
Завяршыўся 19 тур у польскай футбольнай экстракласе.
«ГКС» Катавіцы з лікам 2:0 перайграў у Любіне «Заглембе». Беларускі форвард «гексы» Ілля Шкурын выйшаў на поле на 69 хвіліне гульні, калі яго каманда ўжо вяла ў ліку 2:0.
Глівіцкі «Пяст» прайграў у Забжэ «Гурніку» з лікам 1:2. Беларускі форвард «Пяста» Герман Баркоўскі выйшаў на поле на 58 хвіліне гульні, ужо пры ліку 1:2, але нічым сваёй камандзе не змог дапамагчы.
Нагадаем, што беластоцкая «Ягелонія» выйшла з зімовага перапынку ў чэмпіянаце з упэўненай перамогай у Лодзі над «Відзэвам» з лікам 3:1. Галамі адзначыліся Мазурэк, Пулулу і Вайтушэк.
Такім чынам на экватары турніра «Ягелонія» з гульнёй у запасе займае трэці радок і адставанне ад першага ўсяго на адно ачко, «ГКС» Шкурына на 12-м месцы, а «Пяст» Баркоўскага на 15-м. Яны таксама маюць на адну гульню менш у параўнанні з супернікамі. Напрыклад у «ГКС» гэта гульня з «Ягелоніяй», што была адмененая праз снег два месяцы таму. Каманды павінны былі згуляць гэты шматпакутны матч у сераду, але ён ізноў адменены. Гэтым разам праз люты мароз.
Беларускі футбольны спецыяліст Іван Маеўскі стаў галоўным трэнерам «Цэле», які выступае ў вышэйшым дывізіёне чэмпіяната Славеніі. Нагадаем, што з 2023 года Маеўскі працаваў асістэнтам клуба.
Пасля 18 тураў «Цэле» займае першы радок у турнірнай табліцы чэмпіянату Славеніі, маючы ў актыве 43 ачкі.
«Ліхай Вэлі» на сваёй пляцоўцы прайгралі «Уілкс-Бэры» з лікам 2:6 у матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ.
24-гадовы беларускі брамнік Аляксей Коласаў быў заяўлены асноўным галкіперам. Ён адыграў 59:33 хв, адбіў 21 кідок з 27, каэфіцыент надзейнасці 6.05 і паказчык адбітых кідкоў 77,8 працэнта.
Гэта ўжо другі раз у сезоне, калі гулец прапусціў шэсць шайб у матчы. Мінулы раз гэта здарылася 5 снежня ў матчы з тым жа «Уілкс-Бэры»: галкіпер зрабіў 21 сэйв з 27 кідкоў.
У бягучым сезоне на рахунку беларуса 21 гульня, 9 перамог, каэфіцыент надзейнасці 2.69 і паказчык адбітых кідкоў 90,2 працэнта.
Пазней стала вядома, што Аляксей Коласаў выкліканы ў асноўны склад «Філадэльфіі».
У АХЛ гульца адправілі напярэдадні – 1 лютага. У бягучым сезоне НХЛ ён правёў чатыры матчы, не атрымаў ніводнай перамогі. Яго каэфіцыент надзейнасці складае 4,00, працэнт адбітых кідкоў – 83,0.
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч абыграла гішпанскую 65-ю ракетку свету Паолу Бадосу з лікам 2:1 – 6:4, 3:6, 6:1 і выйшла ў 1/8 фіналу турніру серыі WTA-500 ў Абу-Дабі.
Нагадаем, што 31-гадовая беларуска займае 109-е месца ў рэйтынгу WTA.
Раней Сасновіч прайграла брытанцы Сонай Картал у вырашальным раундзе кваліфікацыі. Аднак здолела прайсці ў асноўную сетку, атрымаўшы статус лакі-лузера: пасля адмовы аднаго з кваліфікаваных гульцоў у Сасновіч быў найвышэйшы рэйтынг сярод тых, хто прайграў.
У 1/8 фіналу саперніцай тэнісісткі стане 45-я ракетка філіпінка Аляксандра Эала.
На чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе вызначыліся паўфінальныя пары камандаў.
У 1/4 фіналу Францыя перамагла Украіну з лікам 4:2, Партугалія Бельгію – 8:2, Харватыя Арменію – 3:0 і Гішпанія Італію – 4:0.
Такім чынам у паўфіналах міні-Еўра згуляюць Францыя супраць дзеючага чэмпіёна Партугаліі і Харватыя супраць Гішпаніі.
Турнір праходзіць у Літве, Латвіі і Славеніі і завершыцца 7 лютага.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






