BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Ягелонія» змагаецца за першы чэмпіёнскі тытул

Беластоцкая «Ягелонія» мае гістарычны шанец выйграць чэмпіёнства. А 17:30 стартуе матч з познанскай «Вартай». Калі беластачане перамогуць, то стануць чэмпіёнамі краіны. У іншым выпадку ўсё будзе залежыць ад выніку матчу ўроцлаўскага «Шлёнска» з «Ракавам» Чэнстаховай. «Ягелонія» двойчы станавілася віцэ-чэмпіёнам. Асабліва балючым стаў сезон 2016/2017, калі ў выніку не хапіла ўсяго двух ачкоў да перамогі ў чэмпіянаце. «Яга» выйграла толькі аднойчы ў апошніх трох матчах, а «Шлёнск» аформіў на гэтай дыстанцыі перамогі.

Кульбакоў шосты раз вырашыць фінал Кубка Беларусі па футболе

Футбалісты гарадзенскага «Нёмана» і «Іслачы» з Менскага раёна сустрэнуцца ў вырашальным паядынку 33-га розыгрышу Кубка Беларусі. Гульню, якая пройдзе на полі жодзінскага стадыёна «Тарпеда», будзе судзіць брыгада арбітраў на чале з гомельскім рэферы ФІФА Аляксеем Кульбаковым, для якога гэта будзе шосты кубкавы фінал. Яго асістэнтамі стануць менчук Дзмітрый Жук і Алег Маслянка з Берасця. Сустрэча пачнецца ў 19.00 і будзе трансліравацца ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 5». У паўфінале «Нёман» адолеў па суме дзвюх сустрэч менскае «Дынама» – 0:1 (у гасцях) і 2:0 (дома), а «Іслач» выбіла з турніру цяперашніх уладальнікаў Кубка футбалістаў жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» – 1: 0 (дома) і 1:1 (у гасцях). Для гарадзенскай каманды маючы адбыцца фінал будзе чацвёртым, у 1993 годзе ў паядынку з рэчыцкім «Ведрычам» яна заваявала пакуль свой адзіны Кубак краіны, а ў 2011 і 2014 гадах прайгравала вырашальныя матчы. «Ваўкі» другі раз згуляюць у фінале – у 2021 годзе яны саступілі трафей барысаўскаму БАТЭ. У вырашальнай сустрэчы мінулага сезона жодзінскія тарпедаўцы перамаглі БАТЭ з лікам 2:0. БАТЭ з’яўляецца пяціразовым пераможцам кубкавых турніраў, па тры трафеі ў актыве менскага «Дынама», салігорскага «Шахцёра», «Гомеля», бабруйскай «Белшыны» і берасцейскага «Дынама».

Аляксандр Глеб: «Хаві трэба было пакінуць у «Барселоне»

Экс-гулец «Барселоны» Аляксандр Глеб пракаментаваў інфармацыю аб сыходзе Хаві з пасады галоўнага трэнера каманды ў канцы сезона.
«З майго пункта гледжання, Хаві трэба было пакідаць. Але гэтае рашэнне клуба. Час пакажа, правільнае яно ці не. У «Барселоне» не так лёгка працаваць, таму што там заўсёды самыя высокія чаканні ад заўзятараў і кіраўніцтва. Гэта клуб, які заўжды змагаецца за самыя высокія месцы. Цяпер у камандзе ідзе змена пакалення, вельмі шмат моладзі ў камандзе. Несумненна, гэта станоўчы вопыт для Хаві. Ён прыйшоў у такі час, калі асноўныя гульцы сышлі з клуба. Яму давялося выбудоўваць зусім іншую каманду з маладых футбалістаў, і з імі ён змог стаць чэмпіёнам Іспаніі», – сказаў Глеб.

«Далас» мінімальна абыграў «Мінесоту» і павялічыў адрыў у серыі плэй-оф НБА

Ноччу прайшла гульня паўфінальнай серыі плей-оф НБА. «Далас» перамог з лікам 109:108 і падвоіў сваю перавагу ў серыі – 2-0.
Самым выніковым гульцом матчу стаў Лука Дончыч з «Даласа», які аформіў трыпл-дабл – 32 ачкі, 10 падбораў і 13 выніковых перадач.

«Рэйджэрс» абыграў «Фларыду» ў авертайме і зраўняў у паўфінальнай серыі Кубка Стэнлі

Таксама ноччу прайшоў чарговы паўфінальны матч кубка Стэнлі.
«Рэйджэрс» на сваёй арэне выйграў у «Фларыды» і зрабіў лік у серыі Кубка Стэнлі 1:1. Пераможную шайбу закінуў Барклай Гудроў.
У іншай паўфінальнай пары адносіны высвятляюць «Далас» і «Эдмантан»

Беларускае Радыё Рацыя