У Польшчы ўчора, 18 ліпеня, стартаваў 100-ы юбілейны сезон у найвышэйшым футбольным дэвізіёне – Экстракласе. Традыцыйна ўдзел у ім возьмуць 18 дружынаў, якія згуляюць між сабою па два разы цягам двух кругаў і 34-х тураў з 18 ліпеня 2025 па 23 траўня 2026 года. Тытул чэмпіёна будзе абараняць пазнаньскі «Лех». Пасля двух гадоў адсутнасці ў лігу вярнулася «Вісла» з Плоцка, пасля 3 гадоў – «Брук-Бэт Тэрмаліка» з вёскі Няцеча, што ў Малапольскім ваяводстве, ды «Арка» з Гдыні – пасля 5 гадоў адсутнасці. «Лехія» Гданьск пачынае сезон з мінус 5 ачкамі.
Адкрываўся гістарычны 100 сезон у Экстракласе на «Хортэн Арэне» ў Беластоку, дзе «Ягелонія» прымала тую самую «Брук-Бэт Тэрмаліку» з Няцечы. І адразу ж «Яга» стварыла сенсацыю, прайграўшы першы хатні матч сезона, пры больш чым 18 000 сваіх заўзятараў, з разгромным лікам 0:4. Госці забівалі на 17, 42 з пенальці, 45 і 75 хвілінах.
Адзначым і беларускіх футбалістаў, якія згуляюць у гэтым сезоне ў польскай Экстракласе. Гэта Ілля Шкурын – форвард варшаўскай «Легіі», Герман Баркоўскі – форвард «Пяста» з Глівіц ды паўабаронца плоцкай «Віслы» – Глеб Кучко.
А пакуль у айчынным чэмпіянаце ідзе міжкругавая паўза, у Першай лізе ўчора былі згуляныя два матчы. І ў двух гулялі лідары турніра. І абодва здабылі сінхронныя перамогі. «Ніва» з Камянецкага раёна на сваім полі абыграла з лікам 1:0 дубль менскага «Дынама». А магілёўскі «Дняпро» на выездзе перайграў «Воршу» з лікам 2:1. І такім чынам менавіта гэтыя дружыны ідуць на першым і другім месцах у турнірнай табліцы з 34 ачкамі.
Дзякуючы ўдаламу выступу нашых камандаў на гэтым тыдні ў футбольных еўракубках, дзе яны здабылі дзве перамогі і адну нічыю ў чатырох матчах, беларуская асацыяцыя ўзнялася ў клубным рэйтынгу УЕФА на 49 месца з 55 футбольных асацыяцыяў. І мае зусім невялікае адставанне ад Паўночнай Ірландыі і Андоры, якія ідуць на 48 і 47 месцах адпаведна. А па выніках першага раўнда ва ўсіх трох еўракубках Беларусь увогуле ідзе ўпэўнена на першым месцы ў Еўропе сярод 35 краін, клубы якіх на дадзены момант ужо ўступілі ў барацьбу. Нагадаем, што па выніках мінулага сезона Беларусь стартавала ў гэтым на 52-м месцы з 55. Лідзіруюць жа ў гэтым рэйтынгу футбольныя асацыяцыі Англіі, Італіі ды Гішпаніі.
Лепшым беларускім клубам тут па-ранейшаму застаецца барысаўскі БАТЭ – на 232 месцы, менскае «Дынама» на 245-м, жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» на 285-м, гарадзенскі «Нёман» на 318-м, ужо не існуючы салігорскі «Шахцёр» на 326-м, берасцейскае «Дынама» на 357-м, «Гомель» на 391-м ды «Іслач» на 406-м месцы ў рэйтынгу клубаў УЕФА.
Працягваецца валейбольная Ліга нацыяў. Учора зборная Украіны ў славенскай Любляне прайграла аўтсайдару турніра зборнай Сербіі з лікам 0:3. Па сэтах 22:25, 19:25, 17:25. І зараз украінцы знаходзяцца на 7 месцы ў першай васьмёрцы, якая выходзіць у выніковы плэй-оф.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






