BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ягелонія сёння стартуе ў Кубку Польшчы гульнёй з «Хойнічанкай»

Пачнем агляд з навінаў з-за акіяну ад нашых прадстаўнікоў у Нацыянальнай хакейнай лізе. Ад абодвух Аляксеяў. Гэтай ноччу Коласаў не згуляў матч «Філадэльфіі», а Протас прызнаны другой зоркай у матчы «Вашынгтона».

«Філадэльфія Флайерз» у гасцявым матчы перамагла «Бостан Бруінз» з лікам 2:0. 22-гадовы беларускі галкіпер Аляксей Коласаў, які браў удзел у папярэднім матчы, застаўся на лаўцы запасных. Канкурэнт Коласава Самуэль Эрсан зрабіў 23 сэйвы і стаў першай зоркай матчу. Далей «Філадэльфія» 1 і 2 лістапада правядзе хатнія матчы спачатку супраць «Сэнт-Луіса», а потым — супраць «Бостана». Нагадаем, што Аляксей Коласаў стаў першым беларускім галкіперам, які згуляў у Нацыянальнай хакейнай лізе. Яго выклікалі з фарм-клуба, і ў ноч на панядзелак ён правёў матч супраць «Манрэаля». Яго каманда прайграла 3:4.

А вось форвард Аляксей Протас, які гуляе за «Вашынгтон», можа запісаць дзень сабе ў актыў. Яго клуб перамог «Нью-Ёрк Рэйнджэрс» з лікам 5:3. Аляксей гуляў у першым звяне з Аляксандрам Авечкіным, ён закінуў шайбу і аддаў дзве галявыя перадачы вышэйузгаданаму гульцу. Усяго Протас правёў на лёдзе 15 з паловай хвілін (з іх 5 секунд у большасці і хвіліну 24 секунды ў меншасці), зрабіў 4 кідкі (1 з іх міма) і зарабіў паказчык карыснасці «+3». Агулам у сезоне ў Протаса 8 гульняў, 7 ачкоў 2 галы і 5 пасоў, паказчык карыснасці «+4». Ён дзеліць 3 месца ў спісе бамбардзіраў «Вашынгтона».

WTA апублікавала расклад першых двух дзён Выніковага турніру 2024 года.

Праграму адзіночнага разраду спаборніцтваў адкрыюць беларуска Арына Сабаленка і кітаянка Чжэн Цыньвэнь. Гэтая гульня адбудзецца 2 лістапада. Раней Сабаленка і Цыньвэнь сустракаліся чатыры разы і ў кожным выпадку перамагала беларуска. Тройчы – у двух сэтах.

Сёння будуць згуляныя 7 матчаў 1/16 Кубка Польшчы па футболе.

У сваім матчы «Карона» з Кельцаў перамагла на выездзе дубль познаньскага «Леха» з лікам 3:1. Адметна, што два з трох галоў «Кароны» забіў наш суайчыннік Яўген Шыкаўка. Каб аформіць дубль, яму спатрэбілася меней за 10 хвілін на самым пачатку гульні.

Таксама сёння «Вігры» ў Сувалках прымаюць у сябе «Палонію» з Варшавы. І адкрывае для сябе «трэці фронт» беластоцкая «Ягелонія», якая адправілася ў Хойніцы ў госці да «Хойнічанкі».

Стала вядома, што так званы суд Барысаўскага раёна аб’явіў TikTok-акаўнт спартовага журналіста і былога палітычнага вязня Аляксандра Івуліна «экстрэмісцкім».

Такое рашэнне вынесена 24 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя, Юрась Дзяшук