
Прайшлі матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі з удзелам беларускіх гульцоў.
Форвард «Калгары» Ягор Шаранговіч паспяхова вярнуўся ў асноўны склад каманды і адразу закінуў першую ў гэтым сезоне шайбу. Да таго ж яго каманда перарвала серыю паразаў і перамагла «Рэйнджэрс» з лікам 5:1.
Ягор правёў на лёдзе 16 хвілін 23 секунды.
За гэты час хакеіст закінуў шайбу. Ён згуляў на правым фланзе трэцяга звяна. На 32-й хвіліне Шаранговіч кінуў з лёту, Ігар Шасцёркін адбіў кідок, аднак затым уласнай пасткай пераправіў шайбу ў вароты. Акрамя гэтага Ягор зрабіў 2 кідкі ў створ варот, здзейсніў 1 страту і 1 сілавы прыём пры нейтральным паказчыку карыснасці.
Шаранговіч вярнуўся ў склад пасля 2 матчаў па-за трапленнем у заяўку. «Калгары» перапыніў 8-матчавую серыю паразаў.
Усяго ў Шаранговіча 8 матчаў і 1+1 па сістэме «гол+пас».
«Калгары» з 5 ачкамі замыкае турнірную табліцу НХЛ.
А вось «Чыкага Блэкхокс» Арцёма Леўшунова саступіла «Лос-Анджэлес Кінгз» з лікам 1:3.
Беларускі абаронца «чорных шкарпэтак» адгуляў 15 хвілін 23 секунды і не вызначыўся выніковымі дзеяннямі. У яго 1 кідок у створ варот, 2 страты, 1 сілавы прыём пры паказчыку карыснасці «-1».
Усяго ў сезоне ў Леўшунова 2 (0+2) балы ў 8 гульнях, пры паказчыку карыснасці «+3».
«Чыкага» з 10 ачкамі замыкае зону плэй-оф на 8-м месцы Заходняй канферэнцыі.
А таксама «Каларада» Іллі Салаўёва ў овертайме саступіла «Нью-Джэрсі» з лікам 3:4. Салаўёў на гульню заяўлены не быў.
У розыгрышы Першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе ўчора былі згуляныя заключныя два матчы 30 тура.
Гомельскі «Лакаматыў» згуляў унічыю 1:1 з «Нівай» з Долбізна.
А Зборная Беларусі да 19 гадоў перамагла «Астравец» з лікам 1:0.
Вынікі гэтых матчаў асаблівых зменаў у расклад камандаў, якія прэтэндуюць на паlвышэнне ў ранзе не прынеслі.
У польскай Экстракласе учора быў згуляны заключны матч 13 тура. Радамскі «Радамяк» згуляў унічыю 1:1 з плоцкай «Віслай».
Нагадаю, што днём раней беластоцкая «Ягелонія» на выездзе ў Забжэ саступіла свайму асноўнаму канкурэнту за першы радок турнірнай табліцы – «Гурніку» з лікам 1:2. Тады лік у гульні на 10 хвіліне адкрыў Хесус Імаз. Пасля «шахцёры» яго параўнялі. А на 87 хвіліне ў «ягелонцаў» здарыўся аўтагол – мяч у сваю браму галавою адправіў Поза.
Такім чынам «Гурнік» з 26 ачкамі часова ссунуў «Ягелонію» з першага радка, але ў беластачанаў 24 ачкі і маецца гульня ў запасе.
Акрамя гэтага глівіцкі «Пяст» Германа Баркоўскага саступіў на выездзе гдыньскай «Арцы» з лікам 1:2. Беларускі форвард выйшаў у аснове і быў заменены на 72 хвіліне.
А катовіцкі «ГКС» Іллі Шкурына перайграў 1:0 келецкую «Карону». Беларускі форвард «шахцёраў» выйшаў на 67 хвіліне пры ліку 0:0 і пры ім быў забіты пераможны гол.
«Пяст» пакуль з 7 ачкамі ідзе на апошнім 18 месцы. А «ГКС» з 14 пунктамі размясціўся на 15 месцы.
У працяг тэмы легіянераў – беларуская гандбалістка з румынскім грамадзянствам Марыя Скробіч (Канавал) дэбютавала за зборную Румыніі па гандболе.
Левая паўсярэдняя правяла першыя матчы за новую каманду 15 і 19 кастрычніка ў Кубку ЕГФ. У выніку румынкі саступілі нарвежкам (27:29) і абыгралі полек (34:29).
У першым матчы гандбалістка аформіла 2 галы пасля 2 спроб, у другім – рэалізавала адзіны кідок і атрымала двуххвіліннае выдаленне.
Да 2023 года паўсярэдняя выступала за Беларусь. На яе рахунку 31 матч і 45 галоў.
Адзначым, у траўні спартоўка выйшла замуж за балканскага гандбаліста Нёманью Скробіча.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






