
У нядзелю ў матчы 13-га тура польскай экстра-класы беластоцкая “Ягелонія” на сваім полі перамагла “Карону” з Кельцаў – 3:1.
Чэмпіён краіны правёў гэтую сустрэчу з пазіцыі сілы і досыць хутка адкрыў лік – на 9-й хвіліне з дапамогай рыкашэта вызначыўся партугальскі легіянер Нене.
На пачатку другога тайма госці параўнялі лік – гэта ўдарам галавы зрабіў Адрыян Дальмау. Але літаральна праз дзве хвіліны “Яга” вярнула статус-кво – гэта іспанец Хесус Імас (на фота) удала завяршыў чарговую камбінацыю гаспадароў стадыёна. Замацаваў перавагу беластачанаў на 67-й хвіліне сустрэчы эфектным стрэлам македонец Дарка Чурлінаў.
Беларускі легіянер “Кароны” Яўген Шыкаўка выйшаў на поле ў другой палове спаткання, але выніковымі дзеяннямі вызначыцца ня змог.
Такім чынам “Ягелонія” зноў вярнула сабе другую пазіцыю ў турнірнай табліцы. Лідар чэмпіянату – пазнаньскі “Лех” (ён напярэдадні адолеў “Радамяк” – 2:1) – 31 ачко. У “Ягі” – 28. У чэнстахоўскага “Ракува” – 27, у “Краковіі” (у суботу яна разграміла люблінскі “Матор” – 6:2) – 26.
Беларускае Радыё Рацыя






