
У польскай экстра-класе прайшоў чарговы тур. Ён склаўся вельмі ўдала для беларускіх легіянераў і зусім адваротна для беластоцкай «Ягелоніі». Каманда Адрыяна Семенца прайграла другі запар матч з лікам 1:3. На гэты раз на выездзе ў Кельцэ, дзе саступіла тамтэйшай «Кароне». Беластачане вельмі добра пачалі і ў сярэдзіне першага тайму адкрылі лік – пенальці паспяхова рэалізаваў Афіміку Пулулу. Але далей удала атакавалі і забівалі толькі гаспадары поля. Параўняў лік беларускі форвард Яўген Шыкаўка, які ў кампенсаваны час галавой трапна даслаў мяч у сетку. Гэта быў яго першы гол у сезоне. А пасля перапынку дамінавала «Карона», якая забіла яшчэ двойчы. Цяпер «Ягелонія» павінна сканцэнтравацца на тым, каб захаваць трэцяе месца.
Іншыя лідары выступілі так. Чэнстахоўскі «Ракув» упэўнена разабраўся з уроцлаўскім «Шлёнскам» – 3:0. Познаньскі «Лех» здабыў ачко у Радаме – 2:2, хоць быў наперадзе 2:0 і страціў вікторыю ў даданы час. Варшаўская «Легія» забрала тры ачкі ў Катовіцах – 3:1. Забітым мячом вызначыўся беларускі нападнік Ілля Шкурын.
Наперадзе ў турніры зараз «Ракув» – 62 ачкі, «Лех» мае 60. У «Ягі» застаецца 55 пунктаў.
«Нёман» прайграў заходняе дэрбі
У чэмпіянаце Беларусі прайшоў 6-ы тур. У прынцыповым паядынку гарадзенскі «Нёман» бязвольна саступіў на сваім полі берасцейскаму «Дынама» – 0:1. Ужо на 13-й хвіліне голам вызначыўся Ягор Карцоў. Адыграцца каманда Ігара Кавалевіча так і не змагла. У Наваполацку пад снегам мясцовы «Нафтан» адолеў аднаго з аўтсайдараў – клуб «Смаргонь» – 3:1. «Віцебск» быў мацнейшым за «Гомель» – 2:0. Яшчэ тры матчы адбыліся ў нядзелю. Менская «Іслач» разграміла безнадзейнае сёлета «Маладэчна» – 4:0. Хет-трыкам тут адзначыўся малдаўскі легіянер Віку Булмага, яшчэ адзін мяч забіў лепшы бамбардзір першынства Аляксандар Шасцюк – цяпер у яго стала 6 галоў.
Драматычна разгортваўся матч у Жодзіне, дзе мясцовае «Тарпеда» прымала аднаго з лідараў – віцебскі «Макслайн». Гаспадары стадыёна адкрылі лік у самай канцоўцы – на 90-й хвіліне спрыт выявіў Павел Сядзько. Аднак белазаўцы ня здолелі ўтрымаць вікторыю – у даданы час на 95-й хвіліне калумбійскі легіянер гасцей Рафаэл Рэйс параўняў лічбы на табло – 1:1. Тарпедаўцы працягваюць штампаваць нічыі – гэта ўжо іх 5-ы мір у 6 сустрэчах.
Завяршаў тур спабор двух сталічных калектываў. Чэмпіёны краіны менскія дынамаўцы разграмілі ФК «Мінск» – 4:1.
Наперадзе ў турніры мазырская «Славія» і віцебскі «Макслайн» – па 14 ачкоў, трэцяй пакуль ідзе «Іслач» у якой 12 пунктаў.
«Ліверпуль» 20-ы раз у гісторыі стаў чэмпіёнам Англіі
У 34-ым туры АПЛ «чырвоныя», хоць і прапусцілі першымі ад «Тотэнхэма», урэшце ўчынілі яму разгром – 5:1. Такім чынам, мерсісайдцы сталі недасягальнымі для пераследнікаў і датэрмінова ўзялі тытул пад кіраваннем нідэрляндскага спецыяліста Арне Слота. У Ліверпуля 82 ачкі за 4 туры да завяршэння чэмпіяната, другім ідзе лонданскі «Арсенал», у якога 67 пунктаў. Зацятае змаганне працягваецца за бронзу і месцы ў наступнай Лізе чэмпіёнаў. На іх прэтэндуюць ажно 5 калектываў: «Ньюкасл», «Манчэстэр сіці», лонданскі «Чэлсі», «Нотынгем форэст» і бірмінгемская «Астан Віла».
Па колькасці чэмпіёнскіх тытулаў «Ліверпуль» параўняўся з клубам «Манчэстэр юнайтэд». Трэцім са значным адставаннем ідзе «Арсенал», у якога 13 вікторый. Апошні раз ліверпульцы перамагалі ў сезоне 2019/20 гадоў пад кіраваннем нямецкага трэнера Юргена Клопа.
«Напалі» падвысіў свае стаўкі
У разгары і фінальная частка чэмпіяната Італіі. Адзін з асноўных прэтэндэнтаў на «скудэта» Міланскі «Інтэр» істотна прытармазіў апошнім часам. У 34-м туры «інтэрысты» прайгралі на сваім полі «Роме», якая на фінішным адрэзку набрала вельмі паспяховую хаду – 0:1. Гэтай асечкай міланцаў спаўна скарыстаўся «Напалі», які выйграў у «Тарына» – 2:0. У неапалітанцаў цяпер 74 ачкі, «Інтэр» адстае на тры пункты. На трэцяе месца прэтэндуюць ажно 6 (!) клубаў.
Чарговае іспанскае эль-класіка ў фінале Кубку Іспаніі скончылася перамогай каталонскай «Барселоны», якая ў драматычным змаганні перамагла мадрыдскі «Рэал» у дадатковы час – 3:2.
Напрыканцы пра тэніс. На прадстаўнічым турніры ў Мадрыдзе ў 1/16-й фіналу Арына Сабаленка адолела бельгійку Эліз Мэртэнс (26-ю ракетку свету) за тры сэты: 3:6, 6:2, 6:1. А вось трэці нумар рэйтынгу амерыканка Джэсіка Пегула нечакана прайграла малаведамай японцы Маюцы Учыжыме – 3:6, 2:6.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя