BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Ягелонія» перамагла «ГКС Катовіцэ» у экстракласе

Футбалісты беластоцкай “Ягелоніі” у 23-м туры чэмпіяната Польшчы з мінімальным лікам 1:0 перамаглі «ГКС Катовіцэ» на хатнім стадыёне.  Першая палова матчу прайшла ў роўнай барацьбе, але на 36-й хвіліне гаспадары скарысталіся памылкай абаронцы «ГКС» і адкрылі лік – дакладны ўдар на рахунку капітана “Ягі” Тараса Раманчука. Пасля перапынку «ГКС» пераключыўся на атакуючую гульню і меў некалькі магчымасцяў зряўняць лік. На 88-й хвіліне мяч нават апынуўся ў сетцы «Ягелоніі», але гол быў адменены з-за парушэння правілаў. “Ягелонія” набрала 45 ачкоў і адстае ад лідара “Леха” на 2 балы. У ГКС засталося 30 і 10 пазіцыя.

Віцебскія клубы паспяхова стартавалі ў 1/4 фіналу Кубка Беларусі

Футбалісты «МЛ Віцебск» і «Віцебск» паспяхова правялі першыя чвэрцьфінальныя матчы Кубка Беларусі. Дэбютант вышэйшай лігі «МЛ Віцебск» на выездзе абыграў «Белшыну» 2:1, а «Віцебск» на хатняй арэне перамог «Слуцк» 2:0. У іншым матчы берасцейскае «Дынама» і «Тарпеда-БелАЗ» згулялі ўнічыю 0:0. Паўторныя паядынкі адбудуцца 8-9 сакавіка. 5 сакавіка свой першы матч правядуць «Нёман» і «Іслач», сустрэча ў адказ запланавана на 9 сакавіка.

«Дынама» працягвае пераможную серыю і ўздымаецца ў табліцы

Хакеісты мінскага «Дынама» здабылі шостую перамогу запар у Кантынентальнай хакейнай лізе, узняўшыся на 5-е месца ў Заходняй канферэнцыі. Мінчане змагаліся з піцерскім СКА і ўжо да 6-й хвіліны вялі 2:0 – вызначыліся Крыс Цірні і Вадзім Шыпачоў, абедзве шайбы былі закінутыя ў большасці. У другім перыядзе СКА скараціў адставанне за 4 хвіліны да перапынку. У апошняй трэці госці моцна ціснулі, але Васіль Дземчанка, прызнаны найлепшым галкіперам КХЛ у лютым, не пакінуў шанцаў супернікам 2:1. У наступны матчы мінчане прымуць «Куньлунь», які знаходзіцца на 9-м месцы.

«Славуціч» зраўняў лік у серыі з «Брэстам» у плэй-ін Экстралігі

Хакеісты смаленскага «Славуціча» здолелі адыграцца ў другім матчы серыі плэй-ін супраць “Брэста”. Спачатку беларусы вялі ў дзве шайбы, але за паўтары хвіліны да канца сустрэчы расіяне зраўнялі лік, а ў авертайме вырвалі перамогу — 4:3. Цяпер вырашальная трэцяя гульня серыі адбудзецца ў Берасці 4 сакавіка. Таксама сёння ў плэй-ін згуляюць «Хімік» і «Лакаматыў» — у выпадку перамогі аршанцаў яны выйдуць у чвэрцьфінал.

Сасновіч не прабілася ў асноўную сетку турніру ў ЗША

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч не здолела пераадолець кваліфікацыю на прэстыжны турнір WTA-1000 у Індыян-Уэлсе. У першым раўндзе яна саступіла немцы Еве Ліс у двух сэтах – 4:6, 3:6. Асноўная стадыя спаборніцтваў стартуе 5 сакавіка, дзе выступяць дзве беларускі: першая ракетка свету Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка. Азаранка ўжо тройчы брала тытул у Індыян-Уэлсе, а Сабаленка летась дабралася да фіналу.

Сінхраністка Хандошка заваявала срэбра на этапе Кубка свету

Беларуская спартоўка Васіліна Хандошка паказала другі вынік у вольнай праграме на этапе Кубка свету па сінахронным плаванні ў Парыжы. Найлепшым вынікам адзначылася прадстаўніца Германіі Клара Бляйер. Для Хандошкі гэта ўжо другая ўзнагарода на гэтым этапе – раней яна выйграла бронзу ў тэхнічнай праграме.

Беларускія дзюдаісты без медалёў на турніры ў Ташкенце

Беларускі барэц Ягор Варапаеў спыніўся за крок ад узнагароды на турніры серыі «Вялікага шлема» ў Ташкенце. У катэгорыі да 90 кг ён перамог супернікаў з Казахстана і Узбекістана, але ў паўфінале саступіў японцу. У паядынку за бронзу Варапаеў прайграў расійскаму дзюдаісту і ў выніку заняў 5-е месца. У іншых вагавых катэгорыях беларусы не змаглі прабіцца далей за 1/8 фіналу. Наступны турнір серыі «Вялікага шлема» пройдзе 21-23 сакавіка ў Тбілісі.

Беларускае Радыё Рацыя