BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Ягелонія» працягвае чэмпіёнскую гонку

У польскай Экстракласе прайшлі чарговыя матчы, і асаблівую ўвагу беларускія заўзятары надалей надаюць выступам футбалістаў з Беларусі, а таксама «Ягелоніі». Беластоцкая «Ягелонія» працягвае барацьбу за чэмпіёнства і святкавала важную і ўпэўненую перамогу над “Радомякам” 5:0. Па дублю на свой рахунак запісалі Афіміка Пулулу і Хесус Імаз, яшчэ адзін гол забіў Мікі Вільяр. “Ягелонія” на другім месцы ў экстракласе з адставаннем ад познаньскага “Леха” на тры ачкі. Беларускі форвард Герман Баркоўскі правёў свой першы матч у чэмпіянаце Польшчы, дэбютаваўшы за «Пушчу» у гульні супраць «Гурніка», якая завяршылася з лікам 1:1. Баркоўскі выйшаў на поле на 69-й хвіліне, а пад канец матчу атрымаў жоўтую картку. «Пушча» пасля 19 тураў займае 14-е месца ў турнірнай табліцы, маючы ў актыве 19 ачкоў.

“Дынама” прайграла “Авангарду” ў серыі булітаў

Менскае “Дынама” не змагло перамагчы “Авангард” у хатнім матчы КХЛ, саступіўшы ў серыі булітаў з лікам 4:5. Гаспадары першымі адкрылі лік – на 10-й хвіліне Вадзім Мароз завяршыў контратаку. Але госці адказалі трыма шайбамі. Двойчы дынамаўцы адыгрываліся – спачатку Крыс Цірні, а затым Джош Брук зраўнялі лік. Авертайм не выявіў пераможцу, а ў серыі булітаў мацней апынуліся хакеісты “Авангарду”. Для менчукоў гэта чацвёртая параза ў апошніх пяці матчах. Каманда застаецца на сёмым месцы ў Заходняй канферэнцыі. Наступны паядынак – 6 лютага супраць “Сочы”.

Сасновіч не здолела прабіцца ў асноўную сетку турніру ў Румыніі.

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч не змагла выйсці ў асноўную сетку турніру WTA-250 у Клуж-Напока. У вырашальным матчы кваліфікацыі яна саступіла іспанцы Сары Сарыбес-Тарма – 4:6, 5:7. Раней Сасновіч перамагла румынку Мірыям Булгару ў дзвюх партыях. Спаборніцтвы Transylvania Open працягнуцца да 9 лютага.

Галоўныя футбольныя падзеі Еўропы: разгром «Ман Сіці», дэрбі ў Італіі і перамога «Барселоны»

У цэнтральным матчы тура ў ангельскай Прэм’ер-лізе «Арсенал» паказаў фантастычны футбол, разграміўшы «Манчэстэр Сіці» з лікам 5:1. «Кананіры» хутка адкрылі лік дзякуючы Эдэгору, але Холанд аднавіў раўнавагу ў другой палове гульні. Аднак далейшая ініцыятыва была цалкам за гаспадарамі: Парці, Льюіс-Скелі, Хаверц і Нванеры давялі лік да буйнога. «Арсенал» застаецца другім у табліцы з 50 ачкамі, «Сіці» апусціўся на чацвёртае месца. «Манчэстэр Юнайтэд» чарговым разам расчараваў сваіх прыхільнікаў, саступіўшы «Крыстал Пэлас» 0:2. «Юнайтэд» застаўся на 13-м месцы з 29 ачкамі, а «Пэлас» падняўся на 12-е. У Серыі А галоўная ўвага была да міланскага дэрбі, дзе «Інтэр» у самым канцы пазбег паразы ад «Мілана» 1:1. «Расанэры» павялі дзякуючы голу Рэйндэрса, але на 93-й хвіліне дэ Врэй прынёс «нерадзуры» важнае ачко. «Інтэр» цяпер другі -ён мае51 ачко, «Мілан» займае восьмае месца з 35 ачкамі. Лідар турніру «Напалі» пакуль застаецца на першым радку з 53 ачкамі. Каталонская «Барселона» дамаглася цяжкай перамогі над «Алавесам» 1:0 у чэмпіянаце Іспаніі. Адзіны гол забіў Роберт Левандоўскі пасля перадачы Ламіна Ямаля. «Барса» знаходзіцца на трэцім месцы з 45 ачкамі, а лідыруе мадрыдскі «Рэал», які пасля паразы “Эспаньёлу” 0:1 мае 49 ачкоў.

Данія зноў чэмпіён: гандбалісты святкуюць чацвёрты запар трыумф

Зборная Даніі па гандболе стала пераможцай чэмпіянату свету, выйграўшы тытул ужо ў чацвёрты раз запар. У фінале, які адбыўся ў нарвежскім Бэруме, датчане перамаглі Харватыю з лікам 32:26. Ключавым гульцом стаў Матыйяс Гідсель, які закінуў 10 мячоў і стаў найлепшым бамбардзірам турніру, забіўшы 74 галы. Бронзу заваявала зборная Францыі, якая з мінімальнай перавагай 35:34 перамагла Партугалію. Гэты чэмпіянат стаў першым, які сумесна прымалі тры краіны – Данія, Нарвегія і Харватыя. Наступны сусветны форум гандбалістаў адбудзецца ў 2027 годзе ў Германіі.

Беларускае Радыё Рацыя