляксандр Звераў з Германіі, у якога 5 105 балаў, нязменны Новак Джокавіч на чацвертым месцы – у яго 4 780 балаў.

У польскай футбольнай Экстракласе ўчора быў згуляны адзін перанесены матч 4 тура.

Глівіцкі «Пяст» Германа Баркоўскага прымаў пазнаньскі «Лех». Беларускі форвард выйшаў у аснове і адгуляў увесь матч, які яго каманда выйграла ў дзеючага чэмпіёна з лікам 1:0. Дзякуючы гэтай перамозе «Пяст» узняўся з 15-га адразу на 12-ы радок турнірнай табліцы.

У Менску ў Доме футбола адбылося пасяджэнне камітэта па клубным ліцэнзаванні на сезон-2026.
Па выніках пасяджэння ліцэнзіі атрымалі 16 клубаў: віцебскі «МЛ», «Мінск», жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», мазырская «Славія», берасцейскае «Дынама», менскае «Дынама», магілёўскі «Дняпро», гарадзенскі «Нёман», наваполацкі «Нафтан», «Віцебск», «Гомель», прысталічная «Іслач», койданаўскі «Арсенал», бабруйская «Белшына», барысаўскі БАТЭ і «Баранавічы».
Такім чынам, усе каманды змогуць прыняць удзел у новым сезоне вышэйшай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе.

У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Вашынгтон» дома абыграў «Нью-Йорк Айлендэрс» з лікам 4:1.
25-гадовы беларускі нападнік «Вашынгтона» Аляксей Протас за 18 хвілін 6 секунд праведзеных на лёдзе вызначыўся галявой перадачай і набраў 1 ачко (0+1).
Беларус у сезоне правёў 54 матчы, набраў 37 ачкоў (18+19), мае паказчык карыснасці «+14» і 18 хвілін штрафнога часу. Яго «Вашынгтон» набраў 63 ачкі пасля 57 матчаў і застаўся на дзявятым месцы ва Усходняй канферэнцыі.
«Пітсбург» Іллі Салаўёва саступіў «Атаве» з лікам 2:3. Беларус правёў на лёдзе 12 хвілін 31 секунду і набранымі ачкамі не адзначыўся.
«Калгары» Ягора Шаранговіча саступіў «Таронта» з лікам 2:4. Беларус правёў на лёдзе 18 хвілін 49 секунд і таксама ачкоў не набраў.
«Чыкага» Арцёма Леўшунова выйграў у «Сан-Хасэ» з лікам 3:6. Беларус другую сустрэчу запар правёў у запасе.
«Далас» Уладзіслава Калячонка адолеў «Вініпег» у авертайме з лікам 4:3. Беларус не патрапіў у заяўку.
А таксама «Ванкувер» Мікіты Талапілы прайграў «Юце» з лікам 2:6. Беларускі брамнік застаўся ў заяўцы ў ролі бэкапа.

У беларускай хакейнай Экстралізе быў згуляны адзін перанесены матч рэгулярнага чэмпіяната.
Менскае «Юнацтва» ў Смаленску з лікам 6:1 разграміла мясцовы «Славуціч».

Беларускі велагоншчык Арцём Зайцаў устанавіў новы рэкорд Беларусі на чэмпіянаце Еўропы па веласпорце на трэку ў Конье.

У кваліфікацыі гіта на 1 км беларус праехаў дыстанцыю за 59,613 с. У фінале беларус справіўся на 0,3 секунды павольней і заняў 6-е месца. Першае месца ж заняў брытанец Джозэф Труман.
Чэмпіянат Еўропы па веласпорце на трэку ў Турцыі завершыцца 5 лютага.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя