Новым лідарам польскай футбольнай экстракласы стала беластоцкая «Ягелонія». У 24-м туры падначаленыя Адрыяна Семенца дзякуючы дублю Дамініка Марчука і голу Міхала Сацэка перамаглі на сваім стадыёне ўроцлаўскі «Шлёнск» 3:1 і і маюць у актыве 46 ачкоў. Столькі ж колькі «Шлёнск», якога «Ягелонія» апярэджвае дзякуючы лепшай розніцы мячоў.
«Барселона» выйшла на другое месца ў чэмпіянаце Іспаніі
Каталонская «Барселона» перамагла «Мальёрку» у 28-м туры чэмпіяната Іспаніі 1:0. Адзіны гол на 73-й хвіліне гульні забіў Ламіль Ямаль. Гэта дазволіла «Барсе» абысці «Жырону» на два балы і з 61 ачком размясціцца на другім месцы ў турнірнай табліцы.У матчы 28-га тура чэмпіянату Італіі па футболе «Напалі» на сваім полі згуляў унічыю з «Тарына» з лікам 1:1. На гол Кварацхеліі на 61-й хвіліне адказаў ужо праз тры хвіліны Санабрыя. «Напалі» з 44 ачкамі на сёмым радку турнірнай табліцы, «Тарына» з 38 баламі займае 10-е месца.
Сяргей Падпалы прызначаны спартовым дырэктарам салігорскага «Шахцёра»
Расейскі спецыяліст Сяргей Падпалы заняў пасаду спартовага дырэктара салігорскага «Шахцёра». Да лета 2023 года ён працаваў на аналагічнай пасадзе ў другадывізіённым тульскім «Арсенале». У Беларусі Сяргей Падпалы працаваў у «Гомелі», «Шахцёры» і «Тарпеда»-СКА. Таксама ён з’яўляўся асістэнтам галоўнага трэнера маладзёжнай зборнай Беларусі. У 2002 годзе Падпалы выйграў Кубак Беларусі з «Гомелем», а затым прывёў каманду да чэмпіёнства.
Маскоўскае «Дынама» ў авертайме вырвала перамогу ў чацвёртым матчы серыі з менскім «Дынама»
У рамках чацвёртага матча серыі першага раунда плэй-оф чэмпіянату КХЛ менскае «Дынама» на хатняй арэне прайграла маскоўскаму «Дынама». Вікторыю масквічам з лікам 3:2 і больш упэўненае лідарства ў серыі 3:1 прынёс выхаванец жлобінскага «Металурга» Ягор Рымашэўскі. Пяты матч пройдзе ў нядзелю ў сталіцы Расеі. Пачатак – у 17.00.
Беларускі баксёр Алфёраў выйшаў у 1/8 фіналу на турніры ў Італіі
У італьянскім Буста-Арсіцыо працягваецца міжнародны кваліфікацыйны турнір на Алімпійскія гульні 2024 года «Дарога бокса ў Парыж». У пятніцу свой другі бой турніру ў вагавай катэгорыі да 80 кг праводзіў Аляксей Алфёраў. Супернікам беларуса быў немец Кевін Шуман, паядынак скончыўся ўжо праз дзве хвіліны пасля стартавага гонгу перамогай Алфёрава накаўтам. Усяго спаборніцтвы ў Італіі сабралі больш за 600 баксёраў са 114 краін, якія вызначаць уладальнікаў 49 алімпійскіх ліцэнзій.
Нарвегія выйграла эстафету на Кубку свету па біятлоне ў ЗША
У амерыканскім Солджэр-Холаў стартаваў перадапошні этап Кубка свету па біятлоне. У мужчынскай эстафеце 4х7,5 км упэўненую перамогу святкаваў нарвежскі квартэт у складзе Стурла Хольма Лагрэйда, Тарʼе і Ёханэса Бо і Ветле Крысціансэна. Для іх не стала перашкодай нават катастрофа Лагрэйда на першай стральбе стоячы (тры кругі штрафу). Другімі на фінішы з амаль паўхвілінным пройгрышам былі італьянцы, трэцімі – немцы. Усяго стартавала 21 каманда.
Беларускае Радыё Рацыя






