BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ягелонія” прайшла чарговы бар’ер Кубка Польшчы

футбол

Беластоцкая «Ягелонія» перайграла з лікам 3:2 ў Легніцы «Медзь» беларускага паўабаронцы Глеба Кучко ў 1/16 Кубка Польшчы па футболе.
Глеб выйшаў у стартавым складзе «Медзі», але нічым карысным не адзначыўся і быў заменены на 77 хвіліне гульні, калі яго каманда саступала 1:3.
Галамі за «Ягелонію» адзначыліся – Цэзары Поляк ды Серхіё Лазана – двойчы.

У гэтым сезоне за «Медзь» у Кучко 10 матчаў ва ўсіх турнірах і дзве голавыя перадачы.
Нагадаем, што беларус выступае за клуб з Легніцы ў арэндзе з плоцкай «Віслы».

У працяг тэмы беларускіх легіянераў – абаронцы Руслан Юдзянкоў з «Атыраў» і Аляксандр Мартыновіч, а таксама паўабаронца Валерый Грамыка – абодва з «Кайрату» ўвайшлі ў сімвалічную зборную чэмпіянату Казахстана па выніках сезона.
У мінулым сезоне 38-гадовы абаронца «Атыраў» Руслан Юдзянкоў правёў 21 матч, дзе адзначыўся трыма забітымі мячамі, а таксама аддаў дзве голавыя перадачы.
Капітан «Кайрата» Аляксандр Мартыновіч правёў 20 сустрэч у Прэм’ер-лізе Казахстана, запісаўшы сабе на рахунак тры галы і два асісты.
Паўабаронца «Кайрата» Валер Грамыка правёў у чэмпіянаце 24 гульні, у якіх забіў чатыры мячы і аддаў восем выніковых перадач.
Па выніках сезона Мартыновіч і Грамыка сталі чэмпіёнамі Казахстана, а «Атыраў» Юдзянкова заняў 13-е месца ў табліцы.

У рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі былі згуляныя заключныя матчы 19 тура.

Ва ўсходнім дэрбі «Гомель» з лікам 5:3 перамог «Магілёў».
«Нёман» у Гародні прайграў салігорскаму «Шахцёру» з лікам 0:2.
Аршанскі «Лакаматыў» саступіў менскаму «Юнацтву» – 1:2. Якое зараз і займае першы радок у турнірнай табліцы з 34 баламі. На другім і трэцім месцы ідуць «Дынама-Маладэчна» і «Ліда» – з 31 і 30 ачкамі адпаведна.

Перанясемся на хакейныя пляцоўкі за акіян. Беларускі брамнік Аляксей Коласаў выкліканы ў «Філадэльфію» перад хатнім матчам у Нацыянальнай Хакейнай Лізе з «Нэшвілам».
Хакеіст атрымаў выклік у сувязі з траўмай Самуэля Эрсана.
Бягучы сезон беларускі галкіпер пачынаў у «Ліхай-Вэлі» з АХЛ. Там ён правёў 5 матчаў, у якіх здабыў 3 перамогі і адбіў 91,8% кідкоў з каэфіцыентам надзейнасці 2,60.

Коласаў пераходзіць у НХЛ, а мы застанемся ў АХЛ.
«Хершы» Іллі Протаса ў гасцях абгуляў «Брыджпарт» з лікам 3:1 у матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ.
Беларускі форвард адзначыўся шайбай, зрабіў два кідкі і зарабіў паказчык карыснасці «+1». Таксама ён быў прызнаны трэцяй зоркай матча.
У бягучым сезоне ў Протаса сем гульняў, 5 (2+3) ачкоў і паказчык карыснасці «+2».

Беларуская тэнісістка нумар 1 у свеце – Арына Сабаленка трапіла пад санкцыі і страціла частку рэйтынгавых балаў.

Як паведамляе выданне Mirror, прычына санкцый, накладзеных на беларуску міжнароднай федэрацыяй WTA — парушэнне правіл, якія абавязваюць спартовак удзельнічаць як мінімум у шасці турнірах катэгорыі WTA 500 за сезон. Каб гэта патрабаванне не выконваць, павінна быць паважная прычына, напрыклад, траўма.
Паколькі Сабаленка сёлета патрабаванне не выканала, то яна страціла 10 балаў на мінулым тыдні і яшчэ 120 пасля турніру ў Дубаі. Таксама ў яе забралі 400 балаў, заробленых на выніковым турніры WTA 2024 года.

Аналагічныя страты зазнала і асноўная канкурэнтка Сабаленкі, польская тэнісістка Іга Свёнтэк, якая страціла больш за 170 балаў на іншых спаборніцтвах, а таксама 400 балаў з выніковага турніру.

Пад санкцыі трапілі і іншыя вядомыя тэнісісткі — амерыканкі Коры Гаўф, Аманда Анісімава і Мэдзісан Кіз.

Нягледзячы на гэта, Арына Сабаленка застаецца ўпэўненай лідаркай у сусветным рэйтынгу WTA. Раней паведамлялася, што яна ўваходзіць у топ-30 самых запатрабаваных спартоўцаў 2025 года і займае пятае месца ў спісе самых высокааплатных тэнісістаў свету.

І завершым тэніснай тэматыкай. Дуэт 111-й і 106-й ракетак сусветнага рэйтынгу беларускі Аляксандры Сасновіч ды расейкі Камілы Рахімавай выйшаў у паўфінал турніра ў Ганконзе. У чвэрцьфінале дзяўчаты без асаблівых праблем перайгралі амерыкана-японскі дуэт Сабрыны Сантамарыі ды 92-й ракеткі рэйтынгу Маёкі Уцізімы з лікам 2:0 – 6:1, 6:0.
За выхад у фінал турніра Сасновіч ды Рахімава пазмагаюцца з япона-тайскім дуэтам 470-й ракеткі Мамока Каборы ды 826-й ракеткі Плентан Пліпех.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя