
Беластоцкая «Ягелонія» у чарговым туры польскай футбольнай экстра-класы парадавала сваіх прыхільнікаў вынікам. Каманда Адрыяна Семенца здабыла тры ачкі ў выяздным паядынку ў Шчэціне з мясцовай «Пагоняй». Лік «Яга» адкрыла ўжо на 13-й хвіліне – вызначыўся Дымітрыс Раліс. На 27-й Каміль Грасіцкі параўняў лічбы на табло. Шчэцінцы больш атакавалі, але сапраўдным героем быў галкіпер гасцей Мілаш Пекутоўскі. А вікторыю беластачанам ажно на 3-й даданай хвіліне прынёс Оскар Петушэўскі. Перад тым Хесус Імас прабіў у папярэчыну, а малады талент польскага футболу быў удалым на дабіванні. Адзначым, што другі матч запар “Яга” бярэ каштоўныя ачкі ўжо ў кампенсаваны час.
«Ягелонія» набрала 27 ачкоў і выйшла на чыстае другое месца. Лідар – «Гурнік» (Забжэ) на гэты раз саступіў у Любіне тамтэйшаму «Заглембе – 0:2. У яго засталося 29 пунктаў і на матч больш.
Набірае хаду ў польскім чэмпіянаце і чэнстахоўскі «Ракуў» – ён разграміў у Кельцах «Карону» – 4:1. У мінулым туры адбылася і сустрэча клубаў, у якіх гуляюць лепшыя беларускія форварды цяперашняга часу. У Катавіцах ГКС Ільі Шкурына прымаў аўтсайдара лігі – «Пяст» з Глівіцэ, за які выступае Герман Баркоўскі. Гаспадары поля нечакана саступілі 1:3. Шкурын выйшаў з лаўкі рэзервовых на 58-й хвіліне і неўзабаве фактычна быў збіты з ног у штрафной, але суддзя Рачкоўскі на дзіва не прызначыў пенальці. Баркоўскі быў у старце свайго клуба і адзначыўся выніковай майстэрскай перадачай пры трэцім голе, а пасля быў заменены ў канцоўцы паядынку.
Віцебскі МЛ наблізіўся да золата
Фактычна згасла інтрыга ў футбольным чэмпіянаце Беларусі. Віцебскі МЛ пасля мінімальнай вікторыі 1:0 у Маладэчне блізкі да прымеркі залатых медалёў. «Макслайн» за два туры да канца мае 64 ачкі і ажно на 5 пунктаў апярэджвае менскае «Дынама» (59). Менчукі таксама сціпла 1:0 выйгралі ў «Арсенала» з Дзяржынску. На бронзу ідзе мазырская «Славія», якая набрала 54 ачкі.
Фактычна страціла шанцы на медалі берасцейскае «Дынама», якое нечакана разгромна саступіла ў Гомелі – 0:3.
Нарэшце «прачнуўся» гарадзенскі «Нёман», які ўпэўнена разабраўся ў Менску з аднайменным клубам – 4:1. Аднак гарадзенцы правалілі гэты чэмпіянат – пакуль у іх толькі 8-е месца.
Прадстаўніца Казахстану ўпершыню ў гісторыі выйграла выніковы турнір года WTA
Вызначылася пераможца выніковага тэніснага жаночага турніру году. Ёй упершыню ў кар’еры стала прадстаўніца Казахстану Алена Рыбакіна (6-я ракетка свету), якая за два сэты досыць пераканаўча давяла сваю перавагу над лідаркай рэйтынгу – беларускай Арынай Сабаленкай – 6:3, 7:6. Прычым тай-брэйк другой партыі Рыбакіна выйграла з рэдкім лікам 7:0! Адзначым, што Сабаленка ў сваёй біяграфіі прайграла трэці з трох фіналаў выніковага турніру WTA.
Серб Новак Джокавіч стаў пераможцам хардавага турніру серыі ATP у Афінах. У фінале ён адолеў у трох сэтах італьянца Ларэнца Музетці – 4:6, 6:3, 7:5. Пасля чаго Джокавіч заявіў, што з-за траўмы локця здымаецца з выніковага мужчынскага турніру года. А яго вызваленае месца зойме якраз згаданы Музетці (9-я ракетка свету).
Беларускія батутысты мацнейшыя ў свеце
Бліскучага поспеху дамагліся беларускія батутысты на чэмпіянаце свету ў іспанскай Памплоне. Кацярына Яршова і Станіслаў Яскевіч узялі золата ў змешаных сінхронных скачках. У фінале ім не было роўных. Другое месца заняў яяпонскі дуэт, трэцяй стала азербайджанская пара. Медалісты парыжскай алімпіяды Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская на гэты раз не трапілі ў індывідуальныя фіналы. Затое беларусы сталі паспяховымі ў мужчынскім камандавым турніры. Рэабілітаваўся Іван Літвіновіч, які ў першым раўндзе прынёс 10 ачкоў, у другім заходзе Себасьцьян Станкевіч дадаў 6 пунктаў, а ў трэцім сэце Андрэй Буйлоў яшчэ 5. У выніку Беларусь з 21 ачком апярэдзіла на пункт Расею і ўзяла золата. Бронзавыя медалі ў Партугаліі – 18 ачкоў.
Хет-трык Робера Левандоўскага і яго 100-ы пенальці ў кар’еры
Роберт Левандоўскі ў чарговым матчы іспанскай Прымеры за «Барселону аформіў хет-трык у браму «Сельты». Пры тым ён прабіў 100-ы пенальці ў сваёй кар’еры, рэалізаваўшы 89-ы – вельмі высокі паказнік. “Барса” перамагла суперніка на выездзе 4:2, набрала 28 ачкоў і выйшла на 2-е месца. Больш толькі ў мадрыдскага «Рэала» – 31 пункт. «Сметанковыя» на гэты раз прытармазілі, упершыню падпісаўшы ў чэмпіянаце міравую – у сталічным дэрбі з «Раё Валекана» – 0:0.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя





