
Учора былі згуляныя апошнія гульні ў адказ на стадыі плэй-оф футбольных еўракубкаў.
23 матчы прайшлі ў Лізе канферэнцый. Галоўная наша ўвага была прыкаваная да гульні на мадрыдскім стадыёне «Кампа дэ Вальекас», дзе «Рая Вальекана» прымаў гарадзенскі «Нёман». Нагадаю, што тыдзень таму ў Венгрыі «Нёман» саступіў гішпанцам з мінімальным лікам 0:1. Учорашняя гульня «Нёману» выдалася цяжкай. І інтрыга ў гэтым двубоі захоўвалася да 64 хвіліны, пакуль на табло трымаліся нулі. Але, на жаль, розніца ў класе і фізічных кандыцыях камандаў прывяла да галоў у браму Максіма Бялова на 64, 65, 80 і 89 хвілінах. «Нёман» спыняецца ў гістарычным для сябе кроку ад групавога этапу Лігі канферэнцыяў і пасля амаль двухмесяцавага еўраваяжу вяртаеца на Радзіму вырашаць свае ўнутраныя пытанні ў чэмпіянаце і Кубку Беларусі.
З цікавых вынікаў тут таксама выдзелім наступныя двубоі.
Праход у групу Лігі канферэнцыяў армянскага «Ноя», які на сваім полі перайграў славенскую «Алімпію» з лікам 3:2 і па суме дзьвух сустрэч 7:3.
Сапраўдную сенсацыю ў Рызе стварыў мальційскі клуб «Хамрун Спартанс», які згуляў унічыю 2:2 з РФС, і пасля перамогі 1:0 у сябе на выспах тыдзень таму ўпершыню ў гісторыі футбола Мальты праходзіць у асноўны раўнд еўракубкаў. На дадзены момант засталіся толькі тры дзяржавы, чые каманды ніколі не праходзілі ў групавы этап еўракубкаў. Гэта – Сан-Марына, Андора і Чарнагорыя.
Чанстахоўскі «Ракуў» і ў Балгарыі таксама перамог мясцовую «Арду». Гэтым разам 2:1 і па суме дзвюх перамог 3:1 праходзіць у групу.
Славенскі «Цэле» беларускага спецыяліста Івана Маеўскага таксама двойчы перамог чэшскі «Банік». 1:0 і 2:0 учора ў Астраве і таксама праходзіць у групу.
«Палісся» з Жытоміра пасля паразы тыдзень таму з лікам 0:3 прыехала ў Фларэнцыю да грознай «Фіярэнціны» ў баявым настроі. І сходу шакавала тую двума галамі на 2-й і 14-й хвілінах і трымала інтрыгу ў двубоі да 78 хвіліны. Ажно да той пары пакуль «фіялкі» у канцы гульні не забілі ізноў тры галы. На жаль, «Палісся» выбывае з еўракубка.
Беластоцкая «Ягелонія» згуляла ўнічыю 1:1 ў Тыране з чэмпіёнам Албаніі «Дынама Сіці». На гол албанцаў беластачане адказалі голам Дзімітрыса Раліса і дзякуючы хатняй перамозе 3:0 крочаць далей у Лігу канферэнцыяў.
Данецкі «Шахтар», згуляўшы тыдзень таму са швайцарскім «Сэрветам» 1:1, учора ў Жэневе таксама ў асноўны час згуляў 1:1. Але ў дадатковы час здолеў перамагчы 2:1 і прайсці ў групу.
Ну і трылер выдалі ў Варшаве «Легія» беларускага форварда Іллі Шкурына ды шатландскі «Хіберніян». Тыдзень таму ў Эдынбургу перамаглі варшавякі з лікам 2:1. А ўчора да 93 хвіліны яны саступалі ў ліку 1:3. Але на 90 хвіліне выйшаў на поле Ілля Шкурын і ўжо на “падаючым сцяжку” варшавякі здолелі аднавіць агульны парытэт. І ўжо ў дадатковы час на 98-й хвіліне параўняць лік 3:3, каб гэтага хапіла на праход далей.
У Лізе Еўропы былі згуляныя 11 матчаў. Познаньскі «Лех» у Бельгіі перамог «Генк» з лікам 2:1. Але гэтага было недастаткова, каб адыграць паразу 1:5, якая адбылася тыдзень таму ў Познані. І таму «Лех» апускаецца ў Лігу канферэнцыяў да ўсіх астатніх трох польскіх камандаў.
Кіеўскае «Дынама» ў Любліне перамагло ізраільскі «Макабі» з Тэль-Авіва з лікам 1:0. Але гэтага было мала, каб адквітаць паразу 1:3 і таму «Дынама» таксама спускаецца да «Шахтара» ў Лігу канферэнцый.
Лёсаванне групавога этапа якой адбудзецца сёння ў Манака.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






