Італьянскі тэнісіст Янік Сінер перамог у Мельбурне расейца Данііла Мядзведзева і ўпершыню ў кар’еры стаў чэмпіёнам турніру серыі «Вялікага шлема».
Сёння, 28 студзеня, у вырашальным паядынку мужчынскага адзіночнага разраду Australian Open Мядзведзеў даволі лёгка выйграў дзве першыя партыі з аднолькавым лікам 6:3, але далей справа ў яго не пайшла. Апынуўшыся на грані паразы, Сінер здолеў сабрацца і адказаў сваім «дуплетам» — двойчы па 6:4. На вырашальны пяты сэт сіл у расейца не хапіла і італьянскі тэнісіст выйграў яго з вынікам 6:3. Гэты пяцісетавы паядынак працягваўся 3 гадзіны 45 хвілін. У паўфіналах Мядзведзеў адолеў прадстаўніка Германіі Аляксандра Зверава — 3:2, а Сінер перамог лідара сусветнага рэйтынгу, дзесяціразовага чэмпіёна Australian Open серба Новака Джокавіча — 3:1.
Данііл Мядзведзеў трэці раз саступіў у вырашальным паядынку аўстралійскага чэмпіянату, да гэтага ён прайграваў у 2021 і 2022 гадах.