
У розыгрышы футбольнага Кубка Польшчы беластоцкая «Ягелонія» сустрэлася у Катавіцах з мясцовым ГКС. Адрыян Семенец выставіў на поле паўрэзервовы склад. У гаспадароў у стартавай аснове выйшаў беларускі форвард Ілья Шкурын. У самай канцоўцы першага тайма, ужо ў далічаны час, катавіцкія футбалісты запрэсінгавалі брамніка «Ягі» Пекутоўскага і адкрылі лік. Неўзабаве пасля перапынку Шкурын падвоіў перавагу гаспадароў. Беластачане кінуліся адыгрывацца і на 86-й хвіліне выйшаўшы на замену Афіміку Пулулу рэалізаваў 11-мятровы. Але ў самай канцоўцы Барташ Новак пры дапамозе Шкурына забіў свой другі мяч у сустрэчы, стаўшы героем роднай публікі. «Ягелонія» выбыла з Кубку. Беластачане да ўсяго страцілі з-за траўмы ў канцоўцы Оскара Петушэўскага.
Сенсацыя здарылася ў іншым матчы дня. Каманда першай лігі «Хайнічанка» у Хойніцэ на сваім полі выбіла з розыгрышу «Карону» з Кельцэ. Прычым гаспадары поля адыграліся толькі на 98-й хвіліне ў далічаны час – 1:1, а пасля больш удала выканалі серыю пенальці – 4:3.
Адзін матч учора прайшоў і ў польскай экстракласе. Плоцкая «Вісла» і «Краковія» задаволіліся нулявой нічыёй. Лідарам чэмпіянату застаецца «Гурнік» (Забжэ) – 30 ачкоў. Далей ідуць «Вісла» – 29, «Ягелонія» – 28, «Краковія» – 26. Беластачане пры тым маюць дзве гульні ў запасе.
Кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола скасавала кантракт з галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Карласам Аласам. Адбылося гэта па згодзе бакоў. Алас трэніраваў беларускую зборную з 2023 года. Пад яго кіраўніцтвам нацыянальная зборная правяла 26 матчаў: 6 разоў перамагла, 10 разоў згуляла ўнічыю і 10 разоў прайграла. У кваліфікацыі на чэмпіянат свету каманда паказала найгоршы вынік у сваёй гісторыі. Паводле адной з інфармацый наступным галоўным трэнерам зборнай можа стаць вядомы беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка.
Прайшоў апошні матч 1/8 фіналу Кубку Беларусі па футболе. Новаспечаны чэмпіён краіны «МЛ Віцебск» без праблемаў разграміў клуб «Слонім» – 8:1. Да гонару слонімцаў яны забілі мяч прэстыжу – ён на рахунку Артура Старавойтава. У гаспадароў хет-трыкам вызначыўся Абу-Саід Эльдарушаў, іншыя галы аформілі Жуніньё і Глеб Жэрдзеў – па два і Сяргей Балановіч.
Такім чынам у чвэрцьфінал выйшлі дзяржынскі «Арсенал», жодзінскае «Тарпеда», барысаўскі БАТЭ, прысталічная «Іслач», два дынамаўскія клубы з Берасця і Менску, мазырская «Славія» і віцебскі «МЛ». Ніводнай сенсацыі і ў ліку спаборнікаў засталіся клубы толькі вышэйшай лігі.
На жаночым чэмпіянаце свету па гандболе пакуль назіраецца поўная дамінацыя еўрапейскіх дружынаў. У другі этап выйшлі 17 з 18 камандаў Старога свету. У групе 3 зборная Польшчы ўчора сустрэлася са зборнай Аргенціны і перамагла 28:25. Полькі пакуль на трэцім месцы ў сэкстэце, а ў плэй-оф выйдуць толькі па 2 мацнейшыя каманды з чатырох кампаній.
У мужчынскай гандбольнай Лізе чэмпіёнаў плоцкая «Вісла» на сваёй Орлен-Арэне вельмі прыкра літаральна на апошняй секундзе саступіла дацкаму клубу ГОГ – 34:35. Беларус Кірыл Самойла з «Віслы» галамі не адзначыўся. Адзін з аўтсайдараў нарвежскі «Кольбарг» сенсацыйна прымусіў першы раз капітуляваць лідара – нямецкі «Фюхзэ» з Берліну – 28:24. У Нанце сустрэліся суседзі па табліцы – мясцовы аднайменны клуб і «Індустрыя» з Кельцэ. Польская каманда перамагла 33:29. Адным з лепшых у складзе кельчан быў беларускі лінейны Арцём Каралёк, які закінуў некалькі важных мячоў. «Індустрыя» зараз на 5-м месцы ў групе А. «Вісла» на 3-й пазіцыі ў пульцы В.
Прайшлі чарговыя матчы ў баскетбольнай Еўралізе. Турэцкі «Анадолу эфес» прайграў мадрыдскаму «Рэалу» – 75:81. Вільнюскі «Жальгірыс», які быў адным з лідараў турніру, досыць нечакана на сваім паркеце разгромна саступіў «Макабі» з Тэль-Авіву – 65:83. «Манака» у звышвыніковай сустрэчы адолеў «Парыж» – 125:104. Рэй у Еўралізе зараз вядуць «Хапаэль» (Тэль-Авіў), бялградская «Црвена Звезда», афінскі «Панацінаікас» і «Манака» – па 9 вікторый.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






