BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

„Ягелонія“ ў чвэрцьфінале Лігі Канферэнцый!

Гістарычны поспех для польскага клуба! “Ягелонія” прайграла “Серкль Бруге” ў матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі Канферэнцый з лікам 0:2, але дзякуючы перамозе 3:0 у першай сустрэчы выйшла ў чвэрцьфінал з агульным лікам 3:2. У паўфінале “Ягелонія” згуляе супраць іспанскага “Беціса”. Першы матч адбудзецца 10 красавіка ў Іспаніі, а рэванш — 17 красавіка ў Беластоку.

“Нафтан” вырваў перамогу ў “Мінска” на старце чэмпіянату

“Нафтан” у гасцях перамог “Мінск” у першым матчы новага сезону чэмпіяната Беларусі па футболе з лікам 2:1. Першы гол на 20-й хвіліне забіў Ілля Дубінец, але пасля перапынку Ямуса Камара аднавіў раўнавагу. На апошніх хвілінах матча “Нафтан” атрымаў права на пенальці, які рэалізаваў Міхаіл Калядка. Чэмпіянат Беларусі працягнецца 15 сакавіка: “Нёман” прыме “Маладзечна”, “Тарпеда-БелАЗ” згуляе з “Гомелем”, а “Віцебск” будзе супрацьстаяць БАТЭ. Дзейны чэмпіён краіны “Дынама-Мінск” стартуе 16 сакавіка матчам супраць “Смаргоні”.

“Дынама-Мінск” саступіла “Северсталі”

Галы сыпаліся адзін за адным, але перамога засталася за “Северсталлю”. “Дынама-Мінск” у выязным матчы КХЛ саступіла “Северсталі” з лікам 4:5. Менчукі тройчы адыгрываліся пасля страчаных шайбаў, а Вадзім Шыпачоў працягнуў сваю серыю з набранымі ачкамі да шасці матчаў. Аднак за шэсць хвілін да канца “Северсталь” закінула пятую шайбу, на што “зубры” адказаць не змаглі. Наступны матч менчукі правядуць ва Уфе супраць “Салавата Юлаева”.

“Брэст” і “Нёман” выйгралі свае матчы чвэрцьфінальнай серыі плэй-оф

Хакеісты “Брэста” нарэшце дамагліся перамогі ў плэй-оф. У трэцім матчы серыі з “Віцебскам” берасцейцы вырвалі перамогу толькі ў другім авертайме. Спачатку каманды абменяліся галамі: Магамед Гімбатаў і Ігар Карабанаў выводзілі “Брэст” наперад, але Ягор Мажуга і Вадзім Шчагалькоў двойчы вярталі раўнавагу. Асноўны час завяршыўся з лікам 2:2, першы авертайм таксама не выявіў мацнейшага. І толькі ў другім дадатковым перыядзе Віктар Боўбель паставіў кропку, закінуўшы вырашальную шайбу. “Віцебск” застаецца наперадзе ў серыі 2:1, але “Брэст” атрымаў важную псіхалагічную перавагу перад наступнай гульнёй, якая пройдзе ў суботу ў Берасці. “Нёман” узяў верх над “Дынама-Маладзечна” з лікам 3:2 і выйшаў наперад у серыі. Віталь Антановіч і Уладзіслаў Куліеў ужо ў першым перыядзе забяспечылі перавагу ў дзве шайбы. Даніл Мельнікаў скараціў адставанне, але ў заключным перыядзе Мікіта Рэмезаў аднавіў адрыў. На апошніх хвілінах Глеб Андрэеў рэалізаваў большасць, але выратаваць матч “Дынама” не здолела. “Нёман” павёў у серыі 2:1, а наступны матч адбудзецца 15 сакавіка ў Маладзечна.

Данільчык гарантавала сабе бронзу на Чэмпіянаце свету па боксе

Беларуская баксёрка Арына Дані́льчык ужо з медалём! На чэмпіянаце свету ў сербскім Нішэ яна выйшла ў паўфінал у вагавай катэгорыі да 70 кг. У першым паядынку Арына перамагла Самкелісіве Нкубэ з ПАР, а ў чвэрцьфінале ўзяла верх над Нгок Хоанг з В’етнама. У паўфінале Дані́льчык сустрэнецца з расейкай Аленай Гапешынай. Незалежна ад выніку, беларуска ўжо забяспечыла сабе бронзу, бо паядынкі за трэцяе месца на турніры не праводзяцца.

Беларускія гандбалісты саступілі Расеі на турніры ў Іране

На міжнародным турніры ў іранскім Шыразе зборная Беларусі па гандболе прайграла Расеі з лікам 34:35. Беларусы большую частку матча былі ў ролі даганяючых, але на апошніх секундах здолелі зраўняць лік. Аднак за некалькі секунд да фінальнага свістка расейцы рэалізавалі пенальці і вырвалі перамогу. Наступны матч беларусы правядуць супраць гаспадароў — зборнай Ірана.