BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ягелонія” працягвае змаганне за золата чэмпіянату Польшчы

Беластоцкая “Ягелонія” працягвае змаганне за золата чэмпіянату Польшчы па футболе. У чарговым паядынку на сваім полі беластачане перамаглі 3:0 “Карону” з Кельцаў.

“Яга” добра пачала матч і ўжо на 7-й хвіліне Афіміку Пулулу галавой эфектна завяршыў імклівую камбінацыю. Пасля гэтага гаспадары поля прапусцілі недарэчны мяч, але балазе для іх нападнік “Кароны” быў у актыўным афсайдзе і ўплываў на сітуацыю – гол не залічылі.

А на 34-й хвіліне беластачане атрымалі права на пенальці за гульню рукой і Пулулу падвоіў перавагу прэтэндэнта на чэмпіёнства.

У другой палове сустрэчы “Ягелонія” змяніла тактыку на ўтрыманне пераможнага ліку, а ў самай канцоўцы выйшаўшы на замену Крыстофер Норман-Хансен забіў трэці мяч.

Такім чынам “Яга” набрала 59 ачкоў і праз дзень зноў вярнулася на вяршыню турнірнай табліцы. У вроцлаўскага “Шлёнска” зараз 57 ачкоў, астатнія прэтэндэнты на медалі адсталі.

У чэмпіянаце засталося згуляць па два матчы. “Ягелонія” 18 траўня згуляе на выездзе з “Пястам” (Глівіцы), а ў заключнай сустрэчы прыме дома “Варту”. “Шлёнск” спярша прыме “Радомяк”, а потым паедзе ў госці ў Чэнстахову да “Ракува”.

Беларускае Радыё Рацыя