BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ягелонія” страціла лідарства

У польскай футбольнай Экстракласе былі згуляныя матчы 24 тура. Беластоцкая «Ягелонія» з лікам 0:3 прайграла ў Гданьску «Лехіі».
«Пяст» Германа Баркоўскага ў Глівіцах прайграў з лікам 1:3 любінскаму «Заглембе». Беларускі форвард выйшаў у асноўным складзе і быў заменены на 81 хвіліне.
«Радамяк» у Радаме прайграў катовіцкаму «ГКС» Іллі Шкурына з лікам 0:1. Беларускі форвард выйшаў на поле толькі “пад занавес” на 91 хвіліне гульні.
Такім чынам «Ягелонія» зараз займае другі радок, але пры гэтым мае адну гульню ў запасе з «ГКС». «Заглембе» ўзначальвае табліцу. «ГКС» на 9 месцы. «Пяст» на 14.

Сасновецкі «Заглембе» перамог «Падгале» з Новага Таргу з лікам 1:0 у матчы 22-га тура 2 лігі чэмпіянату Польшчы па футболе.
Беларускі нападнік Яўген Шыкаўка вызначыўся адзіным забітым мячом на 2-й хвіліне гульні, які і прынёс пермогу яго камандзе. Таксама ён атрымаў жоўтую картку на 65 хвіліне і на 79-й быў заменены. Яго «Заглембе» ідзе на 12 месцы і мае 26 ачкоў пасля 21 гульні. Сам жа Яўген Шыкаўка правёў у гэтым сезоне 18 матчаў і вызначыўся 8 галамі.

Гледачы асвісталі дэлегацыю Расеі на цырымоніі адкрыцця зімовых Паралімпійскіх гульняў, якая праходзіла ў Вероне.
Нагадаем, МПК дазволіў удзел у Алімпіядзе шасці расейскім спартоўцам і чатыром спартоўцам з Беларусі пад сваімі сцягамі. Члены расейскай дэлегацыі ўпершыню з 2014 года прайшлі пад сваім дзяржаўным сцягам на Паралімпійскіх гульнях. Пасля двое валанцёраў вынеслі ўкраінскі сцяг, на які гледачы адрэагавалі доўгімі апладысментамі.

Паціху распачынаецца футбольны сезон у Беларусі. На выходных былі згуляныя першыя матчы 1/4 фіналу Кубка.
Сярэдняя наведвальнасць матчаў склала 2384 гледачы. Самым наведвальным стаў матч па-між берасцейскім «Дынама» і «МЛ» Віцебск (0:2), які сабраў на трыбунах 5238 гледачоў.
Найменш наведвальнай стала гульня жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» і барысаўскага БАТЭ (1:0). Матч наведалі 627 заўзятараў.
«Іслач» – «Дынама» Менск (1:0) – 1720 гледачоў
«Славія» – «Арсенал» Дзяржынск (2:0) – 1950 гледачоў

Гульні ў адказ пройдуць 14 і 15 сакавіка.

У рамках 25-га тура чэмпіянату Балгарыі па футболе ЦСКА здабыў перамогу з лікам 2:0 у сафійскім дэрбі над клубам «Лакаматыў».
Беларускія легіянеры Макс Эбонг і Фёдар Лапавухаў выйшлі ў стартавым складзе.
Эбонг і Лапавухаў правялі на полі ўвесь матч. Эбонг галявымі дзеяннямі не вызначыўся, а Лапавухаў аформіў свой дзявяты «сухар» у бягучым сезоне.
На гэты момант сафійскі ЦСКА займае чацвёртае месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Балгарыі, маючы ў сваім актыве 46 ачкоў пасля 25 праведзеных матчаў.

«Раднік» згуляў 2:2 з «Раднічкі» Ніш у рамках 26-га тура чэмпіянату Сербіі па футболе.
Беларускі нападнік гасцей Аляксандр Шасцюк выйшаў у стартавым складзе і на 39-й хвіліне матча паспяхова рэалізаваў пенальці. І быў заменены на 66 хвіліне гульні пры ліку 0:2, пасля чаго яго каманда двойчы прапусціла.
У бягучым сезоне «Раднічкі» Шасцюка з 33 ачкамі ідуць на 8 месцы.

На выходных прайшлі другія матчы стадыі плэй-ін беларускай хакейнай Экстралігі. Па выніках другой сустрэчы з «Дынама-Маладэчна» «Нёман» прайшоў у 1/4 фіналу. Гарадзенцы на сваім лёдзе перамаглі ў авертайме з лікам 2:1.
«Гомель» прайшоў «Брэст», перайграўшы таго і другі раз на сваім лёдзе з лікам 4:0.

У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі «Чыкага» саступіў «Ванкуверу» з лікам 3:6. У складзе пераможцаў беларускі галкіпер Мікіта Талапіла адбіў 20 з 23 кідкоў, прапусціўшы тры шайбы. У супернікаў беларускі абаронца Арцём Леўшуноў правёў на лёдзе 20 хвілін 9 секунд і завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «-1».
Усяго ў гэтым сезоне НХЛ Леўшуноў правёў 57 матчаў, у якіх набраў 22 ачкі (2+20). Яго паказчык карыснасці складае «-32», таксама ён зарабіў 36 хвілін штрафнога часу.
А вось у наступным матчы, які «Ванкувер» у гасцях прайграў «Вініпегу» з лікам 2:3 у авертайме, беларускі брамнік застаўся ў запасе. Агулам жа ў сезоне Талапіла правёў 13 матчаў, у якіх мае 4 перамогі.

«Вашынгтон» на выездзе саступіў «Бостану» з лікам 1:3. Беларускі нападнік гасцей Аляксей Протас згуляў на левым фланзе другога звяна з П’ерам-Люкам Дзюбуа і Томам Уілсанам. Ён правёў на лёдзе 18 хвілін 19 секунд. 25-гадовы хакеіст стаў аўтарам адзінай шайбы сваёй каманды, вызначыўшыся ў роўных складах на 28-й хвіліне матча.
Адзначым, што Протас вярнуўся ў склад «Вашынгтона» пасля нараджэння другой дачкі, якую назваў Вікторыяй. У бягучым сезоне НХЛ беларус правёў 60 матчаў, у якіх набраў 43 (21+22) ачкі. Яго паказчык карыснасці складае «+17» пры 20 хвілінах штрафнога часу.
«Калгары» Ягора Шаранговіча выйграў у «Караліны» з лікам 5:4. Беларускі форвард правёў на лёдзе 13:18 хв. і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «-1».

«Пітсбург» прайграў па булітах «Філадэльфіі» з лікам 3:4. Беларускі абаронца «пінгвінаў» Ілля Салаўёў не быў уключаны ў заяўку на матч. Ён прапусціў шосты матч каманды запар.
Яго «Пітсбург» займае 6-е месца ў табліцы Усходняй канферэнцыі.

У матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ «Ліхай Вэлі» сустракаўся з «Шарлот» і прайграў таму ў авертайме з лікам 4:5.
У першым перыядзе «Ліхай Вэлі» саступаў 0:4. Пасля чацвёртага гола канадскі брамнік Карсан Б’ярнасан на 15-й хвіліне быў заменены на беларуса Аляксея Коласава.
Коласаў не прапусціў у асноўны час і дапамог камандзе перавесці гульню ў авертайм. Усяго ён адбіў 21 кідок з 22. У сезоне АХЛ у беларуса 28 матчаў, з якіх 11 перамог.

Першая ракетка свету з Беларусі Арына Сабаленка перамагла з лікам 2:0 – 6:4, 6:1 39-ю ракетку румынку Жаклін Крысціян у трэцім крузе турніру WTA у амерыканскім Індыян-Уэлс.
Паядынак стаў для Сабаленка 101-м у статусе першай ракеткі свету. Баланс сустрэч: 83 перамогі і 18 паразаў.
А вось другая ракетка свету полька Іга Свёнтак перамагла ў другім крузе турніру амерыканку Кайлу Дэй (№187 WTA) з лікам 2:0 – 6:0, 7:6. Пры тым Свёнтак адыгралася з 1:5 у другім сэце.
24-гадовая тэнісістка выйграла 33-ці запар стартавы матч на турнірах WTA 1000 – гэта самая доўгая серыя сярод усіх гульцоў з моманту ўвядзення гэтага фармату ў 2009 годзе.
У трэцім крузе яна згуляе супраць Марыі Сакары (№34 WTA).
Турнір серыі WTA 1000 праходзіць на адкрытых хардавых кортах з 4 па 15 сакавіка.
Яго прызавы фонд складае 9 415 725 даляраў.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя