Футбалісты беластоцкай «Ягелоніі» у чэмпіянаце Польшчы ўпэўнена абыгралі «Матор» Люблін з лікам 3:0 і дагналі «Лех» Познань па ачках. Перад матчам у цэнтры ўвагі быў нападнік «Ягелоніі» Хесус Імас, які правёў ужо 200 матчаў за клуб. Аднак галоўным героем сустрэчы стаў Яраслаў Кубіцкі – ён двойчы адправіў мяч у сетку. Яшчэ адзін гол на рахунку Дарка Чурлінава. Дзякуючы гэтаму выніку «Ягелонія» мае 41 бал і дзеліць першае месца з «Лехам». Трэцім ідзе «Ракув», які адстае толькі на адно ачко, што робіць гонку за тытул яшчэ больш напружанай.

“Ліверпуль” утрымаў перавагу і працягвае лідыраваць у АПЛ
«Ліверпуль» перамог «Вулверхэмптан» у чарговым матчы Ангельскай Прэм’ер-лігі – 2:1 і захаваў 7-ачковы адрыў ад «Арсенала». Луіc Дыяс адкрыў лік у першым тайме, а Махамед Салах падвоіў перавагу з пенальці. «Манчэстар Юнайтэд» саступіў «Тотэнхэму» 0:1 і апусціўся на 15-ю пазіцыю ў турнірнай табліцы. Гэта ўжо трэцяя параза каманды Амарыма ў апошніх чатырох матчах. «Бетыс» разграміў «Рэал Сасьедад» 3:0, скарыстаўшыся выдаленнямі ў суперніка. Дубль аформіў Рока, а яшчэ адзін мяч забіў Антоні. Адзіны гол Франсішку Кансэйсау прынёс «Ювентусу» важную перамогу над «Інтэрам» – 1:0. «Інтэр» застаецца на другім месцы чэмпіяната Італіі, саступаючы «Напалі» два ачкі.
Беларуская зборная U-17 перамагла на Кубку развіцця
Юнацкая зборная Беларусі паспяхова стартавала на Кубку развіцця, перайграўшы Таджыкістан – 1:0. Адзіны мяч у другім тайме забіў Андрэй Лупак. У наступным матчы беларусы сустрэнуцца з Узбекістанам, які перамог бразільскую каманду – 3:1.
Сталіца і БЧ разышліся мірам у чэмпіянаце па міні-футболе
Матч 14-га тура чэмпіянату Беларусі па міні-футболе паміж «Сталіцай» і БЧ завяршыўся ўнічыю – 2:2. БЧ павёў 2:0, але мінчане змаглі выратавацца дзякуючы галам на апошніх хвілінах. У турнірнай табліцы «Сталіца» займае 5-е месца (28 ачкоў), БЧ – 6-е (24).
“Брэст” абыграў “Лакаматыў”, а “Гомель” нечакана саступіў “Магілёву”
У хакейнай экстралізе Беларусі працягваецца барацьба за выхад у плэй-оф. «Юнацтва» ў напружаным матчы вырвала перамогу над «Славуцічам» – 5:4. «Гомель» вёў у матчы з «Магілёвам», але ў выніку саступіў – 2:3. А «Брэст» перамог «Лакаматыў» – 4:2. За тры туры да канца «Брэст», «Лакаматыў», «Хімік» і «Шахцёр» маюць роўную колькасць ачкоў (па 51) і будуць біцца за месца ў плэй-ін.
Беларускія дзюдаісты заваявалі 16 медалёў у Тунісе
На адкрытым чэмпіянаце Афрыкі па дзюдо беларускія спартоўцы паказалі выдатны вынік – 16 медалёў, у тым ліку 3 залатых. Чэмпіёнамі сталі Ягор Кухарэнка (100+ кг), Ганна Сітнік (70 кг) і Дар’я Канцавая (78 кг).
Ёханэс Бё пераўзышоў Б’ёрндалена па колькасці золата на ЧС
Нарвежскі біятланіст Ёханэс Бё афіцыйна стаў самым тытулаваным спартоўцам у гісторыі чэмпіянатаў свету. На турніры ў Ленцэрхайдзе ён выйграў дзве асабістыя гонкі і давёў колькасць сваіх залатых медалёў да 12, пераўзышоўшы дасягненні Б’ёрндалена і Фуркада. Усяго ў кар’еры Бё – 22 чэмпіёнскія тытулы і 90 перамог.
Беларускае Радыё Рацыя






