BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ягелонія” упусціла перамогу ў матчы з “Легіяй”

28 лютага, адбыўся матч за Суперкубак Беларусі па футболе. Уладальнік Кубка Беларусі-2024/25 гарадзенскі «Нёман» абыграў чэмпіёна Беларусі-2025 «МЛ Віцебск». Асноўны час каманды згулялі 2:2. Спачатку двойчы забівалі віцебчукі, пасля гарадзенцы. Дублямі абмяняліся навабранцы камандаў – Басеку Дыябатэ ў першым тайме і Ілля Кірко ў другім. А вось у серыі пасляматчавых пенальці, якая па рэгламенце была адразу па асноўным часе гульні, з лікам 5:4 перамаглі «нёманцы» дзякуючы апошняму трапнаму ўдару Івана Садаўнічага.
Гарадзенская каманда ўпершыню ў сваёй гісторыі заваявала гэты трафей.
Раней уладальнікам трафея восем разоў станавіўся барысаўскі БАТЭ (2010, 2011, 2013 – 2017, 2022), тройчы – берасцейскае «Дынама» (2018 – 2020), двойчы салігорскі «Шахцёр» (2021, 2023) а таксама па разе – жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» (2024) і менскае «Дынама» (2025).
Адметна, што на гульні прысутнічалі 3900 чалавек. Гэтая колькасць з’яўляецца рэкорднай для паядынкаў за Суперкубак.
Мінулы рэкорд быў устаноўлены ў 2015 годзе на фінальным матчы паміж БАТЭ і «Шахцёрам» было 3100 гледачоў.

Цікава супала, што ў гэты ж дзень 28 лютага адбыўся матч за Суперкубак Казахстана ў удзелам беларусаў паміж «Кайратам» і «Таболам», які разгортваўся па такім самым сцэнары. Спачатку 2:2 ў асноўны час і 4:5 у серыі пенальці, якую выграў «Табол».
Паўабаронца пераможцаў Максім Мякіш выйшаў у стартавым складзе і правёў на полі ўвесь матч.
Абаронца «Кайрата» Аляксандр Мартыновіч ужо ў першым тайме атрымаў траўму і быў заменены на 16-й хвіліне.
Па папярэдняй інфармацыі, футбаліст атрымаў пашкоджанне задняй паверхні сцягна.
У сезоне-2025/26 38-гадовы Мартыновіч правёў 35 гульняў ва ўсіх турнірах, забіў тры мячы і зрабіў два асісты.

«Жальгірыс» выйграў у «Паневежыса» з лікам 4:1 у матчы 2-га тура чэмпіянату Літвы па футболе.
Беларускі абаронца Юрый Кендыш выйшаў у старце і правёў на полі ўсю гульню, адзначыўшыся забітым мячом на 64-й хвіліне.
Адзначым, што гэты гол стаў першым для гульца ў сезоне-2026.

Сафійская «Славія» дома саступіла ЦСКА-1948 з лікам 0:2 у 23-м туры чэмпіянату Балгарыі па футболе.
Беларускі абаронца гасцей Ягор Пархоменка ўпершыню з лістапада 2025-га з’явіўся ў складзе, прычым адразу ў стартавым. Ён правёў увесь матч і атрымаў папярэджанне.
Усяго на рахунку гульца пяць матчаў за клуб ва ўсіх турнірах.
У гаспадароў беларускі хаўбэк Уладзімір Мядзведзь у заяўку не патрапіў.
ЦСКА-1948, набраўшы 43 ачкі, дзеліць другі радок у турнірнай табліцы Д1 Балгарыі з «Лудагорцам».

Беластоцкая «Ягелонія» пры 20 000 заўзятарах учора згуляла ўнічыю 2:2 з варшаўскай «Легіяй» у матчы 23 тура польскай футбольнай Экстракласы.

Цікава, што футбалісты «Ягі» другі раз на гэтым тыдні забілі ў матчы па 4 галы. Калі ў чацьвер яны 4 разы агадалі брамку італьянскай «Фіярэнтыны», то ўчора двойчы браму «Легіі» і затым, на жаль, двойчы – сваю. Такім чынам у суперпрынцыповым супрацьстаянні варшавякі не забілі ніводнага гола, але пры гэтым, дзякуючы “гасціннасці” гаспадароў, вывезлі з Беластока адно ачко.
Спачатку на 17-й і 22-й хвілінах адзначыліся Флах і Пулулу. Затым сабе «ў распранальню» забіў Вітал, а ў другім тайме ізноў жа сабе – Леон Флах. Пры гэтым каманды па разе праверылі на трываласць каркас брамы супернікаў. І ў самым пачатку матча быў прызначаны і пасля адменены пенальці ў бок «Легіі».

Такім чынам «Ягелонія» працягвае ўзначальваць чэмпіёнскую гонку з 38 ачкамі і гульнёй у запасе. А «Легія» з 25 ачкамі працягвае заставацца на спадковым 16 месцы.

Сасновецкі «Заглембе» прайграў «Шлёнску-2» з лікам 1:4 у матчы 21-га тура 2 Лігі чэмпіяната Польшчы па футболе.
Беларускі форвард «Заглембе» Яўген Шыкаўка выйшаў на замену на 46-й хвіліне і на 63-й вызначыўся забітым мячом.
У бягучым сезоне 32-гадовы беларус згуляў дзесяць матчаў, на яго рахунку шэсць мячоў.
Пасля 21-га тура яго «Заглембе» ідзе на 15-м месцы.

У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Вашынгтон» сустракаўся з «Вегасам». Лік 3:2.
25-гадовы беларускі нападаючы «Вашынгтона» Аляксей Протас аформіў два асісты.
Протас набраў ачкі ў трэцім матчы запар супраць «Вегаса» (1+4=5).
На рахунку Прoтаса 4 (1+3) ачкі ў апошніх дзвюх гульнях і 10 (4+6) балаў у апошніх 10 матчах.
Усяго Прoтас правёў на лёдзе 19 хвілін 38 секунд і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «+3».
Ён быў прызнаны трэцяй зоркай сустрэчы.
У сезоне НХЛ Протас правёў 58 матчаў, набраў 42 (20+22) ачкі, мае паказчык карыснасці «+18» і 18 хвілін штрафнога часу.
Яго «Вашынгтон» набраў 69 ачкоў пасля 61 матча і займае 9-е месца ва Усходняй канферэнцыі.

Беларускі нападнік «Хершы» Ілля Протас стаў найлепшым 19-гадовым снайперам у гісторыі каманды.
У матчы АХЛ супраць «Рокфарда», які яго каманда выграла з лікам 4:1, Протас закінуў шайбу і зрабіў асіст.
21 гол Протаса за сезон стаў найлепшым вынікам для 19-гадовага гульца ў гісторыі «Хершы».
Беларус перасягнуў дасягненне, устаноўленае ў сезоне-1951/52 Рэалем Чэўрэфілам (20 шайб у 34 гульнях).
Нараджэнец Віцебска прызнаны найлепшым снайперам сярод падлеткаў за ўсю 94-гадовую гісторыю клуба.
У сезоне АХЛ Протас правёў 52 матчы, набраў 43 (21+22) ачкі. Ён з’яўляецца найлепшым снайперам і бамбардзірам «Хершы».

Беларуская лёгкаатлетка Марыя Жодзік, якая выступае за клуб KS Podlasie Białystok, дамаглася перамогі па скачках у вышыню на чэмпіянаце Польшчы ў памяшканні, які праходзіў у Торуні.
У фінале спаборніцтваў спартоўка гарантавала сабе залаты медаль, паказаўшы вынік 1,95 метра. Жодзік пачала сваё выступленне з адзнакі 1,79 метра, якую ўпэўнена пераадолела з першай спробы. Затым яна паспяхова пераадолела вышыні 1,82, 1,85, 1,90 і 1,95 метра, а планка на 1,88 скарылася ёй з другога разу. Як пераможца спаборніцтваў спартоўка спрабавала дасягнуць вышыні 2,00 метры, але гэтыя спробы сталіся няўдалымі.
Срэбны медаль заваявала Вікторыя Мянса, якая пераадолела планку на вышыні 1,88 метры, а Алісія Высоцкая замкнула тройку лідараў з вынікам 1,82 метры.

Міністр спорту і турызму Харватыі Тончы Главіна паведаміў, што прадстаўнікі ўрада яго краіны не будуць удзельнічаць у цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды 2026 у Італіі.
«На знак салідарнасці з Украінай урад Харватыі вырашыў, што прадстаўнікі ўрада не будуць удзельнічаць у цырымоніі адкрыцця зімовых Паралімпійскіх гульняў, улічваючы, што на Паралімпіядзе спартоўцам з Расеі і Беларусі было дазволена выступаць пад дзяржаўнай сімволікай», – напісаў Главіна.
Раней Паралімпійскі камітэт Украіны аб’явіў пра байкот цырымоніі адкрыцця і сумесна з украінскімі амбасадамі ў Еўропе звярнуўся да іншых еўрапейскіх дзяржаў і паралімпійскіх камітэтаў з заклікам прадэманстраваць падтрымку, адмовіўшыся ад удзелу ў цырымоніі адкрыцця.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара