BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ягелонія” спатыкнулася ў Гданьску, а фанаты “Лехіі” сышлі з трыбун

Сапраўдная сенсацыя адбылася ў Гданьску, дзе мясцовая “Лехія”, якая змагаецца за выжыванне, перамагла аднаго з лідараў Экстракласы — беластоцкую “Ягелонію” — з лікам 1:0. Перамогу гаспадарам прынёс гол украінца Богдана В’юныка ў сярэдзіне другога тайма. Але галоўнай тэмай пасля матча стаў не вынік, а паводзіны фанатаў. За 15 хвілін да фіналу асноўныя сектары падтрымкі “Лехіі” пакінулі стадыён, пакінуўшы транспарант “Urfer, ідзем па цябе” — пратэст супраць швейцарскага ўладальніка клуба, якога абвінавачваюць у фінансавым заняпадзе каманды. Тым не менш, дзякуючы гэтай перамозе “Лехія” ўпершыню за доўгі час выйшла з зоны вылету. “Ягелонія” ж страціла каштоўныя ачкі ў барацьбе за чэмпіёнскі тытул.

“Нёман” прайграў “Гомелю” на сваёй арэне

Футбольны чэмпіянат Беларусі стартаваў з інтрыгай: ніводная з каманд не прайшла два туры без страт. Гарадзенскі “Нёман”, які ў першым матчы разнёс суперніка, нечакана саступіў дома “Гомелю” — 0:1. Адзіны мяч у сустрэчы забіў Аляксандр Буцько на 69-й хвіліне. Таксама “Дынама” Менск згуляла ўнічыю 0:0 з “Тарпеда” з Жодзіна, а берасцейскае “Дынама”, вёўшы 2:0 у Наваполацку, упусціла перамогу — 2:2. Наступны цэнтральны матч — ужо 5 красавіка: “Дынама” Менск прыме гарадзенскі”Нёман”.

ЦСКА абыграў менскае “Дынама” ў Маскве

Пасля двух упэўненых перамог у Менску хакеісты “Дынама” саступілі маскоўскаму ЦСКА ў трэцім матчы плэй-оф КХЛ — 1:4. Старт быў абнадзейлівы: ужо на другой хвіліне Крыс Цірні адкрыў лік. Але надалей ініцыятыва перайшла да гаспадароў. Менчане не рэалізавалі буліт, а ў трэцім перыядзе двойчы прапусцілі ў меншасці. Канчатковы лік замацаваў беларус Іван Драздоў. Гэта першая параза “зуброў” у серыі. Чацвёрты матч адбудзецца 1 красавіка ў Маскве, а магчымая пятая гульня — у чацвер на “Менск-Арэне”.

Менскае «Юнацтва» упэўнена прайшло ў фінал

Хакеісты сталічнага «Юнацтва» першымі прабіліся ў фінал плэй-оф чэмпіяната Беларусі, перамогшы ў паўфінальнай серыі «Дынама-Маладэчна» з сухім лікам 4:0. У вырашальным матчы ў Маладэчне менчане хутка павялілі перавагу 2:0, і хоць гаспадары двойчы скарацілі разрыў, матч скончыўся перамогай «Юнацтва» — 3:2. Каманда Сяргея Стася працягвае сваю серыю без паразаў — ужо 12 матчаў запар. Для «Юнацтва» гэта 17-ы фінал у гісторыі і першы з 2022 года. Супернік менчан вызначыцца ў пары «Віцебск» — «Гомель», дзе пакуль наперадзе паўночнікі.

Беларускае Радыё Рацыя