
Беластоцкая “Ягелонія” удала правяла матч 11 тура польскай экстракласы. На сваім полі яна прымала непасрэднага канкурэнта – “Карону” з Кельцаў і ўпэўнена перамагла – 3:1.
Адрыян Семенец пасля цяжкай сустрэчы ў Лізе канферэнцый з мальтыйскім клубам, даў адпачыць двум гульцам стартавага складу – Оскару Петушэўскаму і Афіміку Пулулу. Гэта дало магчымасць выявіць сябе іспанскаму легіянеру Серхіё Ласана, які вынікова стрэліў дуплетам – у канцы першага тайму і на 56-й хвіліне.
У другой палове сустрэчы на полі з’явіліся і Пулулу і Петушэўскі. Менавіта вундэркінд “Ягі” падрыхтаваў трэці гол – Оскар выклаў мяч як на сподачку Хесусу Імазу і лепшы бамбардзір беластачанаў не схібіў. Гэты быў 7-ы гол іспанскага легіянера ў бягучым чэмпіянаце і 104-ы ў польскай экстракласе.
У самай канцоўцы матча, ужо ў кампенсаваны час, гульцы гаспадароў крыху расслабіліся і далі магчымасць аформіць гол прэстыжу “Кароне” – выніковыя 3:1.
Такім чынам “Ягелонія” пасля 10 праведзеных сустрэч набрала 21 ачко і выйшла пакуль у аднаасобныя лідары чэмпіянату. “Гурнік” (Забжэ) пасля такой жа колькасці матчаў мае 19, а ўвечары сустракаецца дома з “параненай” у еўракубку варшаўскай “Легіяй”.
***
“Гурнік” перамог “Легію” 3:1 і вярнуў сабе верхні радок турнірнай табліцы – у яго зараз 22 ачкі, але забжанцы маюць на гульню больш чым “Ягелонія”.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






