З учорашніх вынікаў футбольных еўракубкаў вартая ўвагі ўпэўненая перамога азербайджанскага «Карабаха» над гібралтарскім «Лінкальнам» з лікам 5:0. І такім чынам каўказская каманда стала гіпатэтычным супернікам менскага «Дынама» ў трэцім раўндзе Лігі чэмпіёнаў.
«Лінкальн» жа апускаецца ў трэці раўнд Лігі Еўропы і ў выпадку вылету «Дынама», згуляе з імі ў гэтым турніры. Нагадаем, што падапечныя Вадзіма Скрыпчанкі ў сваёй першай сустрэчы з балгарскім «Лудагорцам» у Разградзе прайгралі 2:0. Гульня ў адказ пройдзе сёння на нейтральным полі ў Венгрыі а 20:45 па агульнаеўрапейскім часе, па менскім на гадзіну пазней.
Таксама сёння а 20:30 ў Беластоку «Ягелонія» правядзе сваю другую сустрэчу з літоўскім «Панявежысам». Нагадаем, што на выездзе «жоўта-чырвоныя» здабылі ўпэўненую перамогу 4:0. І верагодней за ўсё патрапяць у наступным раўндзе на нарвежскі «Бодзё-Глімт», які папярэдне таксама перамог рыжскі «РФС» з лікам 4:0.
Гарачы матч сёння чакаецца ў сербскім Белградзе, дзе пакрыўджаны паразаю 2:6 «Партызан» будзе прымаць кіеўскае «Дынама». Адзначым, што акрамя спартовага гэты двубой носіць і ідэалагічны інтарэс, бо сербы адкрыта падтрымліваюць расейскі бок у вайне ва Ўкраіне.
Агулам сёння чакаецца 7 гульняў у Лізе чэмпіёнаў і 6 у Лізе канферэнцый.
Выходзяць на фінішную прамую тэнісныя турніры Алімпійскіх гульняў. У гэтыя хвіліны полька Іга Свёнтэк змагаецца за выхад у паўфінал адзіночнага разраду з амерыканкай Дэніэл Колінз. А ўвечары на парыжскія корты выйдзе ўкраінка Марта Касцюк супраць харваткі Донны Векіч.
Польскай алімпійская валейбольная дружына сёння раніцаю паспяхова правяла свой другі матч групавога этапу, здабыўшы валявую перамогу з лікам 3:2 над бразільцамі і тым самым забаспечылі сабе выхад у плэй-оф. Таксама ўвечары згуляе жаночая польская каманда супраць кеніеек.
Польскія атлеты сёння папоўнілі сваю капілку медалямі бронзавай вартасці. Парная чацьвёрка ў акадэмічнай грэблі саступіла ў фінале 3 секунды нідэрландцам і ўсяго 19 сотых секунды італьянцам, якія прыйшлі другімі. Такім чынам у Польшчы зараз агулам маецца 3 медалі. Адзін срэбны і два бронзавыя. І такім чынам 26 месца ў агульным медальным заліку.
На дадзены момант на першых трох месцах ідуць зборныя Кітая, Японіі і Францыі, з 8, 7 і 6 залатымі медалямі адпаведна. Найбольш медалёў у зборнай ЗША – 27.
У беларускай зборнай пакуль ўзнагарод няма. Агулам жа ўжо 45 зборных займелі медалі рознай вартасці.
Спартоўцы з КНДР і Паўднёвай Карэі зрабілі сумеснае сэлфі на Алімпіядзе. Сумесны здымак спартоўцаў з дзвюх варагуючых краін ужо называюць адным з найважнейшых на Алімпіядзе ў Парыжы. Майстры малой ракеткі з Паўднёвай Карэі і КНДР зрабілі сумеснае сэлфі пасля цырымоніі ўзнагароджання прызёраў алімпійскага турніру па настольным тэнісе ў змешаным парным разрадзе. У гэтым спаборы кітайцы ўзялі золата, паўночнакарэйцы срэбра, а іх былыя суайчыннікі з поўдня – бронзу. Менавіта кітайскія спартоўцы і прапанавалі зрабіць сумесны гістарычны фотаздымак.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя