BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ягелонія” заваявала бронзавыя медалі чэмпіянату Польшчы

Беластоцкая “Ягелонія” у апошнім туры польскай футбольнай экстра-класы здолела адбараніць трэцюю пазіцыю і другі год запар трапіла на п’едэстал.

У матчы з непасрэдным канкурэнтам у заключнай сустрэчы “Ягу” задавальняла нічыя. Урэшце яе і ўдалося дамагчыся, але вельмі няпростым шляхам. У першым таме паядынку з шчэцінскай “Пагоняй” беластачане больш атакавалі, але прапусцілі – па-майстэрску мяч галавой даслаў у сетку гаспадароў лепшы бамбардзір чэмпіянату – грэк Эфціміс Кулурыс. Гэта быў ужо 28-ы (!) яго гол у першынстве.

У другой палове, аднак, “Ягелонія” выявіла свае лепшыя якасці і ўрэшце дамаглася свайго. Пасля шэрагу фатальнага нешанцавання каманда Адрыяна Семенца ўрэшце забіла. На 71-й хвіліне Норберт Вайтушэк параўняў лічбы на табло – 1:1. Далей “Яга” досыць упэўнена згуляла ў канцоўцы і змагла ўзяць заслужаныя бронзавыя медалі чэмпіяната.

Лёс золата польскай экстра-класы вырашаўся ў Познані і ў Чэнстахове. “Лех” у вельмі няпростым паядынку ўсё ж узяў верх над “Пястам” з Глівіцэ – 1:0 і ўрэшце святкаваў чэмпіёнства. “Ракув” хоць і адолеў 2:1 “Відзэў” з Лодзі, але змушаны задаволіцца сярэбранымі ўзнагародамі.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя