
Беластоцкая “Ягелонія” пасля вікторыі на сваім полі ў суботу 7 лютага над люблінскім “Маторам” – 4:1 выйгла на першае месца ў футбольным чэмпіянаце Польшчы. Нягледзячы на пераканаўчы лік, яркая востраатакуючая сустрэча з люблінцамі склалася вельмі няпроста.
У цяжкіх умовах надвор’я гаспадары поля першымі прыстасаваліся да газону і адкрылі лік – удалым на дабіванні быў любімец мясцовай публікі Афіміку Пулулу. Забіўшы ў браму люблінскага “Матора”, афрыканскі форвард выйшаў на 3-е месца сярод гульцоў “Ягелоніі” у польскай Экстраклясе – у яго цяпер 31 гол. Больш толькі ў Томаша Франкоўскага – 53 і Хесуса Імаса, які пазней ва ўчорашнім матчы аформіў свой 92-ы гол за беластачанаў у чэмпіянатах Польшчы.
Яшчэ да перапынку “Матор” параўняў лічбы на табло. А пасля антракту люблінцы правялі шэраг вострых атак і маглі выйсці наперад. Але ўдача ў гэты дзень была на баку беластачанаў. На 72-й хвіліне мяч заляцеў у сетку “Матора”, на 76-й Хесус Імас эфектна і вынікова завяршыў чарговую камбінацыю. А ўжо ў даданы час справу завяршыў Тарас Раманчук – выніковыя 4:1 на карысць гаспадароў.
Такім чынам, набраўшы 35 ачкоў “Ягелонія”, нарэшце выйшла на лідарскую пазіцыю. Другой ідзе плоцкая “Вісла” – 33, на трэцяй пазіцыі забжанскі “Гурнік”, які ў суботу прайграў 0:1 познаньскаму “Леху”. У “Гурніка” таксама 33 пункты і згуляна на адзін матч больш.
Перад гульнёй з “Маторам” у Беластоку адбылося шэсце прыхільнікаў беластоцкага клубу













Паядынак наступнага тура “Ягелонія” правядзе на выездзе, дзе пазмагаецца з “Краковіяй” – будзе гэта ў суботу 14 лютага.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя, фота Юрася Дзешука






